Дзікія сцэнарыі: Смерць прэзідэнтаў і ўдар па Крамлі

Газета «New York Times» піша пра варыянты дзеянняў, прапанаваныя амерыканскай выведкай на выпадак падзей, якія радыкальна змяняюць сітуацыю ў вайне. Наколькі яны верагодныя?

Масква. Пажар 1812 года.

Масква. Пажар 1812 года.

Магчымая ўцечка сакрэтных дакументаў ЗША наконт баявых дзеянняў ва Украіне застаецца тэмай №1 у сусветных СМІ. Газета «New York Times» (NYT) піша, што ў адным са злітых у сеціва дакументаў выведвальнае ўпраўленне Мінабароны ЗША вылучыла гіпатэтычныя «нечаканыя», або «дзікія» сцэнарыі («wild card» scenarios), гэта значыць, з непрадказальнымі наступствамі. Пад дакументам стаіць дата 24 лютага і надпіс «One year» — верагодна, гэта паказвае на тое, што аналіз праводзілі праз год пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну.

Апісана, як кожны са сцэнарыяў можа патэнцыйна прывесці да эскалацыі вайны, яе завяршэння шляхам перамоў ці не мець істотнага ўплыву на ход падзей.

Выданне адзначае, што ўсе 4 сцэнарыі пазначаны як варыянты падзей з непрадказальнымі наступствамі («wild card») — ад рэзкай эскалацыі да мірных перамоў, з усімі прамежкавымі варыянтамі. Амерыканская вайсковая выведка не ацэньвае імавернасць гэтых падзей і наступстваў, а проста прапануе камандаванню і палітыкам варыянты дзеянняў у выпадку, калі такая падзея адбылася.

Выданне адзначае, што такі сцэнарны дакумент з'яўляецца дастаткова тыповым прадуктам для разведвальных службаў. Ён закліканы дапамагчы ваенным афіцэрам, палітыкам або заканадаўцам абдумаць магчымыя наступствы буйных падзей — і ацаніць свае варыянты дзеянняў.

Гіпатэтычныя сцэнарыі ўключаюць смерць прэзідэнтаў Расіі Уладзіміра Пуціна і Украіны Уладзіміра Зяленскага, змену кіраўніцтва ва Узброеных сілах Расіі і ўдар Украіны па Крамлі.

«У адным з чатырох гіпатэтычных сцэнарыяў Украіна наносіць удар па Крамлі. Вызначаны шырокі спектр патэнцыяльных магчымасцей. Гэта падзея можа прывесці да эскалацыі — Пуцін адказвае на абурэнне грамадства поўнамаштабнай мабілізацыяй і абдумвае прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Або, наадварот, страх насельніцтва можа падштурхнуць яго да мірнага ўрэгулявання», — распавядае «New York Times» пра развагі амерыканскіх улад.

Пры гэтым у апісаннях магчымых падзей няма ацэнкі таго, якая з іх можа быць найбольш верагоднай.

NYT адзначае, што адміністрацыя Байдэна асабліва занепакоена магчымым ударам па Маскве з боку Украіны, паколькі гэта можа выклікаць рэзкую эскалацыю з боку Расіі. Нібыта небяспека такога ўдару з боку Украіны з'яўляецца адной з прычын, чаму Злучаныя Штаты неахвотна даюць Кіеву ракеты большай далёкасці.

13 красавіка Джо Байдэн зрабіў заяву наконт уцечкі дакументаў Пентагана. «Мінюст ЗША і выведсупольнасць вядуць поўнамаштабнае расследаванне ўцечкі матэрыялаў Пентагона — і набліжаюцца да раскрыцця справы», — сказаў Байдэн падчас свайго візіту ў Ірландыю.

Паводле слоў амерыканскага прэзідэнта, яго больш непакоіць сам факт уцечкі дакументаў, а не іх змест.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Twitter і Telegram з'явіліся нібыта сакрэтныя дакументы наконт контрнаступлення Узброеных сіл Украіны з падрабязным апісаннем планаў ЗША і NATO.

Потым у ЗША заявілі пра новую ўцечку партыі сакрэтных дакументаў, якія апісваюць прынцыпы нацыянальнай бяспекі ЗША. Дакументы датычацца вайны ва Украіне, Кітая і Блізкага Усходу.

 Паводле ВВС, meduza.iokorrespondent.net