71-гадовая палітэмігрантка, якая здымалася ў Дудзя, завяла ютуб-канал аб жыцці ў Польшчы
Гарадзенка і палітэмігрантка Аляксандра Ханевіч у 71 гадоў рашуча пайшла ў «ютубчык», дзе адккрыла свой канал і цяпер распавядае пра жыццё ў эміграцыі. Гэта тая самая рухавая жанчына, якая ў 2020 годзе актыўна далучылася да пратэстаў, пасля была вымушаная пакінуць радзіму, а потым удзельнічала ў здымках фільма расійскага блогера Юрыя Дудзя.
У сваім канале Аляксандра Ханевіч распавядае пра сваё затрыманне пасля выбараў у
2020 годзе і ўцёкі з Беларусі ў Польшчу. Жанчына абяцае дзяліцца
падрабязнасцямі — як гэта, пасля 70 пачынаць новае жыццё за мяжой.
«Мяне завуць Аляксандра Ханевіч, і я ўцякла з Беларусі.
Цяпер будую сваё новае жыццё ў Польшчы. Тут я буду распавядаць пра сваё жыццё ў
эміграцыі і не толькі», — так пачынаецца блог гарадзенкі.
Пакуль на канале толькі адно відэа. У ім Ханевіч распавядае
пра тое, як і чаму яна ўцякала з Беларусі, пра сваю сямейную гісторыю пераследу
і першы час пасля ўцёкаў.
Як нагадвае Hr*dna.life, Аляксандра Ханевіч працавала на заводзе «Хімвалакно» ўсё
жыццё. На пенсіі стала старшынёй ветэранскай арганізацыі і нават збірала
подпісы за Лукашэнку перад выбарамі. Затрыманні і гвалт 2020-га сталі для
жанчыны шокам. Яе саму першы раз затрымалі, калі яна спрабавала адбіць у
сілавікоў хлопца, падобнага на яе сына.
Пасля выбараў яе затрымлівалі двойчы. Пасля другога
затрымання ёй давялося здымаць пабоі. Баючыся чарговага арышту, Ханевіч
наважылася на ўцёкі ў Польшчу разам з сынам, якога таксама затрымлівалі. У
снежні 2021 года яна прыехала ў вёску Кузніца.