У арганізме Саакашвілі знайшлі мыш'як, заявіў ягоны адвакат. Экс-прэзідэнт Грузіі ўжо не можа рухацца
У арганізме экс-прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, які больш за год знаходзіцца ў зняволенні, знойдзена атрутнае рэчыва — мыш'як. Пра гэта сёння заявіў яго адвакат Шалва Хачапурыдзэ, перадае тэлеканал «Мтавары».
«Мы пакуль не атрымалі вынік аналізу пазногцяў, ён прыйдзе сёння. Але па тэлефоне высветлілася, што пры даследаванні была выяўленая яшчэ адна смяротная атрута — мыш'як», — сказаў адвакат.
Саакашвілі 28 лістапада павінен быў асабіста з'явіцца на паседжанні суда (працягваецца разгляд ягонай справы аб незаконным перасячэнні мяжы), каб даць паказанні. Па словах адваката, былога прэзідэнта, верагодна, даставяць у суд у спецыяльным інвалідным вазку, паколькі перасоўвацца самастойна ён ужо не можа. Гэта павінна было стаць яго першым з'яўленнем на публіцы за доўгі час.
Але калі паседжанне пачалося, аказалася, што палітык на яго не прыбыў. Паплечніца Саакашвілі Хатыя Дэканаідзэ пабывала ў яго ў лякарні і паведаміла, што ні лекары, ні прадстаўнікі пенітэнцыярнай установы не рызыкнулі ўзяць на сябе адказнасць за тое, што ён перажыве дарогу ў суд.
У апошнія месяцы стан здароўя Міхэіла Саакашвілі крытычна пагоршыўся. Медыкі па выніках экспертызы заявілі, што ён практычна пры смерці, блізкія патрабуюць неадкладнай яго адпраўкі на лячэнне за мяжу. Яго дыягназы несумяшчальныя са знаходжаннем пад вартай, падкрэсліваюць эксперты.
Нагадаем, Саакашвілі затрымалі ў Грузіі 1 кастрычніка 2021 пасля таго, як ён таемна вярнуўся з Украіны. Былога прэзідэнта судзяць па 2-ух крымінальных справах — аб разгоне апазіцыйнага мітынгу 7 лістапада 2007 года і аб растраце сродкаў з дзяржбюджэту. Яшчэ па двух абвінавачаннях, датычнасці да забойства банкіра Сандра Гіргвліяні і збіцці дэпутата Валерыя Гелашвілі, раней ён быў прысуджаны завочна да трох і шасці гадоў пазбаўлення волі.
Знаходзячыся пад арыштам, Саакашвілі 50 дзён трымаў галадоўку, праз што трапляў у рэанімацыю. З траўня 2022 года ён праходзіць лячэнне ў тбіліскай клініцы Vivamedi, яго кругласуткава ахоўваюць супрацоўнікі дэпартамента выканання пакаранняў.