Афіцыйна: Насельніцтва Беларусі ў 2022 годзе скарацілася амаль на 55 тысяч чалавек
Белстат агучыў даныя па колькасці насельніцтва ў краіне. Вынікае, што, толькі паводле афіцыйных звестак, жыхароў у Беларусі за 2022 год паменела амаль на 55 тысяч чалавек.

Паводле агучаных звестак, на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі пражывалі 9 200
617 чалавек. У параўнанні са станам на 1 студзеня 2022
года гэта менш на 54 907 чалавек. То-бок, фігуральна кажучы, з карты Беларусі знік цэлы — і не самы малы — раённы цэнтр.
У 2021 годзе, паводле даных таго ж Белстата, колькасць жыхароў краіны зменшылася яшчэ больш — на 94,1 тыс.
чалавек, а ў 2020-м — на 60,6 тыс. На гэтыя гады якраз прыпала пандэмія каронавіруса. Агулам атрымліваецца, што за тры гады Беларусь страціла
больш за 200 тысяч жыхароў. Гэта ўжо амаль параўнальна з абласным цэнтрам.
Гарадское насельніцтва па стане на 1 студзеня 2023 года
склала 7,212 млн чалавек. Яно зменшылася на 19,69 тыс. Сельскае насельніцтва
скарацілася на 35,2 тыс. чалавек і склала менш за 2 млн — 1 988 212 чалавек.
Што тычыцца Мінска, то на 1 студзеня тут пражывала 1 995 471 чалавек. Колькасць жыхароў сталіцы зменшылася на 1082 чалавекі.
У абласцях насельніцтва складала на 1 студзеня:
у Брэсцкай — 1 315 405 чалавек, у Віцебскай — 1 091 948 чалавек, у Гомельскай — 1 347 469 чалавек, у Гродзенскай — 998 600 чалавек, у Магілёўскай — 989 702 чалавекі, у Мінскай — 1 462 021 чалавек.
Як адзначае reform.by, упершыню за часы незалежнасці насельніцтва Гродзенскай і Магілёўскай абласцей упала ніжэй за планку ў мільён чалавек.

Ад сябе дадамо, што гэта афіцыйная статыстыка, якой беларусы традыцыйна не вераць: дастаткова ўзгадаць пандэмію каронавіруса, калі Міністэрства аховы здароўя адкрыта фальсіфікавала статыстыку смяротнасці, а потым улады ўвогуле пачалі яе хаваць. Пры гэтым, паводле ўскосных паказчыкаў, праз кавід у Беларусі памерла ці не найбольш людзей сярод краін Еўропы, калі аперыраваць удзельнымі велічынямі.
Да таго ж, мяркуючы па ўсім, фармальна жыхарамі Беларусі дагэтуль лічацца тыя, хто з'ехаў з Беларусі на сталае пражыванне за мяжу. Гэтыя людзі ў пераважнай большасці сваёй захавалі беларускае грамадзянства і дакументальна аформленае беларускае месца жыхарства. Адно што жывуць і працуюць цяпер у іншых краінах, а на радзіме лічацца калі не «экстрэмістамі-тэрарыстамі», то «дармаедамі».
Калі гэтыя разважанні слушныя, а Беларусь пасля 2020 года пакінулі не менш за 200 тысяч чалавек, то, выглядае, сапраўдная колькасць жыхароў у краіне цяпер складае нават менш за 9 мільёнаў.