«Кот на Валадарцы»: Малюнкі Валянціна Стэфановіча з-за кратаў ішлі паўгода
Аліна Стэфановіч, жонка праваабаронцы-палітвязня Валянціна Стэфановіча, усё ж атрымала яго малюнкі — праз шэсць месяцаў.
Праз паўгода жонка намесніка старшыні «Вясны» Валянціна Стэфановіча нарэшце атрымала ад яго малюнкі з серыі «Прыгоды ката на Валадарцы», паведамляюць праваабронцы.
Неяк у адным са сваіх лістоў да жонкі Валянцін Стэфановіч распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар:
«Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў малюнках у выглядзе ката. На адным з малюнкаў Кот быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на другім — у душы мыўся, а на трэцім — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся — і ліст мне вярнулі назад з пазнакай “Не прайшоў цэнзуру”».
Пасля гэтага ў падтрымку Валянціна Стэфановіча распачаўся конкурс малюнкаў «Кот на Валадарцы». У ім прынялі ўдзел людзі з розных краін.