Польшча прасіла Беларусь спыніць рэпрэсіі — і прапаноўвала за гэта прастору для манеўру
Перамовы Польшчы і Беларусі былі безвыніковымі.
Польшча прапаноўвала афіцыйнаму Мінску спыніць рэпрэсіі ў абмен на «прастору для палітычнага і эканамічнага манеўру». Аднак перамовы не прынеслі вынікаў. Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау паведаміў, выступаючы ў польскім Сейме 13 красавіка, піша «Еўр*радыё».
Калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца, афіцыйная Варшава будзе дамагацца пашырэння санкцый супраць рэжыму, дадаў ён.
«Нашай доўгатэрміновай мэтай з'яўляецца дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь», — цытуе Reform.by словы Рау. На яго думку, Польшча не будзе ў бяспецы, пакуль яе суседзі не будуць суверэннымі і здольнымі вызначаць свой кірунак развіцця дэмакратычным шляхам.
Рау мяркуе, што месца беларусаў — у агульным еўрапейскім доме. І Польшча будзе даваць часовы прытулак усім, каго ў Беларусі пераследуюць за палітычныя перакананні.
Таксама ён заявіў, што Польшча лічыць Беларусь цалкам залежнай ад Расіі: «Сёння мы лічым Беларусь краінай, цалкам залежнай ад агрэсіўнай Расіі, кіраванай пазбаўленым усялякай дэмакратычнай і сацыяльнай легітымнасці рэжымам, які ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і дае сваю тэрыторыю Расіі для ажыццяўлення нападу на Украіну».
У якасці прыкладу варожай да Польшчы палітыкі ён назваў міграцыйны крызіс, арганізаваны беларускімі ўладамі на мяжы з краінамі ЕС.
На думку Рау, палітыка Польшчы адносна Беларусі зменіцца пасля дэмакратычных перамен, якія да таго ж дазволяць краіне ўдзельнічаць у ініцыятыве «Усходняе партнёрства». Таму афіцыйная Варшава будзе падтрымліваць беларускае незалежнае грамадства, у тым ліку СМІ, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў, дадаў кіраўнік польскай дыпламатыі.
Па словах Рау, Польшча будзе дамагацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку актывіста польскай нацыянальнай меншасці, журналіста Андрэя Пачобута.