Да 14 еўра за гадзіну на рукі. Якія заробкі прапануюць беларусам у ЕС

«Н*ша Ніва» паглядзела, на якія заробкі могуць разлічваць беларусы, гатовыя адправіцца на працу ў Еўропу.

_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo_1.jpg

Кіроўцы розных катэгорый

Бадай, адна з самых папулярных вакансій для беларусаў у Еўропе — гэта кіроўца-дальнабойшчык.

У залежнасці ад фірмы і краіны працаўладкавання, дасведчаныя кіроўцы катэгорыі С+Е могуць разлічваць на зарплату ад 65 еўра ў суткі. Такія грошы звычайна пачынаюць плаціць пасля выпрабавальнага тэрміну, які ў розных фірмах можа цягнуцца ад аднаго да трох месяцаў.

Адзначым, што 65 еўра за суткі для дальнабойшчыка, які працуе ў Еўропе, гэта хутчэй мінімум, бо большасць атрымлівае па 70-80 еўра. Больш за ўсё зарабляюць кіроўцы, якія працуюць на аўтавозах ці перавозяць небяспечныя грузы або жывёл. У такіх выпадках сутачныя складаюць ужо каля 100 еўра.

Звычайна дальнабойшчыкі працуюць кадэнцыямі, калі шэсць тыдняў знаходзяцца ў рэйсе, пасля чаго два тыдні адпачываюць дома.

Атрымліваецца, што пры сярэдніх 75 еўра за суткі сярэднямесячны заробак беларускага дальнабойшчыка, які працуе ў еўрапейскай фірме, складае каля 1700 еўра на рукі.

Еўропе ў цэлым і Польшчы ў прыватнасці патрэбны не толькі кіроўцы з правамі катэгорыі С+Е, але і з катэгорыяй В для працы на бусах. Такія кіроўцы звычайна атрымліваюць за суткі сваёй працы каля 50 еўра.

Такім чынам, за месяц яны зарабляюць каля 1000-1200 еўра на рукі. Кіроўцы бусаў, як і фуршчыкі, амаль заўжды начуюць у машыне, таму асноўная частка іх выдаткаў у рэйсе — гэта ежа.

На заробкі ў памеры каля 1000 еўра ў месяц можа разлічваць і таксіст, які вырашыць працаваць у Польшчы або Літве.

Будаўнікі ў Польшчы і Літве

Заробкі ў будаўніцтве моцна розняцца ад кваліфікацыі і досведу будаўніка.

Але можна адзначыць пэўны мінімум, на які можа разлічваць беларус, гатовы да працы на будоўлі ў Польшчы або Літве, — гэта 4,5-5 еўра за гадзіну працы.

Так, напрыклад, у Літве (Шаўляй) шукаюць будаўніка-ўніверсала з выпрабавальным тэрмінам адзін месяц. Цягам гэтага перыяду абяцаюць плаціць па 5 еўра за гадзіну працы. Пасля заробак можа вырасці да 6—7 еўра ў залежнасці ад кваліфікацыі і працаздольнасці кандыдата.

Дасведчаным апрацоўшчыкам для працы ў Вільні або Коўне абяцаюць 1500 еўра на рукі ў месяц.

Заробкі будаўнікоў у Польшчы падобныя. Так, напрыклад, у Катавіцах шукаюць будаўнікоў з аплатай ад 25 да 30 злотых (каля 5,4-6,4 еўра) за гадзіну на рукі.

Пры гэтым, як адзначаюць беларусы, якія ўжо не першы год працуюць на будоўлях у суседніх краінах ЕС, кваліфікаваныя і працавітыя беларускія будаўнікі ў Польшчы і Літве зарабляюць і па 1800-2000 еўра ў месяц.

Праца на складзе і на вытворчасці сушы

Адна з найменшых ставак сярод мноства вакансій у Польшчы — гэта 17-18 злотых (3,6-3,8 еўра). Напрыклад, столькі гатовы плаціць пакавальнікам на фабрыцы па вытворчасці сушы за 10 кіламетраў ад Познані або рабочым на складзе ў ваколіцах Кракава.

Па тых жа стаўках 17-18 злотых бяруць на працу камплектоўшчыкаў заказаў на складзе харчовых тавараў у розных гарадах Польшчы.

Упакоўшчыкам марожанага ў літоўскім горадзе Марыямполе гатовы плаціць на рукі ад 800 да 900 еўра ў месяц.

Па 4 еўра за гадзіну прапануюць памочнікам афіцыянтаў у Вільні, пасудамыйніцы ў той жа кавярні абяцаюць па 5 еўра за гадзіну.

Каб зарабляць у Польшчы або Літве сумы, вышэйшыя за агучаныя, беларусам трэба валодаць мясцовай мовай, мець вышэйшую адукацыю і быць запатрабаваным спецыялістам у сваёй галіне. У іншым выпадку для атрымання больш вялікіх грошай давядзецца ехаць у больш далёкія краіны.

Бельгія, Германія

Калі казаць пра Бельгію, то, напрыклад, 2300 еўра на рукі за месяц працы там гатовы плаціць страхарам. Праўда, каб зарабіць такія грошы, давядзецца працаваць па 10 гадзін у дзень шэсць дзён на тыдзень. З бонусаў працадаўца абяцае забяспечыць бясплатным жыллём.

На аплату ў памеры 60 еўра ў суткі можа разлічваць механік, які працуе на базе фірмы буйнога грузаперавозчыка ў Бельгіі. Жытло прадстаўляе наймальнік. З улікам 6-дзённага працоўнага тыдня выходзіць каля 1500 еўра на рукі.

Бетоншчыкам у Германіі гатовы плаціць па 14 еўра на рукі за гадзіну працы. Графік, як і ў Бельгіі, — 10-гадзінная шасцідзёнка. Праз такія перапрацоўкі атрымаецца каля 3300 еўра за месяц, з іх 360 трэба аддаць за пражыванне.

Аўтамеханіку на СТА для легкавых аўто ў Германіі гатовы плаціць па 10 еўра за гадзіну. Наймальнік адзначае, што ў месяц набягае каля 180-200 працоўных гадзін. Вынікае, што месячны заробак будзе вагацца ў межах 1800-2000 еўра. Прадстаўляюць бясплатнае жытло. Ад механіка патрабуецца досвед працы ад двух гадоў і валоданне размоўнай нямецкай.

Столькі ж абяцаюць плаціць маляру, у абавязкі якога ўваходзіць афарбоўка будынкаў звонку. Праўда, маляру давядзецца кожны месяц выдаткоўваць па 250 еўра на жытло.

З акладам 9 еўра ў гадзіну для працы на складзе ў Германіі шукаюць жанчын ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў. З улікам агучанага 5-дзённага працоўнага тыдня вынікае, што кандыдатка можа разлічваць на заробак да 1750 еўра. З іх 400 давядзецца вяртаць за пражыванне ў кватэры і яшчэ 107 сыдзе на білеты, каб дабірацца да працы, папярэджвае наймальнік. Вынікае, што чыстымі пасля аплаты жылля і транспартных выдаткаў супрацоўніцы склада застанецца менш за 1250 еўра.

Гаворачы аб працы ў Бельгіі і Германіі, варта адзначыць, што нярэдка чалавек, які едзе працаваць у гэтыя краіны, фармальна юрыдычна працуе не ў гэтых краінах, а ў польскай або літоўскай фірме, якая вывозіць сваіх супрацоўнікаў на працу ў больш развітыя краіны Еўропы.

Ва ўсіх апісаных выпадках пазначана зарплата, якую працаўнік атрымлівае «на рукі».