Як тлумачыцца дыверсія ў Мачулішчах у злітых сакрэтных дакументах ЗША?
Невядомыя злілі ў інтэрнэт звыш сотні сакрэтных дакументаў ЗША, якія тычацца вынікаў дзейнасці амерыканскай выведкі, а таксама даюць інсайды пра сітуацыю ў Расіі і Украіне. Невядома, наколькі праўдзівыя гэтыя файлы. Што цікава для беларусаў — гэта інфармацыя пра дыверсію ў Мачулішчах.
Вось ужо некалькі дзён сусветныя СМІ абмяркоўваюць і аналізуюць уцечкі сакрэтных дакументаў ЗША, у якіх раскрываюцца падрабязнасці аб дзейнасці амерыканскай выведкі і закулісных падзеях у некаторых краінах.
Першыя згадкі аб гэтых злівах з'явіліся яшчэ 7 красавіка, і датычылі яны працэсу падрыхтоўкі Украіны да контрнаступу на акупаваныя Расіяй тэрыторыі. Інфармацыя, якая ўсплыла, нібыта прымусіла ўкраінскае кіраўніцтва перагледзець некаторыя ваенныя планы.
У інтэрнэце з’явіліся каля сотні фатаграфій сакрэтнай амерыканскай дакументацыі, чый адпраўнік пакуль не быў знойдзены. Пры гэтым іх сапраўднасць (прынамсі, частку) ужо афіцыйна пацвердзілі ў Пентагоне, назваўшы ўцечку «сур'ёзнай рызыкай для нацыянальнай бяспекі ЗША», піша «Наша н*ва».
Як з'явіліся дакументы?
Каля ста, а можа і больш сакрэтных дакументаў амерыканскіх спецслужбаў з’явілася ў студзені ў адной з маленькіх груп на платформе для паведамленняў Discord. ПДФ-копіі папяровых арыгіналаў правіселі там два месяцы, пакуль адзін з карыстальнікаў не перапосціў частку з іх у іншую большую групу. Пасля частка дакументаў усплыла ў групе карыстальнікаў Minecraft. Нарэшце, у пачатку красавіка сфальсіфікаваная версія некаторых дакументаў з’явілася ў прарасійскіх тэлеграм-каналах.
У дакументах апісваюцца раней не вядомыя сусветнай грамадскасці палітычныя і ваенныя працэсы ў краінах Еўропы, Афрыцы, Азіі і Карыбскага басейна.
Беларусь
За арганізацыяй дыверсіі ў Мачулішчах, паводле злітай інфармацыі, стаіць Служба бяспекі Украіны. Пра гэта 11 красавіка паведаміла выданне The Economist.
Адзначаецца, што зліты дакумент з гэтай інфармацыяй быў пазначаны грыфам «надзвычайна сакрэтна».
Украіна
Злітыя дакументы паказалі, што Украіна мае вострую патрэбу ў боепрыпасах для сваіх СПА і што яе запасы апошніх супрацьпаветраных ракет будуць вычарпаныя да траўня.
Плюс да ўсяго стала вядома, што на тэрыторыі краін НАТО праходзяць навучанне 12 украінскіх баявых груп колькасцю па 4-5 тысяч салдат кожная. 6 з іх скончылі навучанне яшчэ да 31 сакавіка, дадатковыя 3 будуць гатовы да пачатку траўня.
Таксама высветлілася верагодная прычына адмовы ЗША ад паставак Украіне наступальных ракетных комплексаў вялікай далёкасці — заключаецца яна ў агучаным на адным з украінскіх брыфінгаў плане ўдарыць па Растоўскай вобласці Расіі, чаго не хацелі ў ЗША.
Расія
Зыходзячы з інфармацыі, якая з'явілася ў інтэрнэце, амерыканская разведка выдатна дасведчана практычна аб кожным кроку вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Расіі.
Інфармацыя ў разведданых з'яўлялася дзякуючы крыніцам у ГРУ, ФСБ, ПВК «Вагнер», расійскай вайсковай выведкцы і інш. Менавіта таму ЗША загадзя папярэджвалі Украіну аб многіх расійскіх ваенных планах, а таксама забяспечвалі ўкраінцаў інфармацыяй аб будучых палітычных рашэннях кіраўніцтва Расіі.
Акрамя гэтага, дакументы паказалі, што яшчэ ў канцы верасня 2022 года Расія ледзь не збіла вайсковы самалёт Вялікабрытаніі недалёка ад Крыма, што магло справакаваць глабальны канфлікт з НАТА.
Расія ў сваім каментарыі аб амерыканскіх уцечках адзначыла, што будзе вывучаць гэтыя дакументы, хоць яны і могуць быць свядомай дэзінфармацыяй.