Затрыманыя амаль 20 чалавек — аблавы сілавікоў у Пружанах і Пінску
Паводле звестак праваабаронцаў, у райцэнтрах затрымалі да 20 чалавек. У людзей праводзілі ператрусы, правяралі тэлефоны, запісвалі «пакаяльныя» відэа. Пасля гэтага большасць адпусцілі дадому, але некаторых пакінулі ў ІЧУ да суда.
![img_2231_logo_2.jpg img_2231_logo_2.jpg](/img/v1/images/img_2231_logo_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сілавікі на вуліцах горада. Ілюстрацыйнае фота з пратэстаў 2020 года
Так, учора, 13 красавіка, у Пружанах адбыліся масавыя затрыманні — гаворка ідзе пра амаль 20 чалавек, хоць большасць з іх і адпусцілі, адзначае «Люстэрка».
«У Пінску сілавікі актыўнічаюць яшчэ з мінулага тыдня — яны ходзяць па дамах, на працу. Сілавікі заходзяць нават да людзей, якія толькі аднойчы былі асуджаныя па палітычнай адміністрацыйнай справе ў 2020 годзе. З імі праводзяцца прафілактычныя гутаркі, агляд жылля, у іх настойліва просяць паказаць тэлефон», — паведамілі праваабаронцы.
![Хатынь, Мачулішчы, Дзяржынск. Дзеянні карнікаў ва ўсе часы падобныя «У палон браць нікога не будзем». Грымасы беларускай гісторыі](/img/v1/images/photo_2023_04_04_12_51_19.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
- Варта згадаць, што пасля рэйду сілавікоў у Дзяржынску і цяпер больш за дзесяць чалавек застаюцца ў СІЗА па «народным» артыкуле.
Рэйд у Дзяржынску праходзіў з 31 сакавіка па 3 красавіка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па выніках рэйду ў СІЗА паводле абвінавачання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх» (арт. 342 КК) было адпраўлена больш за 10 чалавек.
Пра новую хвалю пераследу жыхароў Дзяржынска праваабаронцы паведамілі і 11 красавіка. Паводле звестак праваабаронцаў, толькі на працягу мінулага тыдня ў Дзяржынску затрымалі каля 45 чалавек.
![Дзяржынск па-ранейшаму тэрарызуюць У Дзяржынску працягваюцца рэпрэсіі. На допытах затрыманых збіваюць](/img/v1/images/hqdefault_23.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
- Чарговая фэйкавая рассылка ад сілавікоў
Нагадаем, учора, 13 красавіка аб’яднанне былых сілавікоў B*POL папярэдзіла пра чарговую фэйкавую рассылку. Карыстальнікам прапаноўвалася праверыць свой акаўнт на прадмет знаходжання ў базах сілавікоў і атрымаць «заданне для аднаўлення законнасці ў Беларусі». У B*POL падкрэслілі, што не маюць дачынення да гэтай рассылкі.
Пасля гэтага ў набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале паведамілі, што «з сённяшняга дня адбудзецца яшчэ адна масавая зачыстка».