Выбары прэзідэнта Чэхіі: генерал ці мільярдэр?

У Чэхіі адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Яго пераможцамі сталі экс-генерал і мільардэр-еўраскептык. Ужо 28 студзеня мы даведаемся, хто пераможа. Але ці так гэта важна для Чэхіі?

czehija_vybray_logo.jpg

Увогуле паводле Канстытуцыі рэальная ўлада ў чэшскай палітычнай сістэме сканцэнтравана ў руках прэм'ера (са снежня 2021 года гэта Пётр Фіала). Прэзідэнт, які выбіраецца на пяць гадоў, фармальна з'яўляецца прадстаўніком дзяржавы і фактычна не вырашае палітыку краіны.

Аднак шэраг абставінаў прыцягнуў да выбараў вялікую увагу. Справа ў тым, што чэшскі гарант таксама з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым і прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне. На фоне ўкраінскага крызісу гэта вельмі адказныя сферы дзейнасці.

Тым больш прэзідэнт Мілаш Земан, які сыходзіць на пенсію, неаднаразова выходзіў за рамкі сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў. “Земанская спадчына” можа быць прыкладам і для новага гаранта. Дадатковы нюанс — тры партыі, якія ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю, не выставілі сваіх кандыдатаў.

Затое ў кампанію актыўна ўключыўся мясцовы "Трамп" — так у прэсе называюць Андрэя Бабіша, экс-прэм'ера, буйнога бізнесмена і правадыра партыі ANO. Хаця хутчэй яго варта параўноўваць не з Трампам, а з венгерскім лідарам Віктарам Орбанам. Як і Орбану, Бабішу ўласцівая ксенафобская, антыімігранцкая рыторыка, крытыка Еўрасаюза, які нібыта адказны за рэзкі рост цэн на энерганосьбіты і інфляцыю агулам. Хіба што Бабіш не так заўзята, як Орбан, змагаецца з ЛГБТ.

Галоўную канкурэнцыю Бабішу склаў незалежны кандыдат Пётр Павел — у мінулым начальнік Генштаба чэшскіх узброеных сіл і старшыня Ваеннага камітэта NАТO. За плячыма ў яго служба ў міратворчым кантынгенце ў Босніі. “Генерал", як ахрысцілі 61-гадовага палітыка чэхі, будуе прэзідэнцкую кампанію на праеўрапейскіх тэзісах, абяцаннях падтрымкі Украіны і эканамічнай стабілізацыі.

Назіраючы за двубоем Бабіш — Павел, нельга не задацца пытаннем — каму сімпатызуе шматлікая беларуская абшчына ў Чэхіі? На думку Юрыя П. (палітэмігрант з Мінска, які падзяліўся з “Новым Часам” сваёй думкай) сімпатыі беларускай дыяспары хутчэй на баку Павела:

«Усё ж такі Бабіш папуліст і еўраскептык. Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Бабіш, як правіла, пазбягаў тэмы канфлікту ва Украіне, заяўляючы, што хоча засяродзіцца на ўнутраных праблемах, перш за ўсё — барацьбой з інфляцыяй. Павел у сваю чаргу цалкам падтрымлівае ваенную і гуманітарную дапамогу Украіне і яе інтэграцыю ў структуры ЕС і NАТO. “Генерал” у выпадку перамогі абяцае больш рашуча дзейнічаць ў адказ на пуцінскую агрэсію».

Так ці інакш па выніках галасавання ў першым туры "генерал" абышоў "Трампа". Праўда, не на шмат. Паводле Чэшскага статыстычнага ўпраўлення, Павел атрымаў 35,39% галасоў у параўнанні з 35,00%, якія дасталіся Бабішу. Яўка склала 69 працэнтаў.

Каментуючы вынік, Петр Павел сказаў, што яго штаб "чакае цяжкая праца перад другім турам, калі будзе ўлічвацца кожны голас".

Бабіш у сваю чаргу выказаў “задавальненне вынікам, які перавысіў 27,1%” (менавіта столькі яго партструктура атрымала на ўсеагульных выбарах 2021 года). Ён таксама павіншаваў Павела з сітуатыўнай перамогай. Каб пасля адразу пайсці ў атаку на суперніка, прыгадаўшы сяброўства Павела ў камуністычнай партыі. Пры гэтым чамусьці Бабіш забыўся, што таксама быў камуністам да 1989 года і нават актыўна супрацоўнічаў з мясцовым аналагам КДБ.

Відавочна, што лёс прэзідэнцкай гонкі шмат у чым будуць вырашаць галасы выбаршчыкаў, якія аддалі ў першым туры перавагу іншым кандыдатам. Гэта прыхільнікі Данушы Нярудавай, экс-рэктаркі Універсітэта ў Брно, якая заняла трэцяе месца з 13,9%. Плюс тыя, хто галасаваў за кансерватара Паўла Фішара, што заняў чацвёртае месца з 6,8%.

І Нярудава, і Фішар паабяцалі падтрымаць Павела ў другім туры, што на першы погляд робіць “генерала” фаварытам. Праўда, незразумела — ці пойдуць выбаршчыкі Фішара і Нярудавай на выбары? Так што інтрыга застаецца. Развязка наступіць 28 студзеня.