Ад СІЗА да смяротнага пакарання: як у Беларусі пераследуюць украінцаў

З надуманых абвінавачанняў або ўвогуле без аніякіх тлумачэнняў — але спецслужбы спрабуюць зрабіць з украінцаў з беларускімі пашпартамі ворагаў дзяржавы.

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Ілюстрацыйная выява: Midjourney


З пачатку поўнамаштабнай вайны, развязанай Расіяй ва Украіне, у Беларусі затрымліваюць людзей з украінскім грамадзянствам. Ёсць прысуджаныя, падазраваныя і арыштаваныя. Паўла Купрыенку прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі за «агентурную дзейнасць». Мікалая Швяца абвінавачваюць у «падрыве расійскага вайсковага самалёта» на аэрадроме ў Мачулішчах, за што можа быць прыменена смяротнае пакаранне. Андрэя Шмая падазраюць у «супрацоўніцтве з замежнай выведкай». Арцём Макавей ужо больш за два месяцы знаходзіцца ў ІЧУ Брэста, не ведаючы, за што яго хочуць выслаць з Беларусі. Яшчэ сем грамадзян Украіны арыштаваныя за шпіянаж.

Афіцыйна Беларусь не ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, але Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра падтрымку Уладзіміра Пуціна, а беларуская прапаганда паўтарае сцвярджэнні пра «нацыстаў ва Украіне» і «планы NATO» напасці на Расію і Беларусь. Лукашэнка прадаставіў тэрыторыю Беларусі для абстрэлу ўкраінскіх гарадоў і для базавання расійскіх вайсковых самалётаў, а таксама ў сакавіку 2023 года Пуцін і Лукашэнка заявілі пра планы размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца каля чатырох тысяч расійскіх вайскоўцаў, піша тэлеканал «Настоящее время».

Ва ўмовах вайны і рэжыму Лукашэнкі даведацца падрабязнасці спраў супраць украінцаў у Беларусі, а таксама ацаніць правамернасць прысудаў і абвінавачанняў вельмі складана: судовыя працэсы закрытыя, амбасада Украіны не каментуе сітуацыю, каб не нашкодзіць затрыманым, а праваабарончыя арганізацыі не маюць доступу да арыштаваных і іх спраў. 

Павел Купрыенка. Раздрукоўка з «інструкцыяй ад спецслужбаў»

Павел Купрыенка апошнія шэсць гадоў жыў у Калінкавічах Гомельскай вобласці, працаваў кіраўніком двух таварыстваў з абмежаванай адказнасцю. КДБ арыштаваў яго ў кастрычніку 2022 года. Дзявятага сакавіка 2023 года Гомельскі абласны суд прызнаў Купрыенку вінаватым у «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1 КК РБ) і прысудзіў да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд быў закрытым.


Падрабязнасці падобных спраў сёння ў Беларусі можна даведацца толькі з рэпартажаў на дзяржаўным ТБ, якія тэлевізійшчыкі рыхтуюць, абапіраючыся на матэрыялы спецслужбаў. У сюжэце пра Купрыенку на канале АТН гаварылася, што яго завербавала вайсковая выведка Украіны — у 2022 годзе, калі ён быў у Кіеве. У якасці доказаў прыводзіліся выявы двух дакументаў. Першы — ліст ад 21 красавіка 2022 года, нібыта падпісаны начальнікам Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірылам Буданавым, пра тое, каб Паўлу Купрыенку аказвалі ўсялякае садзейнічанне ў пераходзе ўкраінскай мяжы. Другі дакумент — інструкцыя з 30 пунктаў аб тым, якія звесткі Купрыенка павінен збіраць і перадаваць спецслужбам Украіны: «сачэнне за чыгуначнымі вузламі, перамяшчэннямі вайскоўцаў», «маніторынг сітуацыі аб гатоўнасці дэструктыўных сіл Беларусі здзейсніць дзяржаўны пераварот» і гэтак далей. У сюжэце сцвярджалася, што гэтую інструкцыю знайшлі ў беларускім офісе Паўла Купрыенкі — яна ляжала там у раздрукаваным выглядзе.

Разам з Купрыенкам асудзілі грамадзян Беларусі, якіх ён нібыта ўключыў у сваю агентурную сетку. Тараса Мачынскага (украінец, які атрымаў грамадзянства Беларусі ў 2010 годзе) суд прызнаў вінаватым у «здрадзе дзяржаве» і прысудзіў да 10 гадоў калоніі. Змітра Салавенчыка абвінавацілі ва «ўкрывальніцтве слядоў цяжкага злачынства» і аштрафавалі на 400 базавых велічынь (12 800 беларускіх рублёў, або каля $5000).

Мікалай Швец. Пагроза смяротнага пакарання

Украінцу Мікалаю Швяцу ў Беларусі можа пагражаць смяротнае пакаранне. Яго арыштавалі 4 сакавіка і абвінавачваюць у «акце тэрарызму» — падрыве вайсковага расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам 26 лютага. Неўзабаве пасля гэтага інцыдэнту кіраўнік аб'яднання былых беларускіх сілавікоў B*POL Аляксандр Азараў заявіў, што самалёт падарвалі беларусы з дапамогай дронаў і што ўсе яны ўжо па-за межамі Беларусі.


Пра пацярпелых падчас гэтай дыверсіі не паведамлялася, аднак сілавікі расследуюць яе як «тэракт». У сакавіку тэлеграм-канал АТN_news апублікаваў відэа затрымання Мікалая Швяца, дзе ён стаіць на каленях з голым торсам і адказвае на пытанні чалавека па-за кадрам:

— Які тэракт вы здзейснілі ў Рэспубліцы Беларусь?

— Ну, падарваў самалёт.

— Дзе?

— Аэрадром Мачулішчы.

— Як вы гэта зрабілі?

— З дапамогай двух дронаў.

— Хто арганізатар гэтага тэракта?

— Я працаваў з СБУ.

Праз месяц пасля затрымання Швяца на дзяржканале АНТ выйшаў гадзінны фільм пра падрыў самалёта ў Мачулішчах пад назвай «Гучныя правалы ўкраінскіх спецслужбаў у Беларусі», у якім расказваецца, што Мікалай быў завербаваны Службай бяспекі Украіны і заехаў у Беларусь праз Пскоў па расійскім пашпарце за месяц да падрыву. Дроны яму нібыта дапамог пераправіць беларус, які жыве ў Польшчы. З фільма стала вядома, што па гэтай справе праходзяць больш за 10 грамадзян Беларусі, якія нібыта дапамагалі Швяцу ажыццявіць тэракт і пакінуць Беларусь.

Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у фільме заявіў: «Усе ўдзельнікі арганізаванай групы, незалежна ад іх ролі ва ўчыненым злачынстве, прызнаюцца выканаўцамі. У сувязі з гэтым усім фігурантам крымінальнай справы выстаўленае абвінавачанне паводле ч.3 арт. 289 КК Беларусі, "Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай". З улікам таго, што за арганізацыяй спробы тэракту стаяць спецслужбы замежных дзяржаў, дзеянні фігурантаў з ліку грамадзян Беларусі кваліфікаваныя і паводле арт.356 КК — "Здрада дзяржаве". Санкцыі гэтых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне аж да смяротнага пакарання». На пачатку красавіка 2023 года КДБ Беларусі паведаміў, што затрыманых па гэтай справе ўжо каля трыццаці.

Што тычыцца ўкраінскага грамадзяніна Мікалая Швяца, то невядома, ці ёсць у яго адвакат і ці прызнае Швец віну (наколькі добраахвотна ён сказаў тое, што распаўсюдзілі аператыўнікі, таксама не ўяўляецца магчымым праверыць).

Андрэй Шмай. «Адпраўляў інфармацыю праз аплікацыю Signal»

З гэтага ж фільма беларускага дзяржаўнага тэлебачання — «Гучныя правалы ўкраінскіх спецслужбаў у Беларусі» — удалося даведацца і пра лёс яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны. Андрэй Шмай жыў у Віцебску з 2013 года, працаваў у Віцебскім аблвыканкаме рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў. Яго арыштавалі 19 студзеня 2023 года на працоўным месцы. Маці Андрэя, якая жыве ва Украіне, у Чарнігаве, расказвала журналістам, што ён проста знік — і толькі праз два тыдні родныя даведаліся, што Андрэй затрыманы, калі ім патэлефанаваў следчы. Сям'я нават праз адваката не магла зразумець прычыны затрымання, пакуль 5 красавіка з вышэйназванага фільма яны не даведаліся, што Андрэя абвінавачваюць у супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

З сюжэту вынікае, што Андрэй «адпраўляў інфармацыю ва Украіну праз спецыяльную аплікацыю». Маецца на ўвазе месенджар Signal — даступны любому карыстальніку тэлефона з iOS або Android сэрвіс абмену паведамленнямі, які выкарыстоўвае алгарытм скразнога шыфравання. Паведамленні Шмай нібыта адпраўляў малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні «Поўнач» намеснікам камандзіра па аператыўных справах. У фільме Андрэй Шмай кажа, што брата цікавіла інфармацыя пра ўзмацненне вучэнняў на беларуска-ўкраінскай мяжы з удзелам расійскіх войскаў. Але што менавіта перадаў брату Андрэй — рабочы, які не меў доступу ні да якіх сакрэтных звестак, — у сюжэце не паведамляецца. «Не меў доступу да дакументаў, але меў вочы і вушы», — гаворыцца ў матэрыяле дзяржТБ. Таксама ў сюжэце падкрэсліваецца, што Андрэй — былы вайсковец украінскай арміі, з 2006 па 2013 год ён служыў на мяжы ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы».


Цяпер Шмай у СІЗА, яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»). Пакаранне па гэтым артыкуле — пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў.

Арцём Макавей. «Мне сказалі, што сын уяўляе пагрозу нацбяспецы Беларусі»

27 студзеня 2023 года быў арыштаваны яшчэ адзін украінец — 23-гадовы жыхар Кобрына Арцём Макавей. Ён пражываў у Беларусі з 2009 года і працаваў дыджэем. Як расказала яго маці Іна Макавей, напярэдадні арышту сын паведаміў ёй, што яго выклікаюць у міграцыйную службу «прайсці паліграф». Ён адмовіўся, бо не разумеў, навошта гэта трэба, а 27 студзеня ў кватэры Арцёма выламалі дзверы і затрымалі яго. У міліцыі Іне Макавей сказалі, што сына затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ Брэста.

«Прычыну арышту мне ў КДБ не назвалі, сказалі толькі, што сын уяўляе пагрозу нацбяспецы Беларусі і будзе высланы з краіны, але крымінальная справа на яго не заведзеная. Я прыехала ў Беларусь, але мне не дазволілі ўбачыць сына. 24 сакавіка яго наведала адвакатка, якую я наняла, з яе слоў я даведалася, што за два месяцы ў ІЧУ яго так і не дапытвалі. За што затрыманы, ён не разумее, аніякіх дакументаў яму не паказвалі», — кажа Іна Макавей. У яе ёсць толькі здагадкі: «У яго ў тэлефоне было шмат украінскіх нумароў. Магчыма, ён посціў у сацсетках нейкія фота ў падтрымку Украіны». Цяпер жанчына чакае адказу з Генпракуратуры і Адміністрацыі Лукашэнкі з тлумачэннямі.

Праваабаронцы, якія спецыялізуюцца на дапамозе замежным грамадзянам у Беларусі, прызнаюцца, што ў цяперашніх умовах у іх практычна няма магчымасцей гэта рабіць.

«Да нас звяртаюцца вельмі мала, таму што наш сайт заблакаваны ў Беларусі і людзі не могуць быць цалкам інфармаваныя пра магчымую дапамогу. Складанасць і ў тым, што беларускія органы не публікуюць статыстыку пра затрыманні і выправаджэнні замежнікаў з Беларусі», — тлумачыць юрыстка праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».


Яна ўдакладняе, што фармулёўка «пагроза нацыянальнай бяспецы» вельмі шырокая і можа трактавацца органамі як ім зручна, без тлумачэнняў, таму выбудаваць абарону, аспрэчыць высылку або дэпартацыю чалавека на такой падставе вельмі складана.

Юрыстка патлумачыла, што высылка і дэпартацыя могуць быць добраахвотнымі і прымусовымі. Пры прымусовай высылцы замежніка затрымліваюць і могуць змясціць у ІЧУ:

«Звычайна, калі затрымалі, значыць, рашэнне пра прымусовую высылку ўжо прынятае. І грамадзяніна павінны былі з ім азнаёміць. Затрымліваюць менавіта для ажыццяўлення высылкі і проста з ІЧУ суправаджаюць або ў аэрапорт, або да наземнай мяжы. Тэрміны знаходжання ў ІЧУ могуць быць працяглымі. У выпадках з грамадзянамі Украіны і Расіі высылка, як правіла, адбываецца на працягу аднаго-трох месяцаў. Але цяпер, з улікам паламанай камунікацыі паміж дзяржорганамі Беларусі і дыппрадстаўніцтвамі, тэрміны прагназаваць складана».

Праблема яшчэ і ў тым, удакладняе юрыстка, што высылка і дэпартацыя — гэта не крымінальны працэс і адваката дзяржава ў гэтых сітуацыях прадастаўляць не абавязаная. Таму доступ замежнікаў да прававой абароны абмежаваны.

Грамадзянам Украіны, якія могуць аказацца ў сітуацыі Арцёма Макавея, праваабаронцы рэкамендуюць наступнае: калі прыйшло паведамленне з аддзела грамадзянства і міграцыі — з'явіцца туды, пры гэтым лепш узяць з сабой адваката або паведаміць пра візіт блізкім, знаёмым, сябрам, бо не выключана, што чалавека могуць проста паставіць перад фактам: вырашаецца пытанне аб высылцы або дэпартацыі. І проста там затрымаць.

Калі блізкія ў курсе, яны змогуць хутка зарыентавацца і знайсці адваката, які зможа абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйстаячы орган, а затым у суд. Тэрмін абскарджвання — пяць рабочых дзён. Для абскарджвання юрысты рэкамендуюць сабраць розныя дакументы, якія пацвярджаюць сувязь грамадзяніна з краінай і даказваюць адсутнасць правапарушэнняў і іншае. Асноўныя дакументы, якія рэгулююць гэтыя пытанні, — гэта закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (арт.67) і дзве пастановы Савета Міністраў: «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства» і «Аб парадку высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь».

Аднак, падкрэслівае юрыстка «Human Constanta», сёння тое, што адбываецца ў Беларусі, можна апісаць як прававы дэфолт — таму на практыцы ўсё можа працаваць інакш, чым загадваюць законы.

«Амбасада кантралюе гэтую праблематыку»

Амбасада Украіны ва ўмовах вайны і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, таксама абмежаваная ў магчымасцях аказваць дапамогу сваім грамадзянам. 10 сакавіка 2023 года амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню LIGA.net заявіў, што на сённяшні дзень у Беларусі арыштаваныя за шпіянаж сем грамадзян Украіны — і доступу да іх няма:

«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ — то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць... Цяпер магчымасці амбасады і консульства вельмі абмежаваныя, таму што беларускі бок разглядае нас як патэнцыйных ворагаў». Украінскія дыпламаты заклікаюць сваіх грамадзян, калі гэта магчыма, устрымацца ад паездак у Беларусь.


«Настоящее время» звярнулася ў амбасаду Украіны ў Беларусі з просьбай паведаміць, колькі дакладна ў краіне затрыманых і арыштаваных украінцаў, а таксама расказаць, ці была магчымасць у дыпламатаў сустрэцца з Мікалаем Швяцом, Паўлам Купрыенкам і іншымі. Амбасада паведаміла, што не можа даць каментар: «Амбасада кантралюе гэтую праблематыку, аднак даваць дадатковыя каментары на гэтую далікатную тэму лічым недарэчным, паколькі гэта можа нашкодзіць грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца пад следствам».