«63 паэткі — дзе вы столькі знайшлі?» У Берліне прэзентавалі адну з першых кніг пра паэзію беларусак

Анталогія выйшла пад патранажам выдавецкай ініцыятывы, заснаванай нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.

img_8710_2_logo.jpg


«Ва ўсіх у нас толькі і надзеі, што калі-небудзь шэрыя раўчукі нашай хлусні зліюцца ў адну вялікую праўду», — чытае са сцэны Ліна Казакова. Яна — адна з 63 беларускіх паэтак, чые вершы ўвайшлі ў першую беларускую «Анталогію паэтак». Кніга выйшла пад патранажам выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм», заснаванай Святланай Алексіевіч, 19 чэрвеня яе прэзентавалі ў Берлінскай акадэміі мастацтваў. Як гэта было і чым жывуць беларускія паэткі — у матэрыяле «DW».

Выдавецкая ініцыятыва падтрымлівае толькі жанчын

Аб 11-й раніцы ў Берліне — амаль +30. Нягледзячы на спякоту, пазнаёміцца з беларускімі паэткамі і іх паэзіяй прыйшлі дзясяткі людзей: свабодных месцаў у вялікай зале Акадэміі мастацтваў заставалася няшмат.
«Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт» — гэта адно з першых выданняў беларускай жаночай паэзіі, у яго ўвайшлі творы 63 паэтак. «Дзе вы так шмат знайшлі?» — аднойчы спыталі Алену Казлову, пісьменніцу, перакладчыцу і галоўную рэдактарку выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». А гэта далёка не ўсе, распавядае яна падчас прэзентацыі.
Падтрымка беларускіх пісьменніц і паэтак — адна з галоўных задач ініцыятывы «Пфляўмбаўм». У 2019 годзе яе заснавала нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч. Некалькі разоў ініцыятыва спрабавала атрымаць ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць у Беларусі, але беспаспяхова. «У 2020-м мы перасталі нават спрабаваць: стала зразумела, што гэта толькі крадзе нашы сілы», — расказвае Алена Казлова. Сёння «Пфляўмбаўм» працуе ў партнёрстве з іншымі выдавецтвамі, але і гэтае супрацоўніцтва цяпер пад пагрозай: рэпрэсіі дацягнуліся і да іх. «Крохкая экасістэма бурыцца», — гаворыць пра стан беларускага незалежнага кнігавыдавецтва Алена.


«Людзі стаялі ў вялізных чэргах не па каўбасу — па кнігі»

«У апошнія гады стала з'яўляцца шмат новага, але тэрор нас накрыў. Пачалі з праваабаронцаў, потым закрылі СМІ. Выдаўцоў нейкі час не чапалі — ні ў 2020-м, ні ў 2021-м, — расказвае нямецкай публіцы Алена Казлова. — Але рэпрэсіўная машына працуе, ёй трэба знаходзіць ворагаў. Цяпер гэтыя ворагі — выдаўцы кніг. Мабыць, быў нейкі загад, таму што спачатку адабралі ліцэнзіі ў двух выдавецтваў, потым яшчэ ў некалькіх. У тым ліку ў "Медысонта", разам з якім мы выдалі адну з кніг».
Больш за месяц таму сілавікі арыштавалі Андрэя Янушкевіча  аднаго з найбліжэйшых партнёраў «Пфляўмбаўм», кажа Казлова. Спярша яго папрасілі вызваліць офіс, у якім выдавецтва працавала шмат гадоў. Выдавецтва пераехала, «але намёку не зразумела».

Лагатып кнігарні «Кнігаўка». якую збіралася адкрыць выдавецтва «Янушкевіч»

Лагатып кнігарні «Кнігаўка». якую збіралася адкрыць выдавецтва «Янушкевіч»


«Замест таго, каб спалохацца і спыніць сваю дзейнасць, яно абвясціла распродаж. Тры дні запар людзі стаялі ў вялізных чэргах, каб купіць кнігі на беларускай мове. Не па каўбасу, не па хлеб, не па ікру — па кнігі. А потым Андрэй вырашыў адкрыць кнігарню. Гэта павінна было адбыцца 16 траўня. Але замест гэтага Андрэя Янушкевіча арыштавалі (ён выйшаў на волю праз 28 дзён. — Заўв. рэд.)».
Усё, што адбываецца ў Беларусі, Алена параўноўвае з ўяўнымі бомбамі, якія разрываюцца побач з ёю. Нягледзячы на гэта, выдавецкая ініцыятыва працягвае працаваць. «Мы падышлі да кропкі, калі наша дзейнасць аказалася пад пагрозай. І трэба шукаць іншыя шляхі працы. Тады, у 2020-м, мы іх знайшлі. Не хочацца спыняцца, таму што калі гэта адбудзецца, гэта канец для нас», — кажа Алена Казлова, і яе выступ праводзяць працяглымі апладысментамі.

«Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, выклікае немату»

Апладысментамі публіка сустракае яшчэ шасцярых беларускіх паэтак: Насту Манцэвіч, Сабіну Брыло, Марыю Бадзей, Ліну Казакову, Таню Скарынкіну, Крысціну Бандурыну. На сустрэчы з імі павінна была прысутнічаць нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, але не прыйшла.

Алена Казлова, Марыя Бадзей і Крысціна Бандурына на прэзентацыі «Анталогіі паэтак». Фота: dw.com

Алена Казлова, Марыя Бадзей і Крысціна Бандурына на прэзентацыі «Анталогіі паэтак». Фота: dw.com


Многія вершы, якія паэткі чытаюць гледачам, гучаць так, быццам напісаныя пасля падзей 2020 года. «Не, раней, — адказваюць яны. — Проста тое, што звычайна ўспрымаецца як метафара гвалту або вайны, ва Усходняй Еўропе становіцца рэальнасцю».
«Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, выклікае ў мяне немату», — кажа паэтка Марыя Бадзей. Твораў на сацыяльныя тэмы яна не піша. Важнай тэмай для яе заўсёды была Заходняя Беларусь. «Большасць маіх тэкстаў — пра гісторыю вёскі, дзе я вырасла. Для мяне гэта спроба працаваць з памяццю, паказваць не толькі боль, які яна перажыла за апошнія сто гадоў, але і яе прыгажосць. Космас беларускай вёскі ў 20-м стагоддзі быў разбураны дастаткова моцна, рэзка, з вялікім гвалтам, — расказвае Бадзей. — Цяпер важна ўхапіць, зафіксаваць і запомніць працэс дажывання беларускай вёскі».
Ліна Казакова жыве ў ЗША. Кажа, што ёй цяжка даецца эміграцыя, у якую праз падзеі 2020 года патрапілі многія беларускія пісьменнікі, у тым ліку Святлана Алексіевіч. «Я адношуся да тых людзей, якім "і на радзіме Радзімы мала". Пішучаму чалавеку, якога сілкуюць вуліцы, дрэвы, паркі канкрэтнага месца, з'ехаць вельмі складана. Як магчыма жыць і пісаць вершы, калі ты паэт тапонімаў? Калі ты жывеш у месцы, у якім не нарадзіўся або ў якім не кахаў, яно не дае псіхалагічнай працы, патрэбнай паэтцы ці пісьменніцы».
Гвалт — важная тэма ў творчасці Крысціны Бандурынай і яе асабістым досведзе, якая таксама выступіла падчас прэзентацыі. «Я стараюся не маркіраваць гвалт толькі як мужчынскі. Так ці інакш ён уласцівы нам усім. Але я не магу пазбегнуць таго, каб маркіраваць палітычны гвалт па гендарнай прыкмеце. Магчыма, гэта стэрэатып, што яшчэ ні адна жанчына не пачала вайну. Палітычны гвалт для мяне ў першую чаргу мужчынскі. І яго складана аддзяліць ад гісторыі хатняга гвалту. Сям'я — гэта мікрамадэль грамадства. Тое, што мы выбудоўваем унутры сям'і, пасля перарастае ў мадэль ўсяго грамадства. Гэтую "мадэль" мы будавалі больш за 30 гадоў. Думаю, не хопіць нашых уласных жыццяў, каб назаўжды сказаць гэтаму слова "хопіць"».