«Гэта адкрыты здзек». Міколу Дзядка змясцілі ў ПКТ на 4 месяцы

На палітвязня працягваюць ціснуць у горацкай калоніі. Бацька палітвязня, блогера і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка Аляксандр Дзядок распавёў "Новаму Часу", што яго сын цяпер знаходзіцца ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу.

mikola_dzjadok.jpg

Да гэтага Мікола Дзядок сядзеў у ШІЗА. Яму па-ранейшаму не прыходзяць лісты, у тым ліку амаль няма карэспандэнцыі ад родных. Адпраўляць лісты Мікалай таксама не можа.

Па словах Аляксандра Дзядка, усе лісты, якія прыходзяць Міколу, знішчаюць.

— Прычым гэта робяць публічна перад ім, загадваючы яму падпісваць акты аб знішчэнні лістоў. Супрацоўнік, які гэта робіць, ніколі не тлумачыў, па якой прычыне знішчаюцца лісты, — распавядае Аляксандр Дзядок.

На знак пратэсту палітвязень адмовіўся выходзіць на працу, за што яму прызначылі чатыры месяцы ПКТ. А двух асуджаных, якія стасаваліся з Міколам, у пакаранне за гэта адправілі ў штрафны ізалятар.

Бацька палітвязня зазначае, што ў ПКТ холадна і брудна, і нягледзячы на тое, што ноччу бывае мінусавая тэмпература паветра, там выключаюць ацяпленне.

"Гэта адкрыты здзек", — гаворыць Аляксандр Дзядок, які перакананы, што яго сына імкнуцца маральна знішчыць.

Учора, 22 сакавіка, ён спрабаваў перадаць Міколу належную яму па законе рэчавую перадачу, але яе не прынялі.

— Там неабходныя рэчы — зубныя пасты, шчоткі, прылады для галення. Але каб пазбавіць яго магчымасці прыводзіць сябе ў чалавечы выгляд, яны адмовіліся прымаць гэтую рэчавую перадачу. Таксама я прывёз медыцынскую перадачу, але яе таксама адмовіліся прымаць. Яму патрэбныя медыцынскія прэпараты, а дэ-факта атрымліваецца, што яго пазбавілі медыцынскай дапамогі.

Аляксандр Дзядок зазначае, што паводзіны супрацоўнікаў калоніі адкрыта варожыя:

— Я меў зносіны з дзяжурным па калоніі, маёрам Талкачовым, у вачах якога было проста садысцкае задавальненне ад таго, што ён мне адмаўляе.

Таксама Аляксандра Дзядка не пусцілі да адміністрацыі калоніі і спрабавалі справакаваць на канфлікт.

Праўда, 22 сакавіка Міколу Дзядка змагла наведаць адвакат. Па яе словах, выглядае ён нядрэнна, хоць у цэлым абстаноўка цяжкая.

— Але ён трымаецца, ён моцны чалавек, і ён будзе змагацца, наколькі гэта магчыма, — робіць выснову бацька палітвязня.

Сам Аляксандр Дзядок цягам бліжэйшага тыдня мае намер трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў.

Нагадаем, Мікалая Дзядка асудзілі на пяць гадоў зняволення. Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў калонію #9 у Горках.