Як рэжым атакуе касьцёл. Хроніка перасьледу з 2020

Каталіцкі касьцёл у Беларусі падчас і пасьля выбараў прэзыдэнта, з моманту пачатку рэпрэсій беларусаў выказваў ясную пазыцыю, што вылілася ў перасьлед ксяндзоў і біскупаў. Паглядзім на гэтую вялізную хвалю атакі.

Працэсія Божага Цела ў Менску. Фота Паўла Хадзінскага

Працэсія Божага Цела ў Менску. Фота Паўла Хадзінскага

12 ліпеня 2020 у касьцёле Сьвятых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасьці ў Менску пасьля імшы ксёндз Станіслаў Станеўскі (ня блытаць зь дзейным арцыбіскупам Юзэфам Станеўскім) зачытваў парафіяльныя абвесткі. Сярод іншага ён паведаміў, што беларуская дзяржава ўвяла для храма дадатковы зямельны падатак у памеры 13 тысячаў рублёў. Акрамя таго, дзяржаўнае камунальнае прадпрыемства «Менская спадчына» выставіла парафіі рахунак на амартызацыю касьцёла і спагнала новы падатак за паўгадавую эксплюатацыю. Агульная сума выдадзенага рахунку склала 156 тысячаў рублёў. Разам з патрабаваньнем аб аплаце касьцёл папярэдзілі, што нявыплата прывядзе да нацыяналізацыі сьвятыні і перадачы яе ва ўласнасьць дзяржавы, якая не абавязкова пажадае выкарыстоўваць гістарычны будынак у цэнтры сталіцы ў якасьці каталіцкага касьцёла. Ксёндз нагадаў, што фундатар Чырвонага касьцёла — Эдвард Вайніловіч будаваў яго не для дзяржавы, а для людзей, каб яны праслаўлялі Бога ў сьвятыні.

10 жніўня 2020 у Баранавічах асудзілі адразу дваіх ксяндзоў — Эдуарда Сінкевіча з Паставаў і Аляксандра Фядотава з Гародні на 10 і 8 дзён за кратамі адпаведна. Іх затрымалі 9 жніўня ў вечар пасьля выбараў прэзыдэнта падчас акцый супраць фальсыфікацыяў.

11 жніўня 2020 у Баранавічах карнымі органамі быў здзейсьнены напад на ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Ляхавічаў, калі ён знаходзіўся ва ўласным аўто. Міліцыянты білі яго машыну, і калі, спрабуючы вырвацца ад нападу, ксёндз Дзьмітры закрануў бакавым шклом аднаго з нападнікаў, той потым заявіў аб «цялесных пашкоджаньнях у выглядзе ўшыбу ніжняй траціны правага сьцягна. а таксама аб фізычным болю». Ксяндза абвінавацілі па крымінальным артыкуле 364 — гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў, па якім прадугледжваецца да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Сьвятар пасьпеў выехаць з Беларусі ў бясьпечнае месца.

16 жніўня 2020 грэка-каталіцкі сьвятар Ігар Кандрацьеў у Берасьці выступіў на мітынгу, дзе заклікаў спыніць гвалт і выпусьціць затрыманых і зьбітых людзей. Праз некалькі дзён ксёндз даў інтэрвію, дзе апроч іншага паведаміў, што некалькі з берасьцейскіх міліцыянтаў казалі яму асабіста, што ім сорамна за іх учынкі ў адносінах да мірных пратэстоўцаў. Ужо 20 жніўня сьвятара выклікалі ў пракуратуру, дзе яму выняслі папярэджаньне за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама вынесьлі папярэджэньне яго парафіі Сьвятых Пятра і Андрэя з пагрозай закрыцьця паводле судовай пастановы.

23 жніўня 2020 нечакана (ці чакана?) была скасаваная трансляцыя штонядзельнай імшы, якая вялася з Катэдральнага касьцёлу па радыё «Беларусь». Напрацягу 20 гадоў безперапынна слухачы маглі прысутнічаць на імшы ў выпадку немагчымасьці асабістага ўдзелу. А перад гэтым, у 90-х, трансляцыя набажэнства вялася з Чырвонага касьцёлу. Напачатку гаворка вялася пра нейкія тэхнічныя перашкоды, а потым праграма й ўвогуле была зачыненая.

Трансляцыі аднавіліся толькі 11 красавіка 2021.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

26 жніўня 2020

у касьцёле Сьвятых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасьці ў Менску былі заблякаваныя дзясяткі людзей — падчас акцыі супраціву органы пачалі разганяць пратэстоўцаў, тады вялікая частка зь іх схавалася на тэрыторыі сьвятыні. АМАП замкнуў дзьверы звонку, не даючы людзям выйсьці. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на наступны дзень заявіў: «Выказваю рашучы пратэст супраць незаконнай дзейнасьці праваахоўных органаў, якія павінны абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку свабоду веравызнаньня, а не перашкаджаць іх рэалізацыі, гарантаваныя беларускай Канстытуцыяй. Неадэкватная і супрацьпраўная дзейнасьць, якая адбывалася на тэрыторыі касьцёла сьвятых Сымона і Алены, павінна быць дасьледавана, а вінаватыя павінны быць пакараныя ў адпаведнасьці з палажэньнямі беларускага заканадаўства».

Ксёндз Уладыслаў Завальнюк каля Чырвонага касьцёла. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Уладыслаў Завальнюк каля Чырвонага касьцёла. Фота Паўла Хадзінскага

31 жніўня – 24 сьнежня 2020. Забарона вяртаньня на радзіму кіраўніку Каталіцкага касьцёлу арцыбіскупуТадэвушу Кандрусевічу.

_dsc0646_logo.jpg

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Паўла Хадзінскага

31 жніўня зьявілася навіна, якая шакавала сваёй абсурднасьцю — арцыбіскуп Кандрусевіч ня можа трапіць у Беларусь, бо яго не пускаюць беларускія памежнікі. У хуткім часе Лукашэнка заявіў што рэжым пільна сочыць за ўсімі, хто выяжджае і прыязджае ў Беларусь, а мітрапаліт Тадэвуш раптоўна быў выкліканы на кансультацыі ў Варшаву, дзе атрымаў інструкцыі, і зьбіраўся вярнуцца ў Беларусь, але тут і ў братняй Расеі быў уключаны ў спісы неўязных. Лукашэнка абвінаваціў Кандрусевіча ва ўмяшальніцтве ў палітыку.

Падчас сустрэчы з кіраўніком праваслаўнай царквы, новапрызначаным Веньямінам, 2 лістапада Лукашэнка зноў заявіў, што прычынай ануляваньня пашпарта і адмовы ў пераходзе мяжы сталі падтрымка пратэстоўцаў і абвінавачваньні беларускіх уладаў у выкарыстаньні гвалту. А сам Кандрусевіч нібыта зьбіраўся зьнішчыць краіну на падставе інструкцый, якія атрымаў. (Вось дзе пачаткі «А я вам пакажу, адкуль рыхтавалася…»).

Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў кіраўніку Каталіцкага касьцёла, што 31 жніўня яму было адмоўлена ў паўторным уездзе на радзіму, паколькі яго беларускі пашпарт быў нібы несапраўдным.

У сьнежні 2020 на перамовы прыязжджаў былы нунцый Ватыкану арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, у выніку чаго, 24 сьнежня, напярэдадні Раства арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, дзе адслужыў Вігілійную імшу. 3 студзеня 2021, у дзень свайго 75-годзьдзя, Тадэвуш Кандрусевіч у прысутнасьці ўсіх біскупаў зачытаў загад Папы Францішка аб «згодзе сыходу арцыбіскупа на пэнсію» і прызначэньні часовым кіраўніком Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі 75-гадовага біскупа Казіміра Велікасельца з Гомеля.

 

Біскуп Юры Касабуцкі, нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Юры Касабуцкі, нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Паўла Хадзінскага

18  лістапада 2020 Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне біскупу Юрыю Касабуцкаму і праваслаўнаму сьвятару Сяргею Лепіну. «Не выключаю, што да групы людзей, якія знаходзяцца за кратамі, неўзабаве далучацца духавенства, біскуп. Рэпрэсіі працягваюцца і супраць мяне і айца Сяргея Лепіна можа быць заведзеная крымінальная справа. Я гатовы», — заявіў тады Юры Касабуцкі.

Раней біскуп Касабуцкі асудзіў разбурэньне супрацоўнікамі органаў народнага мемарыяла ў Менску ў гонар забітага Рамана Бандарэнкі.

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота Паўла Хадзінскага

У папярэджаньні, вынесеным пракуратурай, адзначаецца: «У заявах у заведама безапэляцыйнай агрэсіўнай танальнасьці выкарыстоўваюцца вызначаныя тэрміны і абарачэньні («зьдзек з партрэтаў забітага», «навошта гэтае сатанінскае зьневажаньне лампад і абразкоў» і інш.), якія сьвядома падвышаюць узровень напружанасьці, нянавісьці да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як сьледства, варожасьць у адносінах да названых сацыяльных груп насельніцтва».

2 верасьня 2020 Леанід Гуляка, так званы ўпаўнаважаны ў справах рэлігій, даслаў віцебскаму біскупу Алегу Буткевічу дакумент, у якім забараніў з наступнага дня права на сьвятарскую дзейнасьць у краіне ксяндза з вёскі Варапаева — Ежы Вілька. Ксёндз Вільк, паляк па нацыянальнасьці, з 2003 служыў у Беларусі і валодае нашай мовай нашмат лепш, чым тыя, хто прыймаў рашэньне аб забароне. Нашым чытачам нагадаем, што сьвятары не-беларусы па нацыянальнасьці мусяць атрымліваць дазвол на служэньне кожную пэўную колькасьць гадоў у прадстаўнікоў рэжыму. За апошнія дзесяцігодзьдзі былі раптоўна скасаваныя дазволы вялікай колькасьці ксяндзоў, пераважна з Польшчы.   

12 лістапада 2020 ксёндз з Расонаў — Вячаслаў Барок быў выкліканы ў Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. На месцы ж выявілася сутнасьць такіх запрашэньняў і тых, хто запрашае — ксяндза паставілі перад фактам праверкі і экспэртызы яго YouTube-канала і старонкі ў Instagram. 1 сьнежня пачаўся судовы працэс, на якім Вячаслава Барка абвінавацілі па адміністрацыйным артыкуле 17.10 — «Прапаганда і (або) публічнае дэманстраваньне, выраб і (або) распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі», за пост у інстаграме, дзе ксёндз выставіў твор беларускага мастака Ўладзімера Цэслера «Стоп лукашызм!». Вячаслава Барка асудзілі на 10 дзён за кратамі. Пасьля адсідкі, 29 студзеня ксяндзу паведамілі, што адбываецца праверка яшчэ па 8 відэароліках, разьмешчаных на YouTube-канале. 1 ліпеня 2021 ксяндза зноў выклікаюць у органы, каб паведаміць, што распачаты новы адміністрацыйны працэс адносна кантэнту, які ён выкладвае сьвятар. 5 ліпеня Вячаслаў Барок праз пагрозы перасьледу пакінуў Беларусь, зараз служыць у парафіі «Трох крыжоў» у Варшаве на запрашэньне кардынала, арцыбіскупа Казімежа Ныча.

Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

30 лістапада 2020 адбыўся суд над грэка-каталіцкім сьвятаром з Івацэвічаў Віталём Быстровым. Яго абвінавачвалі па «народным» адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у акцыі супраціву напярэдадні. На пачатку паседжаньня судзьдзя спытаў у сьвятара, ці давярае той судзьдзі, на што Віталь Быстроў адказаў рашучае «Не». Сьведка міліцыянт прасіў далучыць да справы фота, відэа акцыі, а таксама характарыстыку на сьвятара ў наступным выглядзе: «Быстроў зьяўляецца актыўным карыстальнікам мэсэнджэра тэлеграм і знаходзіцца ў чаце з назвай «Салідар*асьць Івацэвічы». Сьвятара асудзілі на 10 дзён за кратамі.

Сьвятар Віталь Быстроў

Сьвятар Віталь Быстроў

Біскуп Юры Касабуцкі, кажучы пра арышты ксяндзоў Барка і Быстрова, паведаміў наступнае: «Сьвятары, як хрысьціяне, прытрымліваюцца вучэньня Каталіцкага Касьцёла і Божага закону, які прымушае іх асуджаць грэх, пратэставаць супраць гвалту, супраць хлусьні і фальсыфікацый, ціску і запалохваньня, а таксама супраць прыніжэньня чалавечай годнасьці, таму што кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Таму я яшчэ раз заклікаю ўзмацніць нашы малітвы за нашу радзіму, за наш народ, за людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго яны адхіляюць за перакананьні, каго запалохваюць і шантажуюць, за ўсіх, хто церпіць і за тых, хто асабліва мае патрэбу ў нашай малітоўнай падтрымцы».

8 сьнежня 2020 былі арыштаваныя два віцебскія сьвятары — рыма-каталіцкі святар Віктар Жук і грэка-каталіцкі сьвятар Аляксей Варанко. Іх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнах правапарушэньняў па «народным» артыкуле 23.34. Ксёндз Віктар Жук напярэдадні езьдзіў на суд да «калегі-экстрэміста» ксяндза Вячаслава Барка. А айцец Аляксей Варанко браў удзел у народных акцыях супраціву. Як выявілася, на пляцоўцы перад крамай у Віцебску, куды сьвятары прыйшлі памаліцца за Беларусь, іх убачыў міліцыянт, які быў не пры выкананьні, але паведаміў калегам, што сьвятары стаяць з ружанцам і бел-чырвона-белым палатном. 9 сьнежня адбыўся суд, які даслаў справу на дапрацоўку, а напярэдадні Раства 24 сьнежня на другім паседжаньні вынес сьвятарам папярэджаньні. Падтрымаць Божых слугаў прыйшоў віцебскі біскуп Алег Буткевіч, іншыя сьвятары і вернікі. 

15 красавіка 2021 быў вымушаны пакінуць пасаду дырэктара каталіцкага дабрачыннага таварыства Caritas ксёндз Андрэй Жылевіч. 19 жніўня 2020 ён разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыйшоў пад сьцены Акрэсьціна, дзе маліўся за Беларусь. Там Кандрусевіч выказаў патрабаваньне да Лукашэнкі неадкладна вызваліць нявінных людзей, якія выйшлі на акцыі супраць фальсыфікацыяў на выбарах. У лютым 2021 ксёндз Жылевіч публічна заявіў аб адмове ў магчымасьці атрымаць таварыству Caritas замежную дабрачынную дапамогу Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасьці. 

У ноч 18-19 траўня 2021 быў зьдзейсьнены напад (дагэтуль невядомымі) на будынак катэдральнага касьцёла ў Менску, калі бандыты разьбілі машыну ксяндза-пробашча Антонія Клемантовіча, спрабавалі выбіць дзьверы ў Курыю (будынак адміністрацыі) вазонам з кветкамі, быў зламаны дамафон. Па абсалютнай выпадковасьці ў некалькіх дамах ад касьцёлу знаходзіцца офіс ГУБАЗіКа, вакол якога ўсталявана шмат камэраў назіраньня, што абсалютна выпадкова не змаглі дапамагчы выявіць злодзеяў. Напярэдадні гэтага ўчынка біскуп Юры Касабуцкі рашуча выказаўся ў абарону разгромленага парталу Т*Т.BY. 

Чэрвень-ліпень 2021 — дыктатар вырашыў забараніць гімн «Магутны Божа». Гэты рэлігійны сьпеў стаў адным з найпапулярных падчас дэманстрацый пасьля выбараў, поруч з «Купалінкай», «Мурамі». У сярэдзіне чэрвеня 2021 зьявілася паведамленьне ад Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з заклікам выканаць сьпеў «Магутны Божа» пасьля імшаў 3 ліпеня, у афіцыйны дзень незалежнасьці, з «Просьбай да Ўсемагутнага Бога, каб выратаваў нашую краіну ад ўсялякага зла». 2 ліпеня Лукашэнка пачаў пагражаць, згадваючы гэтую ініцыятыву — «глядзіце, нарвецеся». 3 ліпеня, на жаль, атрымалася націснуць на арганізатараў Будслаўскага фэсту, і сьпеў так і не прагучаў, упершыню з пачатку 1990-х. Але ўжо 4 ліпеня ў галоўны касьцёл Беларусі — менскі катэдральны — прыйшлі міліцыянты (не, не пакаяцца) з прэтэнзіяй, што 3 і 4 ліпеня была парушаная норма заканадаўства пры выкананьні сьпеву «Магутны Божа». Біскуп Юры Касабуцкі ветліва выправадзіў іх з касьцёлу. Гімн працягвае гучаць.

Міліцыянты на Будслаўскім фэсьце. Фота Паўла Хадзінскага

Міліцыянты на Будслаўскім фэсьце. Фота Паўла Хадзінскага

7 верасьня 2021 прапагандысцкая газэта «Мінская праўда» выйшла з вар’яцкай карыкатурай на першай паласе. Далей у газэце месьціўся артыкул з назвай «Што раздражняе каталіцкіх актывістаў і іх польскіх куратараў у Беларусі». Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў рэзка адрэагавала на фантазію аўтараў і мастакоў, што паказалі ксяндзоў з крыжамі ў форме свастыкі, словамі з гімну «Магутны Божа» (вайна супраць яго працягваецца) і скажонай выявай Росіцкіх ксяндзоў-мучанікаў, якія былі забітыя фашыстамі падчас Другой сусьветнай вайны. Згодна з заявай каталіцкіх біскупаў Беларусі, «гэты артыкул маральна шкодны для ўсіх хрысьціянаў і для ўсіх канфэсій. Артыкул ускосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў нібыта прыналежнасьці да фашызму і нацызму, што зьяўляецца наўмысным і подлым скажэньнем праўды, паклёпам і абразай».

karykatura_2.jpg

25 сакавіка 2022 судзілі ксяндза Анджэя Бульчака з Паставаў. Суд даслаў справу на дапрацоўку, пад час якой ксёндз Анджэй быў вымушаны пакінуць Беларусь і вярнуцца ў Польшчу пасьля 14 гадоў служэньня ў Беларусі. Справа датычылася YouTube-каналу парафіі, які вёўся ксяндзом і моладдзю. Аматары ютубных ролікаў з рэпрэсіўных органаў паглядзелі на канале выпуск ад 7 сакавіка, дзе ў форме ліста беларускі да жыхароў Польшчы, па-польску апісваецца непрыняцьце вайны ва Ўкраіне беларусамі, а таксама вядзецца гаворка аб тым, што не варта разглядаць беларусаў праз прызму рэжыму Лукашэнкі. У роліку лунаюць нацыянальныя беларускія сьцягі, а на адным з фотаздымкаў было лога беларускага каналу, які працуе з Польшчы. 24 сакавіка ксяндзу Анджэю ў міліцэйскім аддзеле пагражалі завядзеньнем крымінальнай справы і зьняволеньнем. У сьвятара канфіскавалі кампутар на карысьць дзяржавы. Ксяндза завочна асудзілі 13 траўня да штрафу ў памеры 960 рублёў. Сьвятар пагадзіўся выплаціць штраф — на карысьць Украіны. 

25 сакавіка 2022 быў арыштаваны ксёндз Аляксандар Баран з Лынтупаў. У жніўні 2020 разам з парафіянамі ўдзельнічаў у акцыях супраць фальсыфікацый на выбарах. Яго выклікалі ў карныя органы Паставаў, як потым казаў ксёндз, проста паразмаўляць. Але ўжо на месцы затрымалі і пасадзілі ў СІЗА. Праз 72 гадзіны яму прад'явілі новае абвінавачваньне і пакінулі без суда на яшчэ тры дні. Ксёндз Аляксандар сказаў, што адносіны да яго былі хамскія, аж да моманту, калі адвакату дазволілі зь ім спаткацца. Па сканчэньні 6 дзён ксяндза выпусьцілі з прадпісаньнем зьявіцца на суд 4 красавіка. Яго судзілі па артыкуле 24.23 (былы 23.34) за наяўнасьць у яго профілі здымкаў з бел-чырвона-белым сьцягам, а таксама з украінскім сьцягам, які ён дадаў у дзень разьвязаньня вайны Расеяй супраць Украіны 24 лютага. Іншае абвінавачваньне датычылася лайкаў і камэнтароў ксяндза ў 2020 на рэсурсах, якія потым так званыя суды прызналі экстрэмісцкімі. Ксёндз адкрыта заявіў, што якая б ні была ўлада, Каталіцкі касьцёл заўжды будзе абвяшчаць адно — праўду Эвангельля Божага, а не палітыку якіх-небудзь партый, і што рэжым жадае закрыць рты. На суд 4 красавіка прыйшоў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Сьвятара прысудзілі да 10 дзён арышту. Ён правёў за кратамі яшчэ 2 дні, пасьля чаго раптоўна за два дні да канца тэрміну быў выпушчаны.

Біскуп Алег Буткевіч. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Алег Буткевіч. Фота Паўла Хадзінскага

25 сакавіка 2022 у Віцебску быў затрыманы грэка-каталіцкі сьвятар Васіль Ягораў за налепку на яго аўто «Украіна, прабач». Ён правёў тры дні ў СІЗА, а пасьля на судзе прысуджаны яшчэ да 50 базавых велічыняў штрафу. 

18 красавіка 2022 быў затрыманы ксёндз з Горак Андрэй Кеўліч, адразу пасьля імшы. На ксяндза быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлефон быў канфіскаваны на карысьць дзяржавы. Ксёндз Андрэй у сваіх сацсетках выказваўся супраць вайны ва Ўкраіне. На наступны дзень ужо быў прызначаны суд, куды прыйшоў падтрымаць ксяндза біскуп Аляксандар Яшэўскі. Суд двойчы пераносіў разгляд справы, пакуль у выніку не прысудзіў 12 траўня штраф у памеры 20 базавых велічыняў.

Ксёндз Андрэй Кеўліч у цэнтры. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Андрэй Кеўліч у цэнтры. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Аляксандар Яшэўскі. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Аляксандар Яшэўскі. Фота Паўла Хадзінскага

20 красавіка 2022 ксяндзу са Стоўпцаў Ігару Лашуку была дадзеная позва аб пачатку адміністрацыйнай справы па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). На яго старонках у сацсетках дбайныя міліцыянты знайшлі рэпосты з аднаго свабоднага радыё і беларускага каналу з Польшчы. У ксяндза канфіскавалі тэлефон, а 30 красавіка Ігар Лашук быў асуджаны да штрафу ў памеры 30 базавых велічыняў. Як казаў сам ксёндз Ігар, яго бацьку камуністы ў свой час асудзілі да растрэлу, потым замяніўшы прысуд 25 гадамі.

Ксёндз Ігар Лашук. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Ігар Лашук. Фота Паўла Хадзінскага


Працяг, на вялікі жаль, відавочна будзе.