Ці адказная Германія за вайну ва Украіне?

На думку шматлікіх палітолагаў, агрэсія Расіі ва Украіне, акрамя ўсяго — вынік памылковай нямецкай усходняй палітыкі ў апошнія дзесяцігоддзі.

germany_4_logo.jpg


Чаму Пуцін вырашыў уварвацца ва Украіну? Сярод іншых фактараў нямецкія эксперты называюць і мадэль дыпламатыі, якой Берлін доўгі час кіраваўся ў адносінах з Масквой. Яе складнікі (нерашучасць, ігнараванне інтарэсаў малых народаў экс-СССР, прыярытэт бізнесу) калі не сталі непасрэдным трыгерам агрэсіі, то, прынамсі, відавочна ўзмацнілі фракцыю ястрабаў у асяроддзі прэзідэнта Расіі.

Калі верыць немцам, усё пачалося ў далёкім 2001 годзе. Тады ўрад Германіі запрасіў новага прэзідэнта РФ на выступ у нямецкім парламенце. У прынцыпе, нічога экстравагантнага Уладзімір Пуцін, выступаючы з трыбуны Бундэстага, тады не сказаў (дарэчы, ён гаварыў на нямецкай мове). Тады ён, хутчэй, хацеў узмацніць свой імідж пераемніка Ельцына, не патрабуючы перагляду геапалітычнага парадку, які паўстаў пасля заканчэння халоднай вайны.

Цяпер той спіч Пуціна лічыцца ледзь не фатальнай памылкай. Ніводны расійскі палітык не атрымліваў падобны аванс. Нават адзін з бацькоў нямецкага адзінства, той жа Міхаіл Гарбачоў атрымаў права на выступ у Бундэстагу толькі пасля сыходу ў адстаўку з пасады прэзідэнта. Так ці інакш, Пуцін, маўляў, адразу адчуў, што яму могуць шмат што прабачыць. У Берліне сапраўды верылі, што эканамічная кааперацыя з Масквой, а таксама культурны і палітычны абмен зменшаць патэнцыял агрэсіі і жадання рэалізацыі рэваншысцкіх імперскіх пражэктаў сяброў новай крамлёўскай адміністрацыі.

Кабінет Меркель, што прыйшоў да ўлады пасля заканчэння эры Герхарда Шродэра, працягнуў лінію папярэдніка. Менавіта Ангела Меркель прыняла фатальнае рашэнне: у 2005 годзе быў запушчаны першы праект Nord Stream. «Паўночны паток» замацаваў у заходнім соцыуме міф пра тое, што Еўропе крытычна патрэбныя расійскія падводныя трубаправоды.

Зрэшты, гучалі і крытычныя ацэнкі. Некаторыя казалі, што энергетычная залежнасць ад Расіі вельмі высокая, і гэта пацягне за сабой маштабныя рызыкі. Аднак Меркель і германскі ўрад кіраваліся сваімі ўяўленнямі аб намерах Пуціна, для якога, на самой справе, газ быў заўжды геапалітыкай.

Гэта тычылася і пытання Украіны. Працэс стварэння абыходных газаправодаў зніжаў залежнасць Еўропы ад украінскай газаправоднай сістэмы, нівеліраваў значэнне рэгіёну ў вачах еўрапейскіх сталіц. У перспектыве гэта дало магчымасць Пуціну рэалізаваць планы адраджэння нейкага аналага СССР.

Не могуць выбачыць Меркель і яе рашэнняў у Бухарэсцкім саміце ў красавіку 2008-га. Нагадаем, Грузія і Украіна тады папрасілі План дзеянняў па сяброўству ў NATO, аднак згоды не атрымалі праз пазіцыю Парыжу і Берліну. Затое па выніках пасяджэння Альянс заявіў, што Грузія і Украіна «абавязкова стануць рэальнымі партнёрамі». Насамрэч ніякіх дакладных указанняў і нават намёкаў на ўступленне дзвюх постсавецкіх дзяржаваў у NATO не было. Умовы працэсаў далучэння Грузіі і Украіны засталіся абстрактнымі.

Як адзначаюць эксперты, кампрамісная фармулёўка адносна Украіны і Грузіі у канчатковым выніку аказалася горшай, чым прамая і афіцыйная адмова. Пасля Бухарэсту ўкраінцы і грузіны сталі проста чакаць выканання абяцанняў наконт сяброўства. Затое Масква зразумела тую фармулёўку як знак таго, што час сыходзіць, і трэба хутчэй нешта рабіць.

Ужо ў жніўні 2008-га імперыя перайшла ў наступ. Гаворка пра вайну ў Грузіі, па ходзе якой Берлін, як і раней, прытрымліваўся некрытычнага курсу ў ацэнцы крокаў Масквы. Такім чынам Меркель яшчэ больш замацавала ў Пуціна раней выпрацаванае ўражанне адносна слабой рэакцыі Берліна на яго магчымыя будучыя авантуры.

Абнадзейваючая для Масквы пераемнасць ва ўсходняй палітыцы працягвалася і па ходзе ўкраінскага крызісу ў 2013-2014, самая напружаная фаза якога скончылася падпісаннем Мінскіх пагадненняў у 2015-м. Замест тэмы анексіі Крыму хутка ў Берліне прыярытэтнай тэмай стаў «Паўночны паток-2». Меркель думала, што ўзаемная эканамічная залежнасць і купля паліва сапраўды могуць перашкодзіць Расіі пашыраць вайсковымі сродкамі сваю сферу ўплыву ва Украіне.

Пасля лютага 2022-га нямецкія палітыкі вымушаныя былі канстатаваць, што стратэгічныя разлікі Берліна аказаліся памылковымі. Маўклівае грэбаванне элементарнымі інтарэсамі дзяржаў былога СССР і маўклівае патуранне Крамлю нічым добрым не скончылася.

Зрэшты, пакуль незразумела, як можа ў комплексе выглядаць новая лінія на тым жа ўсходнім напрамку. У нямецкай дыпламатыі дасюль дамінуе ідэя-фікс пра тое, што еўрапейскаму мірнаму парадку, які быў устаноўлены пасля 1990 года, зарана спяваць рэквіем. Пакуль існуюць шматбаковыя міжнародныя арганізацыі і, нібыта, усеагульнае прызнанне прымата дыпламатыі, тэрытарыяльныя канфлікты ў Еўропе, маўляў, можна купіраваць. У самім нямецкім грамадстве (асабліва пасля Афганістана і Іраку) не назіраецца запыту на знешнюю канфрантацыю.

Аднак жыць паводле старых установак таксама ўжо немагчыма. Відавочна, што распрацоўка новай нямецкай палітыкі на Усходзе — актуальная задача. Яе стварэнне — цяжкая праца, але яна так ці інакш неабходная.