Актывіста з Гродна, які дапамагае былым асуджаным, збілі і звольнілі. У яго дома прайшлі ператрусы

У сакавіку валанцёра арганізацыі «ТаймАкт» і былога зняволенага Станіслава Цыбінскага звольнілі з працы пасля таго, як даведаліся пра яго турэмнае мінулае. Пазней яго збілі невядомыя і зламалі яму два рэбры. У лютым дома ў Цыбінскага прайшлі два ператрусы, паведамляе Hrodna.life.

stanislav_grodno_1_17_1.jpg

У верасні Станіслаў уладкаваўся на працу афіцыянтам чацвёртага разраду ў кавярню «Паланэз». Паводле слоў Цыбінскага, у пачатку сакавіка 2020 года начальнік даведаўся, што Станіслаў — былы асуджаны, і папрасіў яго звольніцца. «"Прашу вас звольніць мяне па пагадненні бакоў без наступнай адпрацоўкі, паколькі я былы асуджаны!!!" І мяне звальняюць!!!», — напісаў Станіслаў ў заяве на імя дырэктара РУП «Белмытсэрвісу» Івана Язэпчыка. «Са звальненнем згодны», — завізіраваў дырэктар. Без працы праз два тыдні Станіслаў страціць жыллё ў інтэрнаце.

Іван Язэпчык «даўно ведаў», што Цыбінскі — былы зняволены, але звольніў яго з-за таго, што той «напісаў шмат скарг» і «непрыстойна сябе паводзіць». Ад іншых каментароў Hrodna.life ён адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновы званок.

Станіслаў Цыбінскі — актывіст, валанцёр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Арганізаваў супольнасць «Рука дапамогі і падтрымкі».

Працаваў афіцыянтам. Кіраваў грамадска-інфармацыйнай пляцоўкай «Беларускі цэнтр падтрымкі». У 2017 годзе выйшаў на волю пасля 15 гадоў зняволення за забойства. З тых часоў дапамагае іншым асуджаным: купляе прадукты, сродкі гігіены, адзенне і тэлефоны, знаходзіць жыллё і ўдадкоўвае на працу. Толькі за 2020 год дапамогу ад Станіслава атрымалі каля 70 тых. хто адбыў пакаранне. Таксама Станіслаў піша асуджаным дзясяткі лістоў на тыдзень і адпраўляе ім пасылкі. Фотасправаздачы актывіст пакідае ў суполцы «ВКонтакте». 

Ператрус

У лютым дома ў інтэрнаце ў актывіста Станіслава Цыбінскага прайшло два ператрусы з санкцыі пракурора. Фота дакументаў Станіславу не дазволілі зрабіць. Па якім артыкуле прайшлі ператрусы, Станіслаў не запомніў. Паводле яго слоў, нічога забароненага не знайшлі. Актывіст звязаў гэта з ператрусамі, якія праходзілі і ў іншых беларускіх праваабаронцаў.

16 лютага ў Мінску і іншых гарадах прайшлі ператрусы паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)» у офісах праваабарончых арганізацый і ў кватэрах праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў. Ператрус таксама прайшоў у незалежным прафсаюзе РЭП. Старшыня РЭП Васіль Завадскі таксама кіруе арганізацыяй «ТаймАкт», чальцом якой з’яўляецца Цыбінскі. «Яны лічаць, што я дапамагаю не толькі асуджаным, але і тым людзям, якія выходзілі на дэманстрацыі», — распавёў актывіст Hrodna.life.

 

Міліцыя ў доме Цыбінскага падчас ператрусаў. Фота прадастаўлена героем

Міліцыя ў доме Цыбінскага падчас ператрусаў. Фота прадастаўлена героем

Чарада звальненняў

Актывіст таксама пацярпеў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Тады Станіслаў працаваў у Мінску. 10 жніўня ён выйшаў на мірную дэманстрацыю. Актывіста затрымалі, збілі ў аўтазаку і выкінулі на газон. Пасля гэтага працадаўца паведаміў, што гродзенец павінен звольніцца. 11 жніўня Станіслава зноў затрымалі — вывелі з рэстарана і збілі. Пра гэта актывіст распавёў праекту august2020.info. Пасля звальнення Цыбінскі ў верасні вярнуўся ў Гродна.

Напад

Увечары 6 сакавіка актывіста каля інтэрната збілі двое незнаёмцаў у балаклавах. У Станіслава зламаныя два рэбры, на галаве — рассячэнне. «Кожны крок даецца з болем», — распавёў гродзенец. Яму складана і размаўляць, і набіраць паведамленні. Паводле яго слоў, актывісту заявілі, збіваючы: «Калі ты кудысьці звернешся, то цябе знойдуць у рэчцы. Ты сам вінаваты, няма чаго “зэкам” дапамагаць». Цыбінскі упэўнены, што чуў з кішэняў нападнікаў гукі рацыі. Станіслаў звярнуўся да медыкаў. Да тых, хто нападаў, ён прэтэнзій не мае.

 

 Гэта не першы выпадак, калі на актывіста нападаюць. Увесну 2020 года Цыбінскага збілі двойчы. Звароты ў міліцыю скончыліся спыненнем справы або прафілактычнай гутаркай з фігурантамі справы.