
Фота Reuters
Нагадаем, паводле Канстытуцыі рэальная ўлада ў чэшскай палітычнай сістэме сканцэнтравана ў руках прэм'ера (са снежня 2021 года гэта Пётр Фіала). Прэзідэнт, які выбіраецца на пяць гадоў, фармальна з'яўляецца прадстаўніком дзяржавы і фактычна не вырашае палітыку краіны.
Аднак шэраг абставінаў прыцягнуў да выбараў вялікую ўвагу. Справа ў тым, што чэшскі гарант таксама з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым і прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне. На фоне вайны ва Украіне гэта вельмі адказныя сферы дзейнасці.
61-гадовы адстаўны генерал Пётр Павел, былы начальнік чэшскага Генштаба і былы старшыня вайсковага камітэта NATO — ліберал і абсалютна праеўрапейскі палітык.
У адрозненне ад двух папярэдніх прэзідэнтаў Чэхіі Вацлава Клаўса і Мілаша Зэмана, Павел мае празаходнія погляды і не настроены развіваць адносіны з Расіяй ці Кітаем, у чым не раз папракалі Зэмана. Курс Павела — умацаванне сувязяў Чэхіі з NATO і Еўрасаюзам.
Сам Павел заяўляў, што ў выпадку яго перамогі на выбарах Чэхія працягне аказваць дапамогу ваюючай Украіне. «Салідарнасць з Украінай важная, таму што стратэгія Расеі па дасягненні ўласных палітычных мэтаў шляхам здзяйснення гвалту на тэрыторыі незалежнай дзяржавы з дэмакратычна абраным урадам не павінна завяршыцца поспехам», — казаў ён.
Павел адзначаў, што перамога Расеі нясе вялікія рызыкі для бяспекі ўсёй Еўропы, у тым ліку і Чэхіі. «Расея можа потым захацець паўтарыць падобны сцэнар у іншых краінах», — падкрэсліваў ён.
Павел таксама выказваў жаданне пасля перамогі на выбарах наведаць Украіну.
Афіцыйныя даныя нацыянальная выбарчая камісія Чэхіі апублікуе ў аўторак, 31 студзеня. Новы прэзідэнт прыме прысягу ў Пражскім Градзе 9 сакавіка. Тэрмін паўнамоцтваў яго папярэдніка Мілаша Зэмана заканчваецца на дзень раней.