Блогер Павук спытаў у сілавікоў, навошта яму пры ператрусе «разграмілі кватэру»
Яго дасылалі ў пракуратуру, суд, «102» (і не толькі).
Кватэра Андрэя і Вольгі Павук у аграгарадку Кастрычніцкім пасля «вышуку» 26 траўня аказалася разгромленая: зламаная мэбля, тэхніка, у міжпакаёвых дзвярах вялікая дзірка. На наступны дзень блогер патэлефанаваў сілавікам, каб даведацца, навошта яму разламалі рэчы і абсталяванне. Відэа сваіх кароткіх дыялогаў ён апублікаваў 29 траўня на сваім YouTube-канале.
Перш за ўсё Андрэй Павук звярнуўся ў 8-е ўпраўленне ГУБАЗіК па Гомельскай вобласці.
— Добры дзень. Учора ператрус адбыўся ў маёй кватэры ў Кастрычніцкім. Там усе разграмілі вашыя губапаўцы...
— Андрэй Павук, вы знаходзіцеся ў Прыбалтыцы, вам добра там жывецца, вось і жывіце. Да спаткання, — адказаў супрацоўнік з дзяжурнай часткі.
Потым блогер набраў у «галаўны офіс» ГУБАЗіК у Мінску.
— Калі вам нешта не падабаецца, звяртайцеся ў пракуратуру, — параілі яму.
Андрэй набраў мінскаму пракурору Антону Цюменцаву. Аднак той, даведаўшыся, хто тэлефануе, проста кінуў трубку. Пракурор Савецкага раёна Мінска Аляксандр Шабалінскі і зусім пачаў фамільярна сыпаць парадамі:
— Ты крышку працверазей, а потым тэлефануй.
Пракурор Кастрычніцкага раёна Юры Трайкоўскі кінуў слухаўку, пачуўшы імя суразмоўцы. Яго калега з Маскоўскага раёна Мінска Ігар Украінец адправіў Павука ў «102».
Тэлефанаваў блогер і аператыўнікам. Адзін яго нецэнзурна паслаў, іншы запэўніў, што «ўсё было зроблена па законе». Апошнім суразмоўцам Павука стала вядучая дзяржтэлеканала АНТ Кацярына Круталевіч. Яна называла блогера «спайдэрмэнам» і ўсумнілася ў тым, што яго кватэру насамрэч разграмілі.
— Дык яны відэа выклалі, як яны гэта зрабілі, у сябе на канале, — сказаў Павук.
— Відэа выклалі?! Давайце так зробім. Я не думаю, што яны кагосьці разграмілі і што гэта адбывалася проста з вамі. І я не думаю, што словы «разграмілі» і «ГУБАЗіК» можна ўжываць у адным сказе. Давайце я патрэніруюся, а потым мы паглядзім. Добра? — адказала Круталевіч.
— Кацярына, разлічваю на вас. Вы ж прафесіянал…
— Спайдэрмэн, ты павінен разлічваць на сябе. Ты абраў такі шлях. Давай, пакуль, — сказала вядучая АНТ.
Нагадаем, раніцай 26 траўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам у беларускую кватэру блогера Андрэя Павука і ягонай былой жонкі Вольгі ў пасёлку Кастрычніцкі Гомельскай вобласці. Відэа стану кватэры пасля ператрусу апублікавалі ў Telegram-канале беларускіх сілавікоў. Пасля візіту сілавікоў кватэра сапраўды выглядала разгромленай. Раней тое ж самае адбылося і з іншым палітэмігрантам — Вадзімам Пракоп'евым.