Беларусы стаяць сёння ў чэргах па кнігі (фотафакт)
У Мінску беларусы ўтварылі чэргі не толькі па паперы з апастылем. Вялікая чарга па кнігі сабралася ля офіса выдавецтва «Янушкевіч», якое «папрасілі» вызваліць памяшканні на працягу трох дзён.
Нагадаем, сёння стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» высяляюць з мінскага офіса.
«Нас "папрасілі" вызваліць офіс на Мар'еўскай, 7А цягам бліжэйшых трох дзён. Прычын, зразумела, нам не тлумачаць, прыкрываючыся таямнічай "острой необходімостью" ў нашых утульных кабінетах», — паведаміла выдавецтва ў сваім тэлеграм-канале.
Выдавецтва таксама звярнулася да чытачоў, бо паўстала найважнейшая праблема — куды падзець кнігі з офіса.
«Янушкевіч» абвясціла пра распродаж з 20% зніжкай кніг, якія знаходзяцца на Мар'еўскай 7А. «Ёсць амаль увесь асартымент, прыходзьце, калі ласка, на месцы мы будзем рабіць зніжку. Наш адрас, які неўзабаве знікне: г. Мінск, вул. Мар'еўская 7А, офіс 10. Працуем да 19-й», — паведаміла выдавецтва.
Падтрымаць выдавецтва і набыць кнігі сабралася вялікая колькасць чытачоў «Янушкевіча».
«Нешта неверагоднае... Вялікі дзякуй, сябры!» — напісала выдавецтва ў сацсетках.