Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 28 лістапада

Сабралі галоўнае, што адбылося сёння ўнутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Гепракуратура накіравала ў суд крымінальную справу прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва. Праваабаронцаў будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — іх абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
6 гадоў калоніі і амаль 50 тысяч долараў штрафу прызначыла суддзя Вікторыя Шабуня 36-гадоваму Міхаілу Тарасевічу. Мужчыну прызналі вінаватым па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса — за «абразы і гвалт» у дачыненні да прадстаўнікоў улады.
За «дзейнасць па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь» арганізаванае Валерыем Сахашчыкам «Паспалітае рушэнне» прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем», паведамляюць праўладныя ТГ-каналы.
Трэці раз арыштавалі жонку палітвязня Арцёма Анішчука Вольгу. Пакуль невядома, на які тэрмін і па якім артыкуле. Як пішуць праваабаронцы, цяпер яна знаходзіцца ў ІЧУ Магілёва. Паводле іх звестак, падчас двух папярэдніх арыштаў Анішчук захварэла на бранхіт. Акрамя таго, у Магілёўскім ІЧУ яе тры разы на дзень прымушаюць распранацца і прысядаць.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы прапіскі грамадскай і палітычнай актывісткі з Наваполацка Вольгі Дамаскінай. Да гэтага ўжо прайшоў ператрус у яе маці, якая жыве ў прыгарадзе Наваполацка. Паводле папер, якія бачылі родныя Вольгі, плануецца ператрус па месцы прапіскі яе мужа. Меркавана, ператрусы звязаныя з аблавай на сябраў Руху «За Свабоду». Сама Вольга ўжо больш за год знаходзіцца разам з мужам па-за межамі Беларусі.
Палітзняволенаму Сяргею Савічу прысудзілі тры гады калоніі за каментар у тэлеграм-чаце «П*нск для жыцця». Паводле абвінавачання, Савіч нібыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1442 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1718 чалавек, у тым ліку 207 жанчын і 7 непаўнагадовых. 14 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.