Германія адмовіла ў прытулку беларусу, які дапамагаў асуджаным і якога ў жніўні 2020 года збіваў АМАП

Германія адмовілася даць беларусу Станіславу Цыбінскаму статус бежанца. Цяпер цягам двух тыдняў ён павінен пакінуць краіну. У Беларусі Станіслаў быў валанцёрам праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Арганізаваў супольнасць «Рука дапамогі і падтрымкі».

stanislav_grodno_1_17_1_1.jpg

"Адмовілі, таму што ў Беларусі ў мяне быў тэрмін за цяжкае злачынства. Вярнуцца ва Украіну я не магу — не ўпусцяць. Вярнуцца ў Беларусь таксама не магу. Куды ехаць цяпер, я не ведаю", — распавёў Стас у каментары Еўр*радыё.

У Беларусі Цыбінскі адседзеў тэрмін за злачынства, а потым некалькі гадоў дапамагаў былым зняволеным вярнуцца да нармальнага жыцця. Разам з прыяцелямі ён арганізаваў грамадска-інфармацыйную пляцоўку "Беларускі цэнтр падтрымкі", а пад Шчучынам стварыў цэнтр па рэсацыялізацыі вызваленых.

Актывіст таксама пацярпеў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Тады Станіслаў працаваў у Мінску. 10 жніўня ён выйшаў на мірную дэманстрацыю. Актывіста затрымалі, збілі ў аўтазаку і выкінулі на газон. Пасля гэтага працадаўца паведаміў, што гродзенец павінен звольніцца. 11 жніўня Станіслава зноў затрымалі — вывелі з рэстарана і збілі. Пра гэта актывіст распавёў праекту august2020.info. Пасля звальнення Цыбінскі ў верасні вярнуўся ў Гродна.


Таксама сілавікі, па словах Цыбінскага, пасля выбараў патрабавалі, каб ён не падтрымліваў палітычных пацярпелых, але ён з гэтым не пагадзіўся. У лютым 2021 года дома ў Цыбінскага прайшлі два ператрусы.

Толькі за 2020 год, як пісалі СМІ, дапамогу ад Станіслава Цыбінскага атрымалі каля 70 тых, хто адбыў пакаранне. Таксама Станіслаў пісаў асуджаным дзясяткі лістоў на тыдзень і адпраўляў ім пасылкі. Фотасправаздачы актывіст пакідаў суполцы «ВКонтакте».


Гэтай зімой Стас прыехаў у Кіеў, дзе працаваў у рэстаране. Ва Украіне яго і заспела вайна. Цыбінскі як валанцёр карміў украінскіх нацгвардзейцаў. Пазней хлопец здолеў выбрацца з Украіны і паспрабаваў атрымаць статус уцекача ў Германіі. Што рабіць цяпер, пасля атрымання адмовы ў прытулку ў Германіі, беларус пакуль не вырашыў.