Аляксею Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калоніі па справе аб «махлярстве» і «абразе» суда
Ляфортаўскі суд Масквы на выязным пасяджэнні ў Пакроўскай калоніі №2 прысудзіў расійскага палітыка Аляксея Навальнага да 9 гадоў калоніі строгага рэжыму, паведамляе «Новая газета». Акрамя гэтага, суд прызначыў Навальнаму штраф у памеры 1,2 млн. расійскіх рублёў.
Суддзя Маргарыта Котава прызнала апазіцыянера вінаватым па
справе аб «махлярстве» і «абразе» суда. У ходзе спрэчак бакоў пракурорка Надзея
Ціханава прасіла прызначыць Аляксею Навальнаму 13 гадоў калоніі строгага рэжыму з
абмежаваннем волі на два гады і штрафам у памеры 1,2 млн.
Абарона апазіцыянера настойвала на апраўдальным прысудзе і
паказвала на адсутнасць у дзеяннях Навальнага складу злачынства.
Навальнага прызналі вінаватым у асабліва буйным махлярстве і
непавазе да суду. Гаворка ідзе пра меркаваны «крадзеж» ахвяраванняў
палітыку на перадвыбарчую кампанію 2018 года і на дзейнасць Фонду барацьбы з
карупцыяй (ФБК).
Эпізод пра непавагу да суду звязаны з абразай Навальным суддзі, пракурора і ўнука ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ігната
Арцёменкі падчас судовага працэсу па справе аб паклёпе на Арцёменку ў 2021
годзе.
У 2021 годзе Навальны таксама стаў фігурантам крымінальных
спраў аб стварэнні экстрэмісцкай супольнасці і стварэнні арганізацыі, якая
замахваецца на асобу і правы грамадзян. У цяперашні час апазіцыянер адбывае
тэрмін у тры з паловай гады пазбаўлення волі ў ВК-2 Пакрова, прызначаны яму
Замаскварэцкім судом Масквы ў 2014 годзе па справе «Іў Рашэ».