Ганна Янкута: Кожная кніга, якая з'яўляецца ў такія змрочныя часы, — маленькая перамога

Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута падводзіць літаратурныя вынікі года для партала «Будзьма». І, нягледзячы на не самыя спрыяльныя часы, беларускай літаратуры ёсць чым пахваліцца.

Ганна Янкута. Фота: facebook.com

Ганна Янкута. Фота: facebook.com

2022 год у Беларусі можна назваць якім заўгодна, толькі не літаратурным. Асабліва гэтае ўражанне ўзмацняецца, калі прачытаць суб'ектыўныя літаратурныя вынікі 2022 года, апублікаваныя ў адным з беларускіх медыя. Адзначыўшы шэраг надзвычай цікавых і важных трэндаў, аўтар таго падсумавання амаль не згадаў кніг, якія, нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды, усё ж працягвалі сёлета выходзіць. І мне хочацца запоўніць гэтую лакуну, прапанаваўшы яшчэ адзін, не менш суб'ектыўны погляд на тое, чым у беларускім літаратурным жыцці адзначыўся 2022 год.

Калісьці ў пачатку 2010-х я рыхтавала для часопіса «ПрайдзіСвет» агляды перакладных выданняў і публікацый, якія выйшлі за год, — у тыя часы гэта можна было зрабіць у межах аднаго невялікага артыкула. Далейшыя поспехі беларускага кнігавыдання прымусілі мяне адмовіцца ад такога падыходу: кніг, нават перакладных, рабілася ўсё больш, і гэта прымусіла мяне паверыць, што гадавыя агляды засталіся ў мінулым. Сёлета я зноў бяруся за гэты фармат, перадусім таму, што хачу яшчэ раз нагадаць: кожная кніга, якая з'яўляецца ў такія змрочныя часы, — гэта маленькая перамога ў змаганні з маўчаннем, да якога нас спрабуюць змусіць, і крок да таго, каб захаваць сябе.

Новыя беларускія калядныя гісторыі

Пачну з самага свежага і святочнага: зусім нядаўна з’явіліся дзве беларускія калядныя гісторыі: «Мышыныя Каляды»Антона Францішка Брыля з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч і «Як Святога Міколу забаранялі»Наталкі Харытанюк з ілюстрацыямі Лізаветы Ганчаровай, якая летась выйшла ў электронным выглядзе, а сёлета — і на паперы, прычым папяровая версія ўжо нават распрадалася (што праўда, наклад быў невялікі і разышоўся перадусім па перадзамове).

1_643.jpg

Гэтыя кнігі вельмі розныя і ўсё ж у нечым падобныя сваёй жыццесцвярджальнасцю і абяцаннем радасці — прынамсі для чытачоў, якія возьмуць іх у рукі. Жанр каляднай гісторыі — у значнай ступені камерцыйны, разлічаны на вялікія перадсвяточныя продажы, і з'яўленне такіх кніг па-беларуску, магчыма, сведчыць, пра тое, што беларуская літаратура ўжо пачала прывыкаць да рынку і не адмаўляецца ад адпаведных мадэляў нават у цяперашняй сітуацыі.

Алесь Бяляцкі і Ані Эрно

Адным з лаўрэатаў сёлетняй Нобелеўскай прэміі міру зрабіўся Алесь Бяляцкі (разам з украінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял»), і гэтая падзея мае таксама літаратурнае вымярэнне. Да цырымоніі ўручэння прэміі Беларускі ПЭН паспеў падрыхтаваць кнігу «Алесь Бяляцкі», якая змяшчае ўспаміны нобелеўскага лаўрэата, фрагменты яго выступаў, лістоў і інтэрв'ю, а таксама рэфлексіі яго паплечнікаў.

2_596.jpg


А вось нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры зрабілася французская пісьменніца Ані Эрно, і хаця беларускі пераклад яе рамана «Падзея», зроблены Уладзіславам Гарбацкім, выйшаў у 2021 годзе, напоўніцу ён прагучаў менавіта сёлета.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Беларускія выдавецтвы страцілі магчымасць працаваць

У 2022-м многія незалежныя беларускія выдавецтвы страцілі магчымасць працаваць і выдаваць кнігі: «Кнігазбор», «Медысонт», «Лімарыус», «Галіяфы», больш нічога ў Беларусі не публікуе выдавецтва «Янушкевіч». Адпаведна, істотна зменшылася колькасць новых выданняў па-беларуску. Але «Кнігазбор», напрыклад, паспеў надрукаваць кнігу Надзеі Ясмінскай «Кусь-Кусяндра» з ілюстрацыямі Святланы Міхалап, а «Галіяфы» — кнігу «Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» Наталлі Станкевіч (пераклад з рускай Паўла Касцюкевіча) з ілюстрацыямі Настассі Арайс, якія можна знайсці ў беларускіх кнігарнях ці інтэрнэт-кнігарнях.

3_533.jpg

Беларускія выдавецтвы і беларускія кнігі ў замежжы

Затое павялічваецца колькасць беларускіх выдавецтваў, якія публікуюць кнігі за мяжой Беларусі. У Польшчу перабралася выдавецтва «Янушкевіч», якое, апроч згаданых вышэй «Мышыных Калядаў», сёлета надрукавала раман «Дарога»Кормака Макарці ў перакладзе Сержа Мядзведзева і кнігу Паўла Валатовіча і Аляксея Кавалёва«От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых».

4_498.png

У Лондане створанае выдавецтва «Skaryna Press». Таксама за мяжой з'яўляецца ўсё больш пляцовак, дзе можна набыць кнігі па-беларуску. Напрыклад, у Варшаве гэта Беларускі моладзевы хаб (пл. Канстытуцыі 6). Купіць беларускія кнігі ў Польшчы можна таксама на платформе інтэрнэт-гандлю allegro.pl і ў інтэрнэт-краме Kamunikat.org.

Празаічныя навінкі 2022

З сёлетніх празаічных навінак я пакуль прачытала толькі раман Сцяпана Стурэйкі«Пасажыры карабля Тэсея», які выдавецтва «Янушкевіч» паспела надрукаваць у Беларусі да закрыцця кнігарні «Кнігаўка». Творы ў кнізе яднае тэма гісторыі, увасобленай у матэрыяльных аб'ектах, перадусім у будынках гістарычных помнікаў, і аўтар даследуе, наколькі трывалай з'яўляецца памяць, увасабленнем якой служаць гэтыя помнікі, і наколькі захаванне/руйнаванне помнікаў мяняе звязаныя з імі супольнасці. Таксама да мяне ўжо ляціць замоўленая ў выдавецтве «Skaryna Press» новая кніга Уладзіслава Гарбацкага «Mercks Graz!» пра падарожжа ў часе і каханне падчас чумы, а на камп'ютары чакае свайго часу спампаваная кніга Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага». У межах лабараторыі фемінісцкага пісьма сёлета выйшла дзвюхмоўная кніга «Расцяжэнне» — зборнік твораў пра боль, напісаных беларускімі жанчынамі, транс- і небінарнымі людзьмі.

5_461.jpg

У выдавецтве Рамана Цымберава з’явілася кніга, якая мне, на жаль, у рукі яшчэ не трапіла, але пра якую сёлета шмат гавораць і пішуць: «Шэпт»Сяргея Лескеця пра свет беларускай вясковай магіі.

6_338.jpg

Навінкі рускамоўнай беларускай прозы

З сёлетняй рускамоўнай беларускай прозы было немагчыма прапусціць зборнік турэмных апавяданняў пісьменніка, адваката і палітзняволенага Максіма Знака «Зэкамерон». Гэтая кніга ёсць ужо і ў беларускім перакладзе, які выйшаў у праваабарончай серыі «Беларуская турэмная літаратура», і выдаўцы абяцаюць, што неўзабаве будзе даступны бясплатны pdf для спампоўвання. А пакуль асобныя апавяданні можна пачытаць па-руску. Яшчэ адна рускамоўная навінка — раман «Кремулятор» Сашы Філіпенкі.

7_241.jpg

Навінкі паэзіі

Паэзіі ў 2022 годзе выйшла, бадай, больш, чым прозы. У выдавецтве «Ве́сна» — зборнікі Юлі Цімафеевай«Воўчыя ягады», Альгерда Бахарэвіча«Вершы» і Таццяны Сапач«Гаспадыня восеньскага дому».

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

У выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм» — зборнікі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» і «Yesмамочка» Тані Скарынкінай (прадаюцца ў мінскіх кнігарнях). Яшчэ адна кніга Юлі Цімафеевай«Мінск. Горад, якога мне не стае» з’явілася ў нямецкім выдавецтве «Edition Frölich» па-беларуску і ў нямецкім перакладзе.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Марыя Мартысевіч выдала кнігу «Водападзел» у варшаўскіх «Polackich Labiryntach». У Ганны Комар выйшла кніга «Мы вернемся». Наста Кудасава прадставіла на Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве зборнік вершаў «Побач» з ілюстрацыямі Святланы Дземідовіч (выдавец Раман Цымбераў). Хм, нешта мне здаецца, што ў гэтага спіса ёсць адна цікавая гендарная асаблівасць.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Асобны пункт

Асобным пунктам хочацца вынесці «Анталогію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт», якую выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» надрукавала пакуль толькі невялікім накладам: кніга прэзентавалася ў Берліне і трапіла хіба што да аўтарак і невялікага кола чытачоў. Аднак спадзяюся, што кніга выйдзе большым накладам, і яе змогуць набыць усе ахвочыя.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Анлайн-часопісу «Таўбін» — год

Увесь год арыгінальная і перакладная паэзія намаганнямі Крысціны Бандурынай і Артура Камароўскага публікавалася ў анлайн-часопісе «Таўбін», якому зусім нядаўна споўніўся год. Гэта сапраўды вельмі важны зрэз таго, што пішацца сёння. Асабліва хочацца адзначыць пераклады ўкраінскай паэзіі, якія публікуюцца ў раздзеле «Make poetry, not war», і вялікую публікацыю расстралянай беларускай і ўкраінскай паэзіі да гадавіны «чорнай ночы» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года «Забітыя, але не забытыя». Таксама ў часопісе рэгулярна выходзяць інтэрв'ю з паэтамі/паэткамі і пра паэзію, якія робяць Крысціна Бандурына і Артур Камароўскі.

Уласны праект

Хачу пахваліцца і ўласным праектам. Кніга «Геалогія: вершы, напісаныя ў музеі» (прадаецца ў мінскіх кнігарнях) з'явілася ў выдавецтве Змітра Коласа ў Мінску, а яе сястра-блізнятка «Канстытуцыя» — у беластоцкім выдавецтве Kamunikat.org. Выдаючы кнігу па абодва бакі мяжы, я хацела ў тым ліку вырашыць праблему яе даступнасці ў розных краінах, дзе цяпер жывуць беларусы, а таксама даследаваць такую з’яву, як самацэнзура.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Перавыданні

З перавыданняў, якія сёлета добра прагучалі, можна згадаць грунтоўны том «(Не)расстраляныя» і творыУладзіміра Арлова, выдадзеныя Kamunikat.org, а таксама раманы Альгерда Бахарэвіча«Сабакі Еўропы» і «Апошняя кніга пана А.», якія з’явіліся ў пражскім выдавецтве «Весна».

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Таксама выдавецтва «Весна» выдала некалькі кніг у перакладзе Сяргея Шупы: «Песня песняў» з каментарамі Галіны Сінілы, «Ферма жывёлаў» Джорджа Оруэла і ўсе вершы і паэмы Мойшэ Кульбака (у акадэмічным, гэта значыць, даслоўным нерыфмаваным перакладзе). Таксама вершы Кульбака выйшлі асобнай кнігай на ідышы, але ў лацінскай транскрыпцыі. А вось рыфмаваны пераклад фрагментаў кульбакаўскай паэмы «Беларусь», падрыхтаваны Андрэем Хадановічам, можна зайсці ў часопісе «Таўбін».

11_118.jpg

У серыі «Паэты планеты» Змітра Коласа працягваюць актыўна выходзіць новыя зборнікі перакладной паэзіі: Паўла Цэлана (пер. з нямецкай Юлі Цімафеевай), Максіма Багдановіча (пер. рускамоўных вершаў Андрэя Хадановіча), Багдана Ігара Антоныча (пер. з украінскай Веры Бурлак, Георгія Ліхтаровіча, Марыі Мартысевіч, Алены Пятровіч), Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай (пераклад з польскай мой), Поля-Мары Верлена (пер. з французскай Максіма Багдановіча, Лявона Баршчэўскага, Леаніда Дранько-Майсюка, Андрэя Хадановіча), Антоніі Поццы (пер. з італьянскай Аксаны Данільчык), Івана Буніна (пер. з рускай Георгія Ліхтаровіча), Валадыміра Сасюры (пер. з украінскай Георгія Ліхтаровіча). Найбольш паэтычных перакладаў выдаў сёлета ў «Паэтах планеты» Лявон Баршчэўскі: Сальваторэ Квазімада, Рой Кэмпбэл, Нэлі Закс, Герыт Ахтэрберг і Нагапет Кучак. Таксама ў серыі выйшаў зборнік вершаў Язэпа Пушчы. Усе кнігі даступныя ў беларускіх кнігарнях. Апроч гэтага, да друку падрыхтаваны зборнік вершаў габрэйска-польскага паэта Уладыслава Шленгеля ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай. Да пачатку Другой сусветнай вайны Шленгель пісаў песні для варшаўскіх тэатраў-кабарэ, а трапіўшы ў варшаўскае гета, зрабіўся хранікёрам і песняром яго вусцішнага штодзённага жыцця.

Яшчэ выдавец Зміцер Колас працягнуў выдаваць збор твораў Франца Кафкі ў перакладзе Лявона Баршчэўскага (сёлета выйшлі т. 3 «Замак» і т. 4 «Зніклы») і серыю пра мумі-троляў Тувэ Янсан у перакладзе Алесі Башарымавай: «Чарадзейная зіма» і «У канцы лістапада». А ў выдавецтве «Тэхналогіі» выйшла трэцяя, заключная частка старажытнаісландскага эпасу «Эда» — «Песня пра герояў» у перакладзе Яўгена Папакуля. Шукайце ў беларускіх кнігарнях!

Новыя выдавецтвы далучаюцца да перакладаў

Да публікацыі перакладаў па-беларуску далучыліся новыя выдавецтвы. Так, у Мінску з’явілася першае перакладное выданне выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм» — аповесць «Жанчына на нулявым пункце» егіпецкай пісьменніцы Наваль Саадаві (пераклад з арабскай мовы — Аляксандра Дзмітранок), а ў выдавецтве «Skaryna Press» выйшлі «Бейруцкія апавяданні» Агатангела Крымскага (пераклад з украінскай мовы — Уладзіслаў Гарбацкі). У Літве была надрукаваная кніга ўспамінаў Далі Грынкявічутэ пра савецкія лагеры «Літоўцы на моры Лапцевых» у перакладзе Ванды Марцінш душ Рэйш.

Фота Крысціны Бандурынай

Фота Крысціны Бандурынай

Выдавец Раман Цымбераў і перакладчык Ігар Крэбс выпусцілі дзве новыя кнігі ў серыі «Гебраістыка Беларусі»: «Габрэйскія мелодыі»Генрыха Гайнэ, іранічны і ўзнёслы цыкл вершаў нямецкага класіка, прысвечаны габрэйскай тэматыцы, з прадмовай і каментарамі Галіны Сініла і «Старую новую зямлю»Тэадора Герцля, утапічны раман, у якім прапануецца падыход да рацыянальнага і абачлівага выбудоўвання дзяржавы і які ў свой час натхніў людзей на стварэнне Ізраіля.

13_84.jpg

Беларуская класіка і пераклады выдавецтва «Папуры»

Як беларускую класіку, так і пераклады сучасных аўтараў (перадусім, дзіцячых) на беларускую мову працягвае выдаваць «Папуры». Сёлета яны надрукавалі шыкоўных «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра і «Новую зямлю» Якуба Коласа з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч. А нядаўна ў іх выйшла кніга Сюзаны Ізэрн «Ідэальны момант» у перакладзе Дар’і Вашкевіч. Кнігі выдавецтва можна знайсці ў беларускіх кнігарнях, а за мяжой — на сайтах alfavit.eu ці allegro.pl.

Навінкі ад выдавецтва «Тэхналогія»

У выдавецтве «Тэхналогія» выйшла кніга вершаў для дзяцей «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў», якую напісаў пісьменнік, журналіст і палітвязень Андрэй Скурко (мастак Р. Гарошка), а таксама кніга «Неверагодны свет. Дзіцячыя загадкі-рыфмаванкі на беларускай мове»Юрыя Несцярэнкі.

14_81.jpg

«Вам дапаможа КВА»

Працягваю хваліцца сваёй працай: разам з камандай «Экапартнёрства» і ілюстратаркай Ліліі Давыдоўскай мы падрыхтавалі экалагічную казку для дзяцей «Вам дапаможа КВА» пра беражлівае стаўленне да вады. Да нядаўняга часу яна была дасяжная толькі ў выглядзе pdf для бясплатнага спампоўвання ці ў выглядзе аўдыёкнігі на «Кніжным возе», а цяпер у Польшчы з’явіўся яшчэ і невялікі наклад на паперы.

15_66.jpg

Аўдыёкнігі па-беларуску

У 2022 годзе надзвычай актыўна выходзілі аўдыякнігі па-беларуску. І гэта не дзіўна: калі беларусаў раскідала па ўсім свеце, аўдыяфармат — гэта адно з добрых рашэнняў, як зрабіць кнігу даступнай нягледзячы на межы. Сёлета з’явіўся агрэгатар беларускіх аўдыякніг audiobooks.by, дзе можна знайсці спасылкі на ўсе агучкі, якія ёсць па-беларуску. Агучваннем літаратуры для дарослых займаюцца каманды Audiobooks.by і Kamunikat.org, а аўдыёкніг для дзяцей (і не толькі для іх) — «Кніжны воз». А нядаўна «Кніжны воз» пачаў публікаваць серыю калядных аўдыёкніг.

Відэаматэрыялы, прысвечаныя літаратуры

З'яўляліся сёлета і новыя беларускія відэаматэрыялы, прысвечаныя літаратуры. Згадаю тут толькі тры каналы, за якімі сачыла. Цэлы год лекцыі пра беларускую і замежную літаратуру чытае на youtube Андрэй Хадановіч, канал так і называецца: ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ. Самая свежая лекцыя, дарэчы, таксама прысвечаная калядным кнігам. Відэа пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі можна знайсці на канале «Przestrzeń Kultury Polskiej», у тым ліку лекцыі і прэзентацыі, падрыхтаваныя да Месяца польскай літаратуры. А на канале Беларускага калегіума рэгулярна з'яўляюцца лекцыі, прысвечаныя беларускай культуры, і гутаркі з беларускімі творцамі, якія выдалі сёлета сваю кнігу ці пераклад.

Пераклады з беларускай на замежныя мовы

У 2022 годзе выйшаў шэраг перакладаў з беларускай на замежныя мовы, але паколькі я іх спецыяльна не адсочвала, згадаю тут толькі праект «FreeAllWords» — старонку, дзе размяшчаюцца творы беларускіх і ўкраінскіх аўтараў у перакладах на еўрапейскія мовы. Нядаўна там, напрыклад, з’явілася некалькі нататак Алеся Бяляцкага — у арыгінале, а таксама па-дацку, па-англійску, па-іспанску, па-венгерску, па-французску, па-літоўску, па-румынску і па-фінску.

Няма сумненняў, што гэта далёка не ўсе кнігі і літаратурныя праекты, якія пабачылі свет у 2022 годзе, — гэта толькі тое, што трапіла ў маё поле зроку і што не давала страціць надзею. Спадзяваюся, наступны год прынясе нам нашмат больш добрых навін, кніжных і не толькі, і беларуская літаратура зможа з большай упэўненасцю глядзець у будучыню.