«Гэта правал». Дэпутат Бундэстага крытыкуе нямецкі ўрад за недастатковую ўвагу да Беларусі

Дэпутат ад партыі ХДС Пугу Абрахам прапанаваў стварыць пасаду каардынатара па кантактах з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі і Расіі.

germany_3_logo.jpg


Падчас дэбатаў па Беларусі Пугу Абрахам нагадаў, што ў Бундэстагу раней была пасада каардынатара па міжграмадскім супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і «Усходняга партнёрства».

«З моманту прыходу да ўлады цяперашняга федэральнага ўрада гэтая пасада не занятая. Гэта дрэнна», — лічыць дэпутат з партыі, якая знаходзіцца ў апазіцыі. На запыт аб гэтай пасадзе яму адказалі, што вакансія ёсць, але рашэнне аб яе тэрмінах і службовай інструкцыі яшчэ не прынята.

«Гэта было 5 жніўня! Сёння 25 студзеня. Нічога не адбылося. Гэта правал у адносінах да беларускай і расійскай апазіцыі ў рэгіёне. Я прапаную, каб замест цяперашняга KO-RUS, як ён называецца на афіцыйнай мове, быў назначаны KO-OST, каардынатар па ўсходніх адносінах. Асноўная задача: кантакты з дэмакратычнай апазыцыяй у Беларусі і Расіі», — адзначыў дэпутат.

Нільс Шмід, дэпутат ад СДПГ, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, пагадзіўся, што каардынатар неабходны.


Нагадаем, што ўрад Германіі паслядоўна выступаў за санкцыйны ціск у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і яго памагатых як за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, так і за стварэнне «міграцыйнага крызісу» 2021 года.

І тым не менш, некаторыя беларускія апазіцыянеры не толькі не атрымлівалі статусу ўцекачоў у Германіі, але ім у гэтым статусе адмаўлялі.

Паводле DW