Як камуністы з Масквы прывялі Адольфа Гітлера да ўлады ў 1933 годзе

Так, вы не памыліліся, калі прачыталі загаловак. Роўна 90 гадоў таму адбылася падзея, якая перадвызначыла лёс мільёнаў людзей. Гітлер быў прыведзены да прысягі ў якасьці канцлера Нямеччыны. Сьвет назаўжды зьмяніўся і наступствы гэтага працягваюць уплываць на галовы нэанацыстаў на Ўсходзе. Давайце падрабязьней паглыбімся ў той час.

Пасьведчаньне НСДАП на імя Адольфа Гітлера

Пасьведчаньне НСДАП на імя Адольфа Гітлера

30 студзеня 1933 года райхспрэзыдэнт Паўль фон Гіндэнбург прызначыў Адольфа Гітлера райхсканцлерам. У ноч на 30 студзеня 1933 года нацыянал-сацыялісты арганізавалі пампэзны факельны марш, падчас якога атрады СА, СС і «Штальгельм» прайшлі праз Брандэнбургскую браму. Мастак Макс Лібэрман, адзін з галоўных прадстаўнікоў імпрэсіянізму, пракамэнтаваў гэтую падзею са сваёй кватэры на Парызэр Пляц, што выходзіла вокнамі акурат на марш, словамі:

«Я не магу зьесьці столькі, колькі хачу званітаваць».

Як мы разумеем, Гітлер не прызначыў сябе сам. Што папярэднічала?

Пасьля правалу так званага «Піўнога путчу» у 1923 годзе Адольф быў вымушаны хавацца, а потым быў арыштаваны і асуджаны да пяці гадоў зьняволеньня. Сапраўдны палітвязень. Ён здабыў гэтым прысудам шалёную папулярнасьць сярод простых працоўных немцаў. Замест поўнага тэрміну Гітлер правёў за кратамі 8 месяцаў, за якія напісаў «Маю барацьбу» — якая стала маніфэстам нацыянал-сацыялістаў.

Гітлер у 1923 годзе

Гітлер у 1923 годзе

Пасьля вызваленьня Адольф Гітлер зьмяніў тактыку — ён зьбіраўся захапіць уладу законным і дэмакратычным шляхам, што ўрэшце яму і атрымалася зрабіць. Лідэры НСДАП (нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Нямеччыны) гучна крытыкавалі дэмакратычны ўрад і Вэрсальскую дамову, адначасова прапагандуючы сваё жаданьне ператварыць Нямеччыну ў сусьветную дзяржаву, зь якой будуць мець стасункі на роўных іншыя вялікія краіны. У гэты час большасьць немцаў абыякава ставіліся да рыторыкі Гітлера, паколькі нямецкая эканоміка пачынала аднаўляцца — у значнай ступені дзякуючы крэдытам з ЗША.

Але на рэчаіснасьць моцна паўплываў сусьветны эканамічны крызіс 1929 года, які перашкодзіў наступнай эканамічнай дапамозе Нямеччыне. Вялікая дэпрэсія амаль цалкам спыніла нямецкую эканоміку і яшчэ больш палярызавала нямецкую палітыку. Гітлер і НСДАП пачалі выкарыстоўваць крызіс і гучна крытыкавалі ўрад. Разам з тым Нямецкая камуністычная партыя таксама заклікала да рэвалюцыі, вядома, чырвонай, па савецкім узоры. Кіраўнікі прадпрыемстваў баяліся камуністычнага захопу і пачалі падтрымліваць партыю Гітлера.

На парлямэнцкіх выбарах 1928 года НСДАП Гітлера мела мізэрныя 2,8% галасоў. У сувязі з развалам кіроўнай кааліцыі на лістапад 1930 года былі прызначаныя новыя выбары.

Даведка: 

Выбарчы закон прадугледжваў адно месца ў райхстагу на 60 000 галасоў. Усе грамадзяне старэйшыя за 21 год маглі галасаваць па прапарцыйнай сыстэме. Новы парлямэнт абіраўся кожныя чатыры гады і абіраў са свайго складу канцлера. Прэзыдэнт Нямеччыны абіраўся наўпроставым шляхам кожныя сем гадоў і ў асноўным кантраляваў узброеныя сілы. Аднак ён таксама меў паўнамоцтвы распускаць райхстаг, прызначаць кандыдатуру канцлера, накладаць вета на законы.

Кіроўная сацыял-дэмакратычная партыя захавала першае месца з 24% галасоў, а вось партыя Гітлера мела падтрымку ў 18% выбарцаў. На трэцім месцы ішлі камуністы з 13% галасоў. Прэзыдэнт фон Гіндэнбург прызначыў урад меншасьці на чале з Гайнрыхам Брунінгам з каталіцкай Цэнтрысцкай партыі, які мог кіраваць толькі з выкарыстаньнем надзвычайных паўнамоцтваў Гіндэнбурга. Гэта азначае, што ўрад кіраваў дзяржавай зь вельмі хісткімі і няўцямнымі паўнамоцтвамі.

Фон Гіндэнбург

Фон Гіндэнбург

Сацыял-дэмакраты прапаноўвалі супрацу чырвоным камуністам, на што тыя адказалі рашучай адмовай. Газэта кампартыі «Чырвоны сьцяг» заклікала «ўзмацніць барацьбу з сацыял-дэмакратыяй». Лідэр камуністаў Тэльман, калі разважаў пра адносны посьпех нацыстаў у 1930 годзе, настойваў на тым, што, калі Гітлер прыйдзе да ўлады, ён абавязкова наламае такіх дроваў, што загоніць нацысцкіх выбарцаў у абдымкі камуністычнай партыі Нямеччыны. Ужо ў лютым 1932 года Тэльман казаў, што «Гітлер павінны прыйсьці да ўлады спачатку, тады патрабаваньні да рэвалюцыйнага крызісу надыйдуць хутчэй».

Мы падыходзім бліжэй да развязкі трагічных падзеяў

 У сакавіку 1932 года адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у якіх змагаліся дзейны прэзыдэнт фон Гіндэнбург, Гітлер і камуніст Тэльман. Гітлер атрымаў каля траціны ўсіх галасоў, але саступіў у другім туры прэзыдэнту. Эканамічны крызіс і недзеяздольнасьць канцлера Брунінга прывялі да таго, што прэзыдэнт у траўні 1932 года робіць неасьцярожны крок — ён здымае канцлера і прызначае новага — Франца фон Папэна, які некалі належаў да Цэнтрысцкай партыі былога ўжо канцлера, а ў 1932 годзе выступаў як пазапартыйны кандыдат.

ah_2.jpg

У парлямэнце ўрад фон Папэна не меў ніякай падтрымкі. Ён зьвярнуўся да прэзыдэнта з просьбай аб прызначэньні датэрміновых выбараў у райхстаг, каб пазьбегнуць неадкладнай працэдуры сваёй адстаўкі ў парлямэнце. Выбары адбыліся ў ліпені 1932 года.

Выбарчая кампанія праходзіла ў жорсткіх абставінах, калі фон Папэн адмяніў забарону на нацыянал-сацыялістычныя ваенізаваныя фармаваньні, якую Брунінг увёў у апошнія дні свайго кіраваньня. Гэта прывяло да крывавых сутычак з камуністычнымі ваенізаванымі фармаваньнямі.

НСДАП Адольфа Гітлера ўпершыню стала найбуйнейшай партыяй у парлямэнце з 37% галасоў, але не атрымала кіроўнай большасьці. Сацыял-дэмакраты атрымалі 21%, а камуністы 14% падтрымкі ад выбарцаў. Але склалася сытуацыя, што ў кааліцыю з Гітлерам ці сацыял-дэмакратамі адмовіліся ўвайсьці іншыя, каб утварыць большасьць. Такім чынам урад меншасьці фон Папэна працягваў працаваць, што прывяло да чарговых датэрміновых выбараў у лістападзе ўсё таго ж доўгага 1932 года. Справа зноў была ў тым, што канцлер фон Папэн не карыстаўся падтрымкай парлямэнту, і ажыцьцяўляў паўнамоцтвы згодна з загадамі прэзыдэнта, абапіраючыся на адпаведныя артыкулы Ваймарскай канстытуцыі.

Ужо ў верасьні 1932 года камуністы вынесьлі на разгляд Райхстагу праект вотуму недаверу канцлеру, і той зноў папрасіў прэзыдэнта распусьціць парлямэнт. Новыя выбары былі прызначаныя на лістапад 1932 года.

Выбары прынесьлі расчараваньне Адольфу Гітлеру. Яго партыя захавала большасьць, але іх падтрымка зьменшылася на 4% да 33%, хаця напярэдадні роспуску мінулага парлямэнту яны спадзяваліся на трыюмф на пазачарговых выбарах. Сацыял-дэмакраты атрымалі 20% галасоў, а камуністы 17%. Гітлер зноў ня меў магчымасьці сфармаваць кааліцыйны ўрад. Гэтыя лістападаўскія выбары былі апошнімі вольнымі і справядлівымі на доўгія гады.

Камуністы Тэльмана мелі магчымасьць сфармаваць свой левы ўрад разам з сацыял-дэмакратамі, але не сталі гэтага рабіць. Яны ведалі словы і дырэктывы Сталіна, якія казалі, што сацыял-дэмакраты горшыя за фашыстаў і зьяўляюцца па сутнасьці сацыял-фашыстамі. Тэльман атрымліваў інструкцыі ад Сталіна і ненавідзеў сацыял-дэмакратаў. За тры месяцы да прыходу Гітлера да ўлады камуністы разам з НСДАП арганізоўвалі страйк транспартнікаў у Бэрліне.

Па выніках выбараў канцлер фон Папэн заклікаў прэзыдэнта працягнуць кіраваць надзвычайнымі загадамі, але неўзабаве 3 сьнежня 1932 года канцлер быў заменены на міністра абароны Курта фон Шляйхера. Той зьдзейсьніў перамовы з адным з кіраўнікоў левага крыла НСДАП (левае крыло правай партыі – так бывае) Штрасэрам, які імкнуўся адлучыць частку НСДАП ад Гітлера, каб не прывесьці яго да посьпеху.

Шлейхер

Шлейхер

Да канца 1932 года ў НСДАП сканчаліся грошы, партыя ўсё больш станавілася схільнай да ўнутранай барацьбы і была расчараваная апошнімі выбарамі. Новы канцлер Шляйхер лічыў, што НСДАП рана ці позна павінна будзе падтрымаць яго ўрад, таму што толькі ён можа прапанаваць нацыстам уладу, інакш НСДАП працягне распадацца

Аднак пра гэтыя закулісныя перамовы стала вядома Адольфу, і ён адхіліў Штрасэра ад партыйнага кіраўніцтва.

Пасьля фон Шляйхер спрабаваў прымусіць Гітлера да супрацоўніцтва зь яго ўрадам, пагражаў яму антынацыстоўскім альянсам партыяў. Адольф Гітлер адмовіўся адмовіцца ад прэтэнзій на пасаду канцлера, але плян Шлейхера аб альянсе праваліўся. Затым Шлейхер прапанаваў прэзыдэнту фон Гіндэнбургу разагнаць Райхстаг і кіраваць як фактычны дыктатар, што не было прынята Гіндэнбургам як прыстойным чалавекам. Канцлер заставаўся непапулярным чалавекам і ня меў падтрымкі ў парлямэнце, бо яго ўрад за выключэньнем двох міністраў быў такі самы, што ў яго папярэдніка фон Папэна.

Апошнія дні напярэдадні атрыманьня ўлады

Разам з тым фон Папэн захаваў добрыя стасункі з прэзыдэнтам фон Гіндэнбургам і заклікаў яго звольніць Шляйхера пры першай магчымасьці і прызначыць на пасаду канцлера Адольфа Гітлера ў кааліцыі з Нацыянальнай народнай партыяй. Фон Папэн укладваў у вушы прэзыдэнта ідэю аб тым, што пад прыглядам самога фон Папэна Гітлер будзе пад надзейным і пільным наглядам.

Гітлер і Гіндэнбург

Гітлер і Гіндэнбург

28 студзеня 1933 года, сутыкнуўшыся з палітычным тупіком у выглядзе імавернага вотуму недаверу яго ўраду праз некалькі дзён, Шляйхер падаў у адстаўку. У той жа дзень Шляйхер, які баяўся, што яго канкурэнт фон Папэн атрымае пасаду канцлера, пачаў выступаць за Гітлера ў якасьці новага канцлера. Шлейхер ведаў пра нянавісьць фон Папэна да яго і разумеў, што ў новым урадзе ў яго не было б шанцаў застацца міністрам абароны, але ён адчуваў, што яго шанцы ва ўрадзе Гітлера вельмі добрыя.

ah_3.jpg

Ва ўмовах вялізнага крызісу, з дзікімі чуткамі аб тым, што фон Шлейхер уводзіць войскі ў Бэрлін, каб зрынуць прэзыдэнта фон Гіндэнбурга (што было абсалютнай няпраўдай), фон Папэн пераканаў прэзыдэнта прызначыць Адольфа Гітлера канцлерам. Прэзідэнт адправіў Шлейхера ў адстаўку і перадаў уладу Гітлеру 30 студзеня 1933 года. Ужо ў лістападзе 1933 года на выбарах у парлямэнт партыя Гітлера атрымала 92% галасоў, іншыя партыі былі пад забаронай. Любяць ярмошыны і іх папярэднікі маляваць падобныя лічбы.

1933___2.jpg

Што было далей — вядома амаль кожнаму.

Гістарычная даведка

Курт Шлейхер і яго жонка Элізабэт былі забітыя па загадзе Гітлера падчас Ночы доўгіх нажоў 30 чэрвеня 1934 года.

Паўль фон Гіндэнбург памёр на пасадзе прэзыдэнта Нямеччыны 2 жніўня 1934 года. Яго пасаду заняў Адольф Гітлер, які злучыў яе са сваёй пасадай канцлера ў новай — фюрэр.

Франц фон Папэн на год стаў віцэ-канцлерам, а потым стаў амбасадарам у Аўстрыі, што скончылася яе аншлюсам. Увайшоў у НСДАП. Падчас трыбуналу ў Нюрнбэргу атрымаў пакараньне.

Эрнст Тэльман быў арыштаваны ў 1933 годзе і правёў 11 гадоў у лягеры. У 1944 годзе расстраляны па непасрэдным загадзе Гітлера.