Украінскія турмы чакаюць расійскіх дэпутатаў і суддзяў, а прэзідэнта РФ — Гаага
Расійскім суддзям пагражае мінімум 15 гадоў зняволення, гэтак жа, як і дэпутатам РФ. Зрэшты, у прысуду будзе істотны нюанс: пачатак адбыцця тэрміну пакарання для асуджаных суддзяў і дэпутатаў РФ вызначаны з дня іх фактычнага затрымання.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага
Служба бяспекі Украіны паведаміла, што завяршыла спецыяльнае дасудовае расследаванне ў дачыненні да 10 суддзяў Канстытуцыйнага суда Расіі. Абвінаваўчы акт накіраваны ў суд, паведамляецца на сайце спецслужбы ў аўторак, 11 красавіка.
Паводле звестак украінскага следства, 2 кастрычніка 2022 года расійскія суддзі падпісалі пастановы аб прыняцці ў склад РФ так званых «ДНР», «ЛНР», а таксама акупаваных частак Херсонскай і Запарожскай абласцей. Тым самым яны прызналі «законнымі» крамлёўскія дамовы аб «далучэнні» да Расіі часова акупаваных раёнаў Украіны.
На той момант Канстытуцыйны суд РФ складаўся з 10 дзеючых суддзяў разам з яго кіраўніком. Украінскі бок заявіў, што ўсе гэтыя людзі цяпер будуць адказваць за злачынную пастанову.
На падставе сабраных доказаў следчыя паведамілі расійскім суддзям аб падазрэнні па артыкуле аб дапамаганні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны (ч.5 арт. 27, ч.3 арт. 110 Крымінальнага кодэкса Украіны). Ім пагражае пакаранне да 15 гадоў турмы або пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.

Нагадаем, нядаўна, у канцы сакавіка 2023-га, украінскі суд вынес прысуд для 20 дэпутатаў Дзярждумы РФ. Усе яны атрымалі па 15 гадоў турмы. Пачатак тэрміну адбыцця пакарання для асуджаных дэпутатаў — з дня іх фактычнага затрымання. Пра гэта паведаміла СБУ 21 сакавіка.
15 лютага 2022 года гэтыя дэпутаты РФ падтрымалі пастанову аб звароце да прэзідэнта Расіі з просьбай прызнаць «незалежнасць» часова акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
«А ўжо 22 лютага прагаласавалі за ратыфікацыю так званай «дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе» паміж РФ і тэрарыстычнымі арганізацыямі «Л/ДНР». У далейшым Крэмль выкарыстаў гэтыя пастановы ў якасці фармальнай падставы для пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну і апраўдання ўзброенай агрэсіі», – гаворыцца ў паведамленні
Таксама напярэдадні СБУ перадала ў суд матэрыялы ў дачыненні да яшчэ 56 дэпутатаў Дзярждумы РФ.

Паводле korrespondent.net