«Вольныя купалаўцы» шукаюць у Польшчы пляцоўку. Дапаможам?
У выніку падзей 2020 года артысты Купалаўскага тэатра былі вымушаны пакінуць радзіму. Цяпер яны ладзяць выступленні за мяжой, і так сталася, што сёння трупе патрэбна пляцоўка. Пра гэта распавядае «Е*рарадыё».
У Міжнародны дзень тэатра народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік выступіла ў Варшаве з монаспектаклем, прысвечаным яе тэатральнай дынастыі. Прыватны аповед, ілюстраваны дакументальнымі здымкамі, добра паказвае, як мянялася жыццё самога Купалаўскага цягам гадоў за рознымі ўладамі і з якімі цяжкасцямі сутыкнулася трупа пасля вымушанай эміграцыі ў 2020 годзе. Спачатку — ва Украіну, пасля — у Польшчу.
Дапамагчы можа кожны ахвочы
Сёння, нягледзячы ні на што, купалаўцы працягваюць працаваць, і падтрымаць іх можа кожны, у каго ёсць такая магчымасць. Па-першае, патрэбна пастаянная пляцоўка. Каб рэпетаваць і ставіць свае спектаклі, трупе даводзіцца ўвесь час шукаць памяшканні, весці перамовы, плаціць за арэнду, на якую патрэбны грошы.
Ідэальна, калі знойдзецца нейкі тэатр, які будзе гатовы
ўключыць купалаўскія спектаклі ў рэпертуар і ў якім гэтыя спектаклі можна будзе
як рэпетаваць, так і паказваць з пэўнай перыядычнасцю. Добра, калі гэта будзе
нейкі варшаўскі тэатр, бо пакуль акцёрам даводзіцца вандраваць па розных
гарадах. Праз праблемы з пляцоўкай вельмі часта рэпетаваць і цешыць гледачоў
пастаноўкамі не атрымліваецца.
Фінансаванне як наяўных пастановак, так і новых праектаў
магло б палегчыць жыццё трупы. Напрыклад, нейкі бізнес ці фонд мог бы ўзяць
купалаўцаў ці асобныя іх спектаклі пад сваё крыло.
Адрас, па якім можна звярнуцца да купалаўцаў з любымі
прапановамі, глядзіце пад гэтым тэкстам. Данаціць могуць і звычайныя людзі, неабыякавыя да будучыні трупы.
Любімы тэатр беларусаў
Нягледзячы на цяжкія ўмовы Купалаўскаму тэатру ў Мінску доўга ўдавалася быць прытулкам для ўсіх беларусаў, якія з пашанай ставяцца да сваёй культуры, гісторыі і мовы.
Тэатр перажыў многае. Быў час, калі ўваходны білет на
спектакль каштаваў, як булачка ва ўніверсаме «Цэнтральны», што дакладна не
сведчыць пра высокія заробкі акцёраў, але і гэта не перашкаджала ім шмат гадоў
выходзіць на сцэну.
Тэатр захаваўся нават пасля так званай рэканструкцыі, калі
амаль увесь будынак знішчылі і перабудавалі.
Усё змянілі прэзідэнцкія выбары.
У 2020 годзе амаль увесь калектыў звольніўся ў знак
пратэсту супраць рэпрэсій, якія разгарнулі дзеючыя ўлады супраць свайго народа.
Шмат акцёраў па ўсёй Беларусі выйшлі тады на вуліцы, але Купалаўскі — бадай,
адзіны беларускі тэатр, які адкрыта і катэгарычна выступіў супраць гвалту амаль
усёй трупай.
«Не ўяўляеце, наколькі балючым стала гэта прынцыповае рашэнне для кожнага з нас, — успаміналі акцёры падчас імпрэзы. — Гэта адбылося літаральна за месяц да нашага 100-гадовага юбілею, да якога мы вельмі доўга рыхтаваліся. У Беларусі абвешчана забарона на сапраўднае і беларускае, а ўсе беларусы і ўвесь свет назіраюць на нашай радзіме не высокае мастацтва, а тэатр тэрору, прыніжэння і занядбання нацыянальнай беларускай культуры. Сёння купалўскі дом заняты артыстамі з Расіі, якія не маюць ніякага ўяўлення пра традыцыі, што рупліва выбудоўваліся цягам доўгіх гадоў».
Захаваем Купалаўскі, каб ён вярнуўся
Стагадовыя традыцыі найстарэйшага беларускага тэатра не могуць перарвацца, бо гэта адзін з надзейных падмуркаў беларускай культуры. Акцёры, якім давялося пакінуць радзіму пасля пратэстаў, разумеюць гэта і не апускаюць рук.
Ужо ў Польшчы створаны шэраг тэатральных праектаў, сярод
якіх — «Дзяды» ў пастаноўцы польскага рэжысёра Паўла Пасіні, «Гусі-людзі-лебедзі» паводле адной з частак рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі
Еўропы» і бандыцкая камедыя «Сфагнум» паводле рамана Віктара Марціновіча, рэжысёрам
якіх выступіў Аляксандр Гарцуеў.
Спіс можна падоўжыць, і незалежная трупа, якая вельмі ўдзячна Польшчы за падтрымку, гатова працаваць нашмат больш — ідэй і планаў процьма! Вялікае жаданне акцёраў — заставацца ў прафесіі. І не толькі каб забяспечваць сябе, а каб захоўваць і развіваць менавіта купалаўскія традыцыі, каб вярнуцца дамоў, у свой Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, не з пустымі рукамі.
Фінансаванне на рэалізацыю ўсіх планаў знайсці не вельмі
проста, аднак купалаўцы з аптымізмам глядзяць і на гэтае пытанне.
Падтрымаць
акцёраў і праекты можна, пералічыўшы данат па спасылцы альбо cкантактаваўшыся
па адрасе contact@kupalaucy.pl.