Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: «Нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў да гэтага»

Апускаецца жалезная заслона. І вельмі шкада, што беларусы зноў не з таго боку плота аказаліся, піша праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч.

www.ruchron.com 

www.ruchron.com 

Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, які амаль восем месяцаў утрымліваецца ў СІЗА, у лісце на волю выказаўся наконт вайны ва Украіне:

«Пра падзеі ва Украіне я, канешне, ведаю, але інфармацыю мы маем тут адпаведную — толькі з прапагандысцкіх расійскіх і нашых СМІ. Таму, канешне, я здагадваюся, што ўсё, што там адбываецца, выглядае зусім не так, як яны хочуць прыпаднесці. Адно можна сказаць — гэта нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў да гэтага. Мы вяртаемся, прычым імгненна, у часы жорсткага супрацьстаяння з Захадам, як у часы СССР. З усімі наступствамі — жалезнай заслонай і істэрычнай прапагандай, скіраванай на прамыўку мазгоў людзей.

Вельмі шкада, што мы зноў не з таго боку плота аказаліся».

Таксама Валянцін піша, што ў яго ўсё нармальна, нічога новага, але вялікую колькасць лістоў да яго не прапускаюць: «Зла на іх на ўсіх не хапае. Ці яны такім чынам хочуць на мяне паўздзейнічаць? Нічога не атрымаецца, на мяне ўжо позна ўздзейнічаць».

Праваабаронца шмат чытае, бо «кнігі дапамагаюць хоць крыху абстрагавацца ад рэчаіснасці»: «Вось апошнюю прачытаў кніжку Муракамі «Дэнс, дэнс, дэнс», а цяпер чытаю чэшскага аўтара Мілана Кундэру «Невыносная лёгкасць быцця». Пра складаныя адносіны з жанчынамі на фоне падзеяў жніўня 1968 года — уварвання савецкіх танкаў у Чэхаславаччыну. Свята скончылася і пачаліся будні прыніжэнняў, як піша аўтар. Вельмі шмат аналогій напрошваецца»…