Беларускія вайскоўцы могуць «хутка» далучыцца да вайны ва Украіне — CNN

Афіцыйныя асобы ЗША і NATO заяўляюць, што беларускае войска можа «зусім хутка» далучыцца да агрэсіі ва Украіне на баку РФ.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg

ЗША і NATO лічаць, што Беларусь можа «хутка» далучыцца да Расіі ў яе вайне супраць Украіны. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад афіцыйных асоб ЗША і NATO. Адзначаецца, што наша краіна «ўжо прадпрымае крокі для гэтага».

Становіцца ўсё больш «верагодным», што Беларусь уступіць у канфлікт, заявіў у панядзелак, 20 сакавіка, ваенны чыноўнік NATO. «Пуцін мае патрэбу ў падтрымцы. Усё, што заўгодна, дапамагло б», — патлумачыў чыноўнік.

Крыніца ў беларускай апазіцыі паведаміла амерыканскім журналістам, што беларускія баявыя падраздзяленні гатовыя адправіцца ва Украіну ўжо ў бліжэйшыя некалькі дзён, а тысячы вайскоўцаў гатовыя да разгортвання. На думку гэтай крыніцы, гэта акажа меншы ўплыў у вайсковых адносінах, чым у геапалітычных, улічваючы наступствы ўступлення ў вайну іншай краіны.

Высокапастаўлены супрацоўнік выведкі NATO заявіў: альянс лічыць, што беларускі ўрад «рыхтуе ўмовы для апраўдання беларускага наступу на Украіну».

Між тым крыніцы CNN падкрэслілі: на сённяшні дзень не было ніякіх прыкмет таго, што Беларусь цяпер удзельнічае ў баявых дзеяннях ва Украіне, і высокапастаўлены прадстаўнік міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пентагон не ўбачыў «ніякіх прыкмет таго, што беларусы рыхтуюцца ўвайсці ва Украіну ці што яны заключылі якія-небудзь пагадненні для гэтага».

Ваенны чыноўнік NATO адзначыў: «Гаворка ідзе не пра тое, чаго хоча Лукашэнка... Пытанне ў тым, ці хоча Пуцін яшчэ адной нестабільнай краіны ў рэгіёне?»

«Умяшанне дэстабілізавала б Беларусь», — сказаў чыноўнік NATO.

Чыноўнік не стаў падрабязна засяроджвацца на тым, як Беларусь можа ўмяшацца ў вайну, але сказаў, што для Расіі мае сэнс паспрабаваць перакрыць вайсковую дапамогу NATO, якая паступае ва Украіну з яе заходняй мяжы.