414-ты дзень вайны ва Украіне: галоўнае на гэты час

Украіна рыхтуецца да наступу. Расія акопваецца і збіраеццца абараняцца на захопленых украінскіх землях.

Украінскі вайсковец. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Украінскі вайсковец. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага


Расіяне ўначы абстралялі Славянск Данецкай вобласці ракетамі С-300, паведаміў мэр горада Вадзім Лях. Адна з ракет трапіла ў школу, пашкоджаныя таксама размешчаныя побач шматпавярховыя дамы. Другая ракета трапіла каля гарадскога водаканала, пашкоджаныя прыватныя дамы. Людзі не пацярпелі.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Ачарэціна), яшчэ двое атрымалі раненні.
У Херсонскай вобласці таксама адзін чалавек загінуў, двое параненыя.
У Харкаўскай вобласці ў выніку абстрэлу гарадскога пасёлку Двурэчная Купянского раёна два чалавекі загінулі, адзін паранены.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 13 красавіка: асабовага складу — каля 180 590 (+540 за мінулыя суткі) чалавек.

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua


Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. За суткі было адбіта больш за 45 нападаў праціўніка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
У Графскім (Валнавахскі раён Данецкай вобласці) і вакол яго павялічылася колькасць блокпастоў і патрулёў. На блокпастах расіяне актыўна праводзяць фільтрацыю мясцовага насельніцтва. У Благадатным рускія войскі, баючыся ўцечкі інфармацыі аб месцах размяшчэння сваіх падраздзяленняў, пачалі абмяжоўваць пэўныя маршруты руху таксістам, уезд мясцовым жыхарам дазволены выключна пры наяўнасці рэгістрацыі.



«Сакрэтныя дакументы» ЗША

Кіеў незадаволены прагнозамі з «сакрэтных дакументаў» ЗША аб тым, што ўкраінскае контрнаступленне не будзе мець вялікага поспеху, а прынясе толькі «сціплыя тэрытарыяльныя выгады», піша Politico са спасылкай на крыніцы. Высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі лічаць, што Вашынгтон у чарговы раз недаацэньвае ўкраінскія магчымасці.
«Тыя ж людзі, якія казалі, што Кіеў могуць узяць праз тры дні, цяпер зліваюць шкодную і такую ж недарэчную інфармацыю напярэдадні наступу, крытычна важнага для ўсяго вольнага свету», — сказаў суразмоўца газеты, які ўвесь час кантактуе з высокапастаўленымі чыноўнікамі ў Кіеве.
А прадстаўнік Украінскага Мінабароны заявіў, што прагнозы «даюць падставы для падазрэнняў» у тым, наколькі сур'ёзна ЗША падтрымліваюць мэты Украіны па поўным выцясненні Расіі з краіны.
Зрэшты, чуткі пра тое, што рыхтуецца контрнаступленне УСУ, цыркулююць ужо даўно. Гэта стымулюе моцны ціск ад украінскага грамадства на пачатак аперацыі. Аднак у апошні час раздаюцца здагадкі, што Украіна ўсё ж адклала наступ.
Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны ператвараецца ў зацяжны канфлікт, які працягнецца «далёка пасля 2023 года», піша Reuters са спасылкай на злітыя «сакрэтныя дакументы» Мінабароны ЗША. Пры гэтым амерыканцы мяркуюць, што расіяне не змогуць цалкам акупаваць Данбас.
«Сакрэтныя дакументы» Пентагона ўтрымліваюць таксама ацэнкі стратаў Украіны і РФ у вайне, якія значна адрозніваюцца ад афіцыйных звестак абодвух бакоў, піша Reuters. Так, страты Расіі ацэньваюцца ў 35,5—43 тысячы забітымі і 154 тысячы параненымі, гэта значыць агулам у 189,5—223 тысячы. Страты Украіны — 15,5–17,5 тысячы забітымі і 109–113,5 тысячы параненымі, гэта значыць усяго ад 124,5 да 131 тысячы.

Польшча хоча вырабляць снарады з збедненым уранам для танкаў Abrams, а таксама стаць галоўным еўрапейскім цэнтрам абслугоўвання амерыканскіх танкаў, заявіў прэм'ер Матэвуш Маравецкі падчас візіту ў ЗША.

Як перадаць расійскія грошы на аднаўленне Украіны?

У ЕС шукаюць законны шлях накіравання замарожаных расійскіх актываў на аднаўленне Украіны, паведаміла шведскае прадстаўніцтва.
Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што ўзяў удзел у сустрэчы спецыяльнага фармату падтрымкі Украіны — фінансавага: «Мерапрыемства праходзіць у Вашынгтоне і аб'ядноўвае міністраў фінансаў моцных дэмакратый — нашых партнёраў, Еўракамісію, кіраўнікоў міжнародных фінансавых інстытуцый: МВФ, Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Тэма — перш за ўсё аднаўленне Украіны пасля баявых дзеянняў... Ніякіх руін ва Украіне не будзе. Гэта наша мэта. І гэта будзе цалкам канкрэтны доказ поўнага пройгрышу дзяржавы-тэрарыста».
«Расійскія актывы павінны пайсці на аднаўленне пасля агрэсіі. Вайна павінна атрымацца самай дарагой — менавіта для агрэсара», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.
Украіна плануе атрымаць ад міжнародных партнёраў не менш за 115 млрд долараў доўгатэрміновай фінансавай дапамогі, заявіў Шмыгаль падчас візіту ў Вашынгтон. Паводле яго слоў, у 2023 годзе на праекты хуткага аднаўлення Украіне неабходна 14 млрд долараў.


Рэакцыя сусветнай супольнасці на відэа з забойствам украінскага вайскоўца

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш «прыйшоў у жах», калі прагледзеў відэа, на якім расійскія салдаты караюць смерцю ўкраінскага вайскоўца, паведаміў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык. Гутэрыш запатрабаваў прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых. Дзюжарык таксама дадаў, што тое, што адбываецца на відэа — не адзінкавы выпадак.
Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел заявіў, што калі факт пакарання ўкраінскага ваеннапалоннага расіянамі пацвердзіцца, то «гэта паставіць расійскіх салдат побач з Ісламскай дзяржавай, якую мы ўсе павінны асудзіць».

Паводле korrespondent.net, www.facebook.com, www.unian.net