Навіны дня. Няпросты час: ці то КДБ выкрыў сетку шпіёнаў, ці то Крэмль рыхтуе ў нас пераварот
Мігранты зладзілі апошнюю адчайную спробу трапіць у Польшчу, сілавікі не спыняюць затрыманні актывістаў, КДБ раскрыла змову і абвінаваціла ў ёй пасольства Украіны ў Беларусі. А дарадца кіраўніка МУС Украіны распавёў, што Лукашэнка падмануў Пуціна, і цяпер Расія рыхтуе ў Беларусі пераварот. Навіны дня, 22 сакавіка, у нашым традыцыйным аглядзе.
![_kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg _kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg](/img/v1/images/_kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, якой уводзіцца забарона на паўгода на вываз асобных відаў прамысловых тавараў. У спісе значыцца 254 віды тавараў. Ад дзіцячых пустышак да смартфонаў і трактароў. Якія прамысловыя тавары забаранілі вывозіць з Беларусі.
Мігранты пакінулі транспартна-лагістычны цэнтр у Брузгах. Пункт размяшчэння мігрантаў на мяжы спыніў працу. Адметна, што мігранты, відаць, зладзілі апошнюю спробу штурмаваць мяжу. Больш за 130 мігрантаў спрабавалі ноччу перайсці беларуска-польскую мяжу. Гэта новы рэкорд у 2022 годзе.
Беларусы сталі ў чэргі — і па паперы з апастылем, і па кнігі. Вялікая чарга па сабралася ля офіса выдавецтва «Янушкевіч», якое «папрасілі» вызваліць памяшканні на працягу трох дзён.
ГУБАЗіК затрымаў мінчука, які нібыта збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну. На відэа з палону Іван Кавалеўскі (верагодна, моцна збіты перад гэтым) «прызнаецца», што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і збіраўся ехаць ваяваць супраць расійскіх войскаў.
Затрымалі таксама і Юлію Макась. Да мінчанкі прыйшлі з ператрусам за допісы ў падтрымку Украіны. Нібыта яна «аднабока распаўсюджвала свае прафашысцкія ідэі ў падтрымку ўкраінскіх радыкальных нацыяналістаў».
Больш за тыдзень працягваюцца рэпрэсіі ў Баранавічах. На мясцовых жыхароў ладзяць аблавы, затрымліваюць, а потым даюць «суткі» — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У Беларусі зноў павялічылася колькасць палітвязняў. Цяпер іх ужо 1101. Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек.
КДБ знайшло сетку шпіёнаў у пасольстве Украіны ў Мінску. У супрацоўніцтве з украінскай выведкай КДБ абвінаваціла журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына, які рабіў расследаванні расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі.
Крэмль збіраецца адхіліць Лукашэнку ад улады? Лукашэнка падмануў Пуціна, у Беларусі рыхтуюць пераварот. Пра гэта распавёў дарадца кіраўніка МУС Украіны. Нібыта Лукашэнка перадумаў нападаць на Украіну. Пуцін жудасна раззлаваўся, і цяпер у Крамлі вывучаюць варыянт адхілення кіраўніка Беларусі ад улады шляхам ваеннага перавароту.