«Я не ўдзельнічаў ні ў якіх разгонах». Былому міліцыянту з Беларусі не выдалі ВНЖ у Літве

Аляксандру 42 гады, ён працуе ў літоўскай кампаніі кіроўцам ужо шэсць гадоў. У студзені гэтага года мужчына чарговы раз падаваў дакументы на мясцовы ВНЖ. У тым ліку запоўніў анкету, дзе распісаў усю сваю біяграфію і меркаванне пра вайну ва Украіне. Здавалася, усё мусіць быць добра, як і ў мінулыя разы. 

Фота: «Л*стэрка»

Фота: «Л*стэрка»

Але праз тры месяцы ён быў шакаваны, калі атрымаў адмову: паўплывала праца ў сілавых органах дзесяць гадоў таму. Яго гісторыю распавядае «Л*стэрка».

«Я быў у шоку, калі даведаўся, што адмовілі»

Служба ў міліцыі для Аляксандра (імя зменена) пачалася з навучання ў Акадэміі МУС у 1998 годзе. Выпускнік школы ішоў у сілавыя структуры, каб дапамагаць людзям:

— Яшчэ студэнтам быў прыхільнікам апазіцыі, ніколі не падтрымліваў уладу, проста працаваў і нікому нічога дрэннага не зрабіў. Да 2013-га, дзевяць з паловай гадоў, я служыў у АБЭЗ раённага аддзела Мінскай вобласці. Увосень 2013 звольніўся. Мне ўсё больш і больш не падабалася абстаноўка, у сістэме рабілася прававое бязмежжа. Сышоў у званні маёра. Мяне яшчэ ўгаворвалі застацца, сказалі, што я сябе ў жыцці не знайду. А я чалавек іншай загартоўкі — і знайшоў.

Спачатку Аляксандр працаваў з сябрам, які адкрыў бізнес у Маскве: яны займаліся продажам і устаноўкай дзвярэй і фурнітуры. Праўда, мужчына прапрацаваў там нядоўга. Пасля таго, як Расія акупавала Крым у 2014 годзе, ён вярнуўся ў Беларусь. Уладкаваўся ў службу таксі і да 2017-га вазіў пасажыраў.

— А потым таварыш мяне спакусіў працаваць у Еўропе, — успамінае Аляксандр. — Напісаў рэзюмэ, адправіў — так і трапіў у Літву. Працаваў на мясцовую кампанію, але ў розных краінах, перавозіў машыны. Прапрацаваў у Літве больш за шэсць гадоў, меў некалькі відаў на жыхарства. За ўвесь гэты час пытанняў да мяне ніякіх не было. Толькі адзін раз вёз два блокі цыгарэт праз мяжу для асабістых патрэб. За гэта аштрафавалі, ну і паехаў далей. А каб дзесьці прыцягваўся і нешта парушаў — такога не было.

Падаваць дакументы на чарговы ВНЖ Аляксандр пайшоў у студзені. Як і ўсім грамадзянам Беларусі, яму выдалі анкету, дзе трэба было адказаць на пытанні пра вайну ва Украіне, а таксама пазначыць усе свае папярэднія месцы працы.

— Я заўсёды быў прыхільнікам таго, што трэба пісаць толькі праўду, расказаў там усю сваю біяграфію. Але ў жыцці не мог падумаць, што той факт, што я калісьці за дзедам шведам служыў у МУС (ужо забыў усе кантакты адтуль, сувязі наогул няма), можа цяпер на нешта паўплываць, — дзівіцца беларус. — Вядома, чуў пра такія выпадкі яшчэ з лютага. Але быў упэўнены, што са мной усё будзе ў парадку, бо я звольніўся яшчэ да 2014 года, да падзей у Крыме. У мяне нават думкі не было, што мне адмовяць. І вось яны мяне мурыжылі тры месяцы, хоць я выбіраў паскораную падачу (да 2 месяцаў, заплаціў за гэта 250 еўра). Мой працадаўца хадзіў да іх, удакладняў — цішыня. Потым, праз тры месяцы пасля падачы, прыйшоў ліст: у выдачы новага ВНЖ адмовілі. Але без дэпартацыі і забароны ўезду ў Літву і ЕС. У дакуменце, які мне даслалі, сказана, што я магу пагражаць бяспецы дзяржавы. Я наогул у шоку быў, калі пра гэта даведаўся. Тады мой працадаўца яшчэ раз з’ездзіў у міграцыйную службу, каб разабрацца. Яму сказалі, што прычына адмовы — «сакрэтная інфармацыя», якую не маюць права раскрываць. Некаторым фармулявалі, напрыклад, «у сувязі са службай па кантракце». Я ведаю некалькі такіх выпадкаў: гэта датычыць памежнікаў, супрацоўнікаў МНС, работнікаў сілавых структур. Але я служыў для народа ў свой час, не ўдзельнічаў ні ў якіх разгонах. Гэта мяне больш за ўсё і абурыла.

У пачатку сакавіка 2023 года Аляксандр вымушаны быў з’ехаць з Літвы, бо ВНЖ скончыўся. З працы яго пакуль не звольнілі. Ён усё яшчэ ёсць у штаце і шукае варыянты вярнуцца. А вось абскарджваць рашэнне сэнсу не бачыць:

— Як мне сказаў мой працадаўца, з моманту паведамлення пра адмову ёсць роўна два тыдні на абскарджанне ў судзе. Мой дырэктар звярнуўся да адваката, які займаецца міграцыйнымі пытаннямі. Але той сказаў, што яшчэ ніводнага такога пасяджэння не выйграў, таму што тут ты выступаеш супраць службы нацбяспекі. І, паводле адваката, падаваць скаргу — толькі траціць час і грошы. Ён нават за гэта не ўзяўся.

Акрамя выпадку Аляксандра «Л*стэрку» вядомы мінімум тры гісторыі, калі беларусам не выдавалі ВНЖ праз службу ў сілавых структурах Беларусі. Двое з гэтых людзей служылі ў войску па кантракце да 2015 года, яшчэ адзін працаваў следчым у невялікім горадзе да 2021 года.

Фота: «Л*стэрка»

Фота: «Л*стэрка»

«Можа быць выкарыстаны расійскай разведкай як лаяльная і надзейная асоба»

Аляксандр паказаў адказ ад Дэпартамента міграцыі Літвы. У ім ведамства тлумачыць прычыну адмовы ў выдачы ВНЖ тым, што пражыванне беларуса ў гэтай краіне «можа пагражаць бяспецы дзяржавы».

Дэпартамент міграцыі спасылаецца на заключэнне Дэпартамента дзяржбяспекі, які ацаніў мінулае Аляксандра. Вось што там гаворыцца: «Працуючы ў сістэме ўнутраных спраў Беларусі, ён быў абавязаны захоўваць адданасць Рэспубліцы Беларусь і падтрымліваць беларускі ўрад і яго агрэсіўную знешнюю палітыку, якая ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы. У дзяржаўных праваахоўных органах Рэспублікі Беларусь надзейнасць і лаяльнасць працаўнікоў да дзяржавы кантралюецца спецслужбамі, якія сочаць за тым, каб на кіроўны рэжым не працавалі нелаяльныя асобы, якія не падтрымліваюць агрэсіўную знешнюю і рэпрэсіўную ўнутраную палітыку».

Дэпартамент дзяржбяспекі лічыць, што «нельга дапусціць стварэння спрыяльных умоў для выдачы дазволу на часовае пражыванне прыхільнікам рэжымаў Расіі ці Беларусі». На ягоную думку, права знаходзіцца ў Літве і ў Шэнгенскай зоне, якое дае ВНЖ краіны, некаторыя грамадзяне Беларусі могуць выкарыстоўваць для «распаўсюджання прарасійскага кантэнту і каментароў, пазітыўных заяў пра рэжымы [Расіі і Беларусі]».

— Такія дзеянні несумяшчальныя з мэтамі нацыянальнай бяспекі Літвы, дэманструюць відавочнае грэбаванне правамі чалавека і асноўнымі прынцыпам свабод, — гаворыцца ў лісце.

Прааналізаваўшы ўсе месцы працы Аляксандра ў Беларусі і ў Літве, яго сямейнае становішча, Дэпартамент прыйшоў да высновы, што яго «інтарэсы жыць і працаваць у Літоўскай Рэспубліцы не могуць быць прызнаны прыярытэтнымі і больш значнымі, чым забеспячанне нацыянальнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі». Чыноўнікі лічаць, што Аляксандр «пасля атрымання часовага віду на жыхарства можа быць выкарыстаны расійскай разведкай для выканання задач спецслужбаў як лаяльная і надзейная асоба для ўлад Расіі».

Дэпартамент міграцыі лічыць адмову ў выдачы дазволу на часовае пражыванне «сувымернай мерай у мэтах забеспячання нацыянальнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі».

Фота: flickr

Фота: flickr

Што кажа літоўскі бок

Выдачай часовага і пастаяннага відаў на жыхарства ў Літве займаецца Дэпартамент міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Журналісты звярнуліся ў ведамства з пытаннямі пра тое, на каго распаўсюджваюцца абмежаванні па выдачы ВНЖ, ці можна легалізавацца ў Літве тым, хто працаваў у сілавых структурах, і ці ёсць такія выпадкі.

У Дэпартаменце міграцыі ўдакладнілі, што яны не прымаюць рашэнняў пра пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Паводле іх, грамадзян Беларусі правярае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, і ён жа пасля дае ці не дае свой дазвол на пражыванне беларусаў у Літве.

Выданне накіравала тыя ж пытанні ў Дэпартамент дзяржбяспекі. Там, у сваю чаргу, адказалі, што ведамства «праводзіць ацэнку пагрозы, якую ўяўляе іншаземец для бяспекі дзяржавы, з улікам канкрэтных абставін і судовай практыкі». І ўжо на падставе гэтай праверкі Дэпартамент міграцыі прымае рашэнне, ацэньваючы ўсе адпаведныя абставіны ў кожным канкрэтным выпадку. Але як беларусу, які шмат гадоў таму працаваў у сілавых структурах, даказаць, што ён не ўяўляе пагрозы для Літвы, там не патлумачылі.

— У выніку агрэсіі Расіі супраць Украіны карэнным чынам змянілася геапалітычная сітуацыя, узніклі новыя пагрозы нацыянальнай бяспецы Літвы, і гэтыя абставіны неабходна ацэньваць, — сказалі ў Дэпартаменце дзяржбяспекі.