Лукашэнкаўцы: ёсць правільныя святары і ёсць святары-экстрэмісты

Магілёўскі чыноўнік з савету рэспублікі запатрабаваў пускаць у арганізацыі толькі правераных святароў.

dzjaczenka.jpg

На нядаўнім семінары ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце абмяркоўвалі ўдасканаленне міжканфесійных адносін. Нечаканымі на мерапрыемстве сталі рэзкія папярэджванні ад Алега Дзячэнкі — чыноўніка і былога навукоўца — пра экстрэмісцкія схільнасці служкаў розных канфесій.
Штогадовае руціннае мерапрыемства не павінна было стаць экстраардынарным. Спецыялісты гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць пытанні канфесійнай абстаноўкі ў рэгіёнах, сабраліся, каб паслухаць думкі навукоўцаў, пазнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі і абмеркаваць рэлігійную сітуацыю ў вобласці.  
Але сёлета на абмеркаванне былі вынесены пытанні рэлігійнага экстрэмізму, дзейнага заканадаўства пры правядзенні масавых рэлігійных мерапрыемстваў, прафілактыкі працы па недапушчэнні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і захаванасці маёмасці ў культавых будынках, а таксама прадстаўлення і выкарыстання рэлігійнымі арганізацыямі зямельных участкаў.


Сама пастаноўка пытання ўжо насіла абвінаваўчую скіраванасць, а з улікам апошніх затрыманняў магілёўскіх святароў выглядала, як грознае папярэджанне.
Ход семінара пацвердзіў нядобрыя прадчуванні ўдзельнікаў. Асабліва рэзка выступіў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Алег Дзячэнка. Як паведамілі Магілёў Media, амбіцыйны чыноўнік падкрэсліў наступныя тэзісы:
— Калі мы запрашаем святароў у школы і арганізацыі, мы павінны быць упэўненыя, што гэтыя людзі выходзяць у масы з правільнымі пасылам. Калі рэлігія ўзаемадзейнічае з грамадствам, мы павінны быць перакананыя, што яна — наша апора, праз якую мы будзем вырашаць задачы, звязаныя з кампаніяй 2024 і 2025 гадоў (маюцца на ўвазе выбарчыя кампаніі). Рэлігія не павінна супярэчыць нормам права, а таксама агульнай ідэалогіі дзяржавы, аказваючы няправільны ўплыў на чалавека, прыкрываючыся «боскай», гэта значыць экстрэмісцкай шырмай.


Прадстаўнікоў якіх рэлігій і канфесій меў на ўвазе высокапастаўлены ахоўнік права і маралі, засталося недасказаным. Каго нельга, а каго можна пускаць у школы і ўстановы, таксама засталося адкрытым пытаннем.
Удзельнікі семінара зразумелі, што пад падазрэннем цяпер служкі ўсіх рэлігій і канфесій. Незразумелым таксама засталося, хто і як павінен вызначаць, дзе святар выконвае свой пастарскі абавязак, а дзе ён ужо экстрэміст?