Палітычны кампраміс ва ўяўленні беларускай улады — паўзком і на каленях

Уяўленні пра палітычны кампраміс беларускай улады і суседняй Польшчы моцна адрозніваюцца — да такой ступені, што не варта нават хвалявацца, што на Захадзе нейкія людзі здолеюць дамовіцца з цяперашнім рэжымам, лічыць аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg

Аказваецца, Польшча некаторы час таму зрабіла беларускім уладам зусім непрыстойную прапанову. Міністр замежных спраў Польшчы ўчора сказаў, што ягоная краіна прапаноўвала спыніць палітычныя рэпрэсіі ў абмен на «пашырэнне прасторы для палітычнага і эканамічнага манеўру».

Таму што беларускія ўлады ж пастаянна скардзяцца, нібыта з закрыццём Польшчай памежных пераходаў ім не хапае прасторы для геапалітычных манеўраў.

Але, вядома, не для таго яны будавалі сабе сваю стабільнасць, каб адмовіцца ад суверэннага права пасадзіць столькі беларускіх грамадзян, колькі змесціцца. Таму беларускае Міністэрства замежных справаў учора абвінаваціла «польскае кіраўніцтва» ў агрэсіўных дзеяннях. На думку беларускага МЗС, дзеянні Польшчы фанатычныя і ірацыянальныя.

Тут галоўнае — не пераблытаць. Калі беларускія ўлады перахопліваюць чужы самалёт, ладзяць палякам і літоўцам вялікае перасяленне народаў, саджаюць за няправільны колер шкарпэтак і дапамагаюць Расіі арганізаваць уварванне ва Украіну, то ўсё гэта — міралюбная, рацыянальная палітыка, накіраваная на ўмацаванне агульнаеўрапейскай бяспекі. А калі палякі закрываюць свае пункты памежнага пераходу — то гэта ўжо грубае ўварванне ва ўнутраныя беларускія справы.


Так што, калі раптам хтосьці баіцца, што якія-небудзь людзі на Захадзе зноў захочуць пашукаць з беларускімі ўладамі кампрамісаў, то робіць гэта зусім дарэмна. Усё роўна не знойдуць. Таму што, калі беларускія ўлады кажуць, што яны не хочуць эскалацыі, а наадварот адкрытыя да кампрамісаў, то яны маюць на ўвазе «паўзком і на каленях».

Але сутнасць, насамрэч, не ў гэтым. Не ў своеасаблівасці ўяўлення беларускіх уладаў наконт мастацтва палітычнага кампрамісу. Польшча становіцца галоўнай краінай у ЕС ва Усходняй Еўропе. І любыя кампрамісы без яе згоды здаюцца вельмі сумніўнымі. А ўяўленне Польшчы пра палітычныя кампрамісы, відавочна, моцна адрозніваецца ад уяўленняў беларускіх уладаў. Таму, калі беларускія ўлады палохаюць сябе «ўсходнімі крэсамі», то нездарма яны гэта робяць. Таму што Польшча хоча мець на сваіх усходніх межах дружалюбную і прадказальную дзяржаву, а цяперашняя беларуская ўлада ні пад адно з гэтых азначэнняў не падпадае.


P.S. Прасцей, мабыць, дамовіцца з сокаламі, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкала, чым з беларускімі ўладамі.