Першы тэкст французскай жывой класікі па-беларуску: выйшаў раман «Падзея» Ані Эрно

У Вільні ў выдавецтве Gudų Kultūros Draugija Lietuvoje (Таварыства беларускай культуры ў Лeтуве) пры падтрымцы Цэнтра гендарных даследаванняў ЕГУ і Літаратурнай рэзідэнцыі Граца (Аўстрыя) выйшаў у свет пераклад рамана «Падзея» францускай пісьменніцы Ані Эрно. Гэта першы тэкст французскай жывой літаратурнай класікіні, даступны па-беларуску.

Ані Эрно

Ані Эрно

Сёлета пісьменніцы споўніўся 81 год. Асноўная частка твораў Ані Эрно напісана на аснове аўтабіяграфічнага матэрыялу ў сацыялягічным стылі. Пад гэтым стылем варта разумець рэвізію панятку аўтабіяграфіі, у якой інтымнае, прыватнае заўсёды ахоплівае і выкрывае сацыяльны кантэкст, сацыяльную гісторыю. А. Эрно часта кажа пра тое, што ў індывідуальнай памяці месціцца і калектыўная памяць, а таму важна пісаць пра свой індывідуальны досвед, каб калектыўная памяць не ператварылася ў недатыкальную і сакральную памяць.
У творах пісьменніцы ўсюды бачыцца гэты аўтабіяграфічны ці сацыялагічны стыль: у раманах «Месца», «Сорам» у цэнтры паўстае тэма сацыяльнага росту яе бацькоў, у рамане «Здранцвелая жанчына» яна распавядае пра сваё замужжа, у раманах «Занятак» і «Простая жарсць» яна піша пра свае каханні, у рамане «Падзея» аўтарка раскрывае тэму спарону (lat. sporon — аборт. — НЧ), які яна зрабіла.

francuskaja_vokladka_knihi_padzeja_ani_erno.jpg

Французская вокладка рамана «Падзея»
Два асобныя тэксты яна прысвяціла сваёй маці — у рамане «Я так і не выйшла з сваёй начы» аўтарка закранае праблему хваробы Альцгеймера, на якую захварэла маці, а ў тэксце «Кабета» апісала яе смерць. Зрэшты, у рамане «Выкарыстанне фота» А. Эрно распавяла пра тое, як яна перажыла рак грудзей. Падаецца, простая і цікавая цытата з раману «Гады» цудоўна рэзюмуе як усю творчасць пісьменніцы, так і асноўную прычыну, па якой яна піша: «Захаваць што-небудзь з тых часоў, якія мы пакінулі навечна».

annie_ernaux1.jpg

Ані Эрно
Ані Эрно з'яўляецца адной з самых папулярных ва ўніверсітэцкіх колах пісьменніцай — яе тэксты аналізуюцца, даследуюцца, на ўсе яе раманы напісаныя і абароненыя сотні дысертацыяў па сацыялогіі і літаратуры. Да ўсяго яна застаецца мэтрэсай французскай літаратуры, хоць крытыкі часта і кідаюць у яе бок воклічы накшталт «агітатарка» і «мізэрабілістка», то-бок тая, хто апісвае ўсё змрочана і безвыходна.
Яна не хавае сваіх інтэлектуальных і палітычных левых і фемінісцкіх поглядаў, яна часта падкрэслівае свае арыенціры — Сімона дэ Бавуар, П’ер Бурд’ё, Жан-Люк Мэленшон. У 2018 годзе пісьменніца актыўна падтрымала рух «жоўтыя камізэлькі» і падпісала разам з іншымі 1400 публічнымі асобамі ў сферы культуры ліст у газеце «Libération» у падтрымку руху. У 2020 годзе яна зноў крытыкуе ўлады ў зачытаным на радыё «France Inter» адрытым лісце прэзідэнту Э. Макрону, у якім абвінавачвае яго ў стварэнні новых сацыяльных бар’ераў у французскім грамадстве і, па сутнасці, у расколе грамадства.

Беларуская вокладка рамана «Падзея»

Беларуская вокладка рамана «Падзея»


Беларускае чытацтва ўпершыню пазнаёміцца з творчасцю пісьменніцы. Увазе чытачак і чытачоў прапаноўваецца раман «Падзея» («L'Événement»), напісаны ў 1999 годзе і прысвечаны балючай тэме спарону, які пісьменніца ажыццявіла трыццаць шэсць год таму ў Францыі, калі там яшчэ былі забароненыя аборты. Акрамя складанай псіхалагічнай асабістай сітуацыі, у творы паўстае агульная карціна тагачаснай сацыяльна-палітычнай Францыі, якая не вырашала праблемы, а проста яе замарожвала. Твор дасюль актуальны і важны, напрыклад, на фоне забароны спаронаў зусім побач — у Польшчы ці іншых кутках свету. У самой назве рамана хаваецца значнае сацыяльнае пасланне: гэта не проста нейкая асабістая дзея і пакута адной жанчыны, гэта схаваная вялікая падзея, якая ўрэшце выбухнула моцным супрацівам і вылілася ў сапраўдную палітычную падзею.
Таксама варта пазначыць, што Ані Эрно актыўна сочыць за падзеямі ў Беларусі і ўсім сэрцам салідарная з беларусамі, асабліва беларускамі ў белым, якімі яна моўчкі захапляецца.
Зрэшты, многія тэксты пісьменніцы экранізаваныя. Дарэчы, раман «Падзея», які цяпер даступны па-беларуску, быў зусім нядаўна экранізаваны французскай рэжысёркай Адрэ Дзіван і да ўсяго ўганараваны «Залатым львом» на 78-м Венецыянскім кінафестывалі ў верасні. Таму мажліва будзе не толькі прачытаць тэкст, але і азнаёміцца з кінематаграфічнай версіяй твору.

Афіша экранізацыі «Падзеі»

Афіша экранізацыі «Падзеі»


Ад рэдакцыі
Наш аўтар Уладзіслаў Гарбацкі сціпла змаўчаў пра тое, што менавіта ён з'яўляецца перакладчыкам рамана Ані Эрно «Падзея» на беларускую мову. Шчыра віншуем нашага калегу і зычым плёну ў далейшай працы адкрывання пярлін сусветнага мастацтва для беларускай публікі!