«У Беларусі ў цяперашніх умовах некамфортна жыць». Эмігранты — пра сваё жыццё за мяжой
Пасля 2020 года ў большасці беларусаў адна прычына з'ехаць з краіны — жаданне быць у бяспецы. Як гэта — пачынаць жыццё на новым месцы? І ці застаецца ў планах вяртанне на радзіму?
Пасля жорсткага падаўлення пратэстаў 2020 года з Беларусі з'ехалі дзясяткі, а магчыма, і сотні тысяч чалавек — у асноўным моладзь і людзі сярэдняга ўзросту, адукаваныя жыхары буйных гарадоў, з прафесіяй і веданнем замежных моў. На многіх з іх на радзіме былі заведзены крымінальныя або адміністрацыйныя справы за ўдзел у пратэстах супраць Лукашэнкі, а хтосьці проста перастаў звязваць сваю будучыню з краінай з рэпрэсіўным рэжымам.
Многія беларусы, якія з'ехалі, аселі ў суседніх краінах: Літве, Польшчы, піша «Настоящее время».
Гейм-дызайнер Дзмітрый Ганчароў у Літву прыехаў летам 2021 года.
«У Беларусі ў цяперашніх умовах стала вельмі некамфортна жыць. Паступіла прапанова пераехаць сюды, тут ёсць і кантракт, і праца, — расказвае ён. — Мне спатрэбіўся, напэўна, год, каб абвыкнуцца, зразумець, што і як уладкавана. І перастаць адчуваць праблемы ад нейкіх банальных рэчаў, якія дома вырашаліся вельмі проста».
Дзмітрый кажа, што яму спатрэбіліся і пэўныя намаганні, каб вывучыць літоўскую мову і пачаць разумець мясцовую культуру. Але ў цэлым яму ў Вільні вельмі падабаецца.
«Вільня вельмі мультыкультурная, мультымоўная, што абсалютна адсутнічае ў Мінску. У Мінску, акрамя рускай мовы, наўрад ці пачуеш якую-небудзь яшчэ. І яшчэ розніца для мяне ўнутраная: тут дыхаецца свабодна», — заўважае беларус, бо Літва, у адрозненне ад яго радзімы, краіна, як ён кажа, «у якой можна свабодна выказаць сваё меркаванне, і вам за гэта не будзе пагражаць турэмны тэрмін».
Ганна Златкоўская — пісьменніца з Беларусі. Яна, як і Зміцер, лічыць, што ў Літве дыхаецца свабодна, а людзі могуць крытыкаваць уладу, не асцерагаючыся рэпрэсій. У Мінску Ганна ўдзельнічала ў маршах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку ўлад у дачыненні да мірных пратэстаў.
«Мне зрабілі гуманітарную візу, і ў нядзелю, вельмі рана, да таго, як горад пазапаўнялі аўтазакі, муж адвёз нас з дзіцём да літоўскай мяжы, — расказвае яна гісторыю свайго ад'езду з краіны. — Сам ён вярнуўся назад: не мог рэзка кінуць працу... Ну і коцікі... На той момант мы лічылі, што шанец ёсць. А мы апынуліся тут, і з 12:00 змянілася ўсё наша жыццё».
Ганна кажа, што менталітэт літоўцаў адрозніваецца ад менталітэту беларусаў. Напрыклад, жыхары Літвы не спяшаюцца ўстанаўліваць даверлівыя адносіны з малазнаёмымі людзьмі.
«Літоўцы больш закрытыя, чым беларусы, вельмі выразна вызначаюць межы, і адчуваецца, што за іх адразу трапіць не так проста, — заўважае Златкоўская. — І трэба неяк, быць можа, гэта нават заслужыць».
Перанесці сваю дзейнасць у Літву і іншыя краіны пасля разгону пратэстаў вырашылі многія беларускія кампаніі. Вынік гэтых уцёкаў ужо адчуваецца: беларускі бізнес абжывае нішы ў Літве літаральна ва ўсіх сферах эканомікі — ад IT да будаўніцтва. Беларускія прадпрымальнікі кажуць, што з кожным месяцам тых, хто бяжыць ад рэжыму Лукашэнкі, становіцца ўсё больш.
«Мігранты дапамагаюць развіваць эканоміку Літвы праз прамысловасць, праз лагістыку, праз іншыя сектары, куды інтэгруюцца», — падкрэслівае эканаміст Аляксандр Ізгародзін. Паводле слоў літоўскіх чыноўнікаў, толькі за мінулы год бюджэт краіны папоўнілі каля 70 мільёнаў еўра падаткаў, што заплацілі грамадзяне Беларусі і беларускія кампаніі, якія перанеслі ў Літву сваю дзейнасць. Самі беларускія мігранты адзначаюць, што ў Літве станоўча ставяцца да іх пераезду, таму што эмігруюць у асноўным людзі з высокай матывацыяй і з жаданнем пачаць жыццё на новым месцы з нуля.
Нагадаем, што цяпер у Літве пражывае 48 804 грамадзян РБ. Такім чынам, беларусы сталі другой па колькасці групай сярод замежнікаў у гэтай краіне, саступаючы толькі ўкраінцам. Напрыканцы сакавіка ў літоўскі Сейм унеслі на разгляд законапраект, які прадугледжваў абмежаванне на выдачу відаў ВНЖ для беларусаў і расійцаў, а таксама шэраг іншых абмежаванняў. 4 красавіка законапраект быў прыняты, але большасць абмежаванняў у дачыненні да беларусаў Сейм зняў з разгляду. У канчатковай рэдакцыі законапраекта засталіся наступныя абмежаванні:
- прыпыненне падачы заяў на атрыманне візы ў візавых службах Літвы за мяжой за выключэннем выпадкаў, калі пасрэднікам выступае МЗС Літвы. Гэта абмежаванне ўжо дзейнічала ў дачыненні да беларусаў і ўведзена падчас надзвычайнага становішча ў Літве.
- атрыманне статусу е-рэзідэнцтва і электроннага подпісу для грамадзян Беларусі, за выключэннем тых, хто мае часовы ці пастаянны від на жыхарства ў Літве. Звяртаем увагу, што часовы від на жыхарства таксама адзначаны ў афіцыйным рэлізе Сейма. Фактычна, раней статус е-рэзідэнцтва і электронны подпіс маглі атрымаць менавіта тыя людзі, якія трапляюць у выключэнні з гэтых абмежаванняў.
- увоз на тэрыторыю Літвы ўкраінскіх грыўняў.
Выключаны абмежаванні па падачы на від на жыхарства, грамадзянства і падачы на е-рэзідэнцтва.