«Паспалітае рушэнне» Сахашчыка атрымала прызнанне рэжымам Беларусі. Пакуль што як «экстрэмісцкае фарміраванне»

Пра гэта паведамляюць прарэжымныя тэлеграм-каналы. Адзначым, што ў «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» «Паспалітага рушэння» пакуль няма.

paspalitae_ruszanne.jpg


Паводле прадстаўнікоў рэжыму, ініцыятыва прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».
«Паспалітае рушэнне» — спартова-адукацыйная арганізацыя, створаная, каб аб’яднаць беларусаў з мэтай абароны незалежнасці Беларусі.
Харугвы рушэння з верасня ствараюцца за межамі Беларусі. Паведамлялася, што ў харугвы ў Польшчы ў першы дзень запісаліся 800 чалавек.
Нагадаем, новае ўтварэнне на чале з прадстаўніком Аб'яднанага кабінета па абароне Валерыем Сахашчыкам  «аб’яднанне беларусаў з мэтай абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўлення законнасці на тэрыторыі нашай краіны», якое спрыяе «фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю грамадзянак і грамадзян» і «адраджэнню беларускіх вайсковых традыцый».
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, складацца «Паспалітае Рушэнне» будзе з харугваў, кожная з якіх мусіць належаць пэўнаму гораду. Праз немагчымасць захаваць бяспеку ўдзельнікаў у самой Беларусі харугвы пакуль не плануюцца. АПК адзначае, што гэта часовая мера.
У першыя харугвы ўжо назначаны ротмістры. Як гаворыцца ў рэлізе, гэта «аўтарытэтныя і дасведчаныя кандыдаты».
Удзел у харугвах добраахвотны, без полавых і ўзроставых абмежаванняў. Усе чальцы харугваў мусяць прайсці 7-дзённую бясплатную падрыхтоўку, у межах якой яны атрымаюць патрэбную экіпіроўку.
На дадзены момант абвешчана пра стварэнне Віленскай, Варшаўскай, Уроцлаўскай і Беластоцкай харугваў.