Казакевіч: 2022-гі стаў для Беларусі годам палітычнай паўзы

Цяжка жадаць чагосьці, акрамя міру, гаворыць палітолаг. І ўсё будзе залежаць ад таго, якім будзе гэты мір.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што галоўная падзея, якая перакрыла сабой усе астатнія — вайна ва Украіне. Бо ўсё тое, што адбывалася як вакол, так і ўнутры Беларусі, так ці інакш было звязана з вайной, піша «Салідарнасць».
— На жаль, гэта і ёсць асноўны вынік года, — гаворыць палітолаг. — Саўдзел беларускіх уладаў у расійскай вайне супраць Украіны адбываўся ва ўсіх сферах. Пачынаючы з эканомікі, якая трапіла пад новыя, сапраўды жорсткія санкцыі. Ранейшыя знешнегандлёвыя сувязі былі фактычна разарваныя, і звыклае развіццё краіны стала немагчымым.
І калі ў мінулым годзе казалі пра «экспартны цуд», што забяспечыў эканамічны рост, то сёння Беларусь ужо мае глыбокую рэцэсію ў больш за 4%.
Таксама вайна вызначыла дынаміку знешняй палітыкі — яшчэ большую ізаляцыю Беларусі і яшчэ большы ўплыў Расіі. З лютага праца на міжнародных пляцоўках (ААН, АДКБ, СНД, ШОС) стала ўсё больш зводзіцца да агучвання і апраўдвання знешнепалітычнай лініі Масквы.
Асаблівых дасягненняў у развіцці двухбаковых адносін не назіралася не толькі на Захадзе, але і на Усходзе, а усе намаганні былі так ці інакш звязаныя з вайной і санкцыямі.
Асноўнымі тэндэнцыямі ўнутранай палітыкі стала «замарозка» палітычных змен, нават у фармаце, агучаным уладамі перад рэферэндумам па Канстытуцыі ў лютым-2022, а таксама працяг рэпрэсій і «зачыстка» палітычнай і грамадскай сферы ад апанентаў. Ход гэтых працэсаў таксама быў вызначаны вайной ва Украіне.
Калі казаць пра альтэрнатыўнае палітычнае поле, пра беларускія дэмакратычныя сілы — у іх дзейнасці таксама многія крокі перадвызначыла вайна ва Украіне. Так, ідэя Аб’яднанага пераходнага кабінета як сродку кансалідацыі розных апазіцыйных плыняў была агучана адразу пасля пачатку вайны — і калі б не было падзей ва Украіне, стварэнне гэтай структуры, на мой погляд, было б немагчымым.
Узнікненне палка Каліноўскага (іншых добраахвотных фарміраванняў), які ўсё часцей агучвае палітычныя пазіцыі, таксама ёсць вынікам падзей ва Украіне.
Калі вярнуцца да падзей унутры Беларусі, адзначае эксперт, за гэты год не адбылося вырашэння палітычнага крызісу і зняцця грамадскай напружанасці. Ні рэферэндум па Канстытуцыі, ні прасоўванне ў якасці новага органа «Усебеларускага народнага сходу» задачы па павышэнні легітымнасці не вырашылі, і ў пэўным сэнсе 2022 год стаў для Беларусі годам палітычнай паўзы.
— Палітычная сістэма знаходзіцца ў стане няўстолівасці і нявызначанасці. У тым сэнсе, што новы ўстойлівы баланс унутры кіруючых груп, а таксама паміж грамадствам і дзяржавай не дасягнуты. Ад гэтага — апора на ручное кіраванне і працяг палітыкі рэпрэсій і нацыянальнага расколу.
Улады не першы год абяцаюць перафарматаванне канстытуцыйнага ладу і замацаванне новага балансу сіл, але адбываюцца толькі нефармальныя змены, напрыклад, умацаванне сілавога блоку, іх устойлівасць пакуль невідавочная, і прагназаваць, што адбудзецца ў 2023-м, вельмі складана, — адзначае Андрэй Казакевіч. — Можна ўпэўнена сказаць, што на гэта вырашальны ўплыў будуць мець падзеі па-за межамі краіны.
Развіцце і ўнутры- і знешнепалітычнага вектару сёння значна менш залежыць ад таго, што адбываецца ўласна ў Беларусі, і ў тым ліку ад таго, што робіць ці гаворыць Аляксандр Лукашэнка. Далейшыя сцэнары развіцця краіны завязаныя на канфлікт Расіі з Захадам, канфлікт Украіны з Расіяй і ўсё, што з гэтага выцякае.
А таму, кажа эксперт, жадаючы адно аднаму ў наступным годзе міру, важна мець на ўвазе, якім ён будзе:
— Цяжка нешта жадаць, акрамя міру. Але далейшая будучыня наўпрост залежыць ад таго, якім будзе гэты мір. Ці прывядзе ён да дээскалацыі ў рэгіёне, ці паўплывае на палітычныя змены ўнутры Расіі, ці пачне яна адмаўляцца ад імперскай палітыкі — а гэта будзе азначаць меншую падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і, адпаведна, адкрые перспектывы да ўнутрыпалітычных змен у нашай краіне.
Ну, а калі мір будзе на ўмовах Масквы — то, канечне, нас чакае зусім іншая дынаміка. І тады вельмі складана будзе чакаць акна магчымасцей для Беларусі, яе суверэнітэту і самастойнага развіцця, тым больш дэмакратычнага.
Таму хацелася б пажадаць нам усім такога міру, які б спыніў расійскую імперскую палітыку і прыадчыніў для беларусаў акно магчымасцей для незалежнага і дэмакратычнага развіцця.