Зяленскі: Нікому ў свеце нельга ігнараваць, як лёгка гэтыя звяры забіваюць

У сеціве распаўсюджваецца новае відэа жорсткага забойства падчас вайны.

Вайна ва Украіне. Ілюстрацыйнае відэа з тэлеграм-каналу Уладзіміра Зяленскага

Вайна ва Украіне. Ілюстрацыйнае відэа з тэлеграм-каналу Уладзіміра Зяленскага

На відэа, як заяўляе СБУ, расійскія вайскоўцы адразаюць галаву ўкраінскаму ваеннапалоннаму. Ва Украіне Расію параўноўваюць з «Ісламскай дзяржавай» і абяцаюць «знайсці катаў».

Што здарылася?

Увечары 11 красавіка ў расійскіх, а затым і ўкраінскіх сацсетках разышлося новае відэа жорсткага забойства. Відаць, што гэта пазасудовае пакаранне ўкраінскага ваеннапалоннага. Па кадрах роліка можна меркаваць, што людзі, якія ўчынілі забойства — расійскія вайскоўцы.

Адна з першых публікацый відэа з'явілася ў закрытым тэлеграм-канале стваральніка «Мужчынскай дзяржавы» Уладзіслава Пазнякова. Аўтар паста дадаў каментар у адрас «нітакусікаў», як адзначае The Insider, менавіта так называюць тых, хто падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, але выступае супраць жорсткасці ў дачыненні да ўкраінскіх ваеннапалонных.

Калі, дзе і кім было запісана відэа, а таксама хто менавіта на ім зняты, невядома. Мяркуючы па абстаноўцы, яго маглі запісаць летам 2022 года. Сапраўднасць запісу не пацверджаная.

На відэа бачна, як людзі з белымі пазнакамі на вопратцы, якія звычайна выкарыстоўвае расійская армія, жорстка катуюць украінскага ваеннапалоннага і адразаюць яму галаву нажом, калі той быў яшчэ жывы. Каты каментуюць пакаранне словамі: «Работаем, братья», «Ломай позвоночник, что никогда бошку не резал». Адрэзаную галаву яны дэманструюць на камеру.

Акрамя таго, пасля здзяйснення забойства каты паказалі на камеру бронекамізэльку-разгрузку з украінскімі знакамі адрознення.

Дзе і калі здымалі відэа, не вядома, але мяркуючы па зялёным лісці ў кадры, можна меркаваць, што запіс быў зроблены ўлетку мінулага года.

Расія горш за ІДЗІЛ

Адразу пасля таго, як відэа пачало актыўна распаўсюджвацца, кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў у сваім тэлеграм-канале: «За ўсё будзе адказ і адказнасць». Украінскія журналісты лічаць, што такім чынам ён пракаментаваў запіс з забойствам.

СБУ заявіла, што на відэа зафіксаваныя катаванні, а таксама забойства ўкраінскага ваеннапалоннага, здзейсненае салдатамі расійскай арміі. Ведамства пачало дасудовае расследаванне па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны, спалучаных з наўмысным забойствам (частка 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэкса Украіны).

«Мы знойдзем гэтых катаў. Калі трэба будзе — дастанем ўсюды, дзе б яны ні былі: з-пад зямлі або з таго свету. Але за зробленае яны дакладна панясуць пакаранне», — пракаментаваў запіс кіраўнік СБУ Васіль Малюк.

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што «Расія горшая, чым ІДЗІЛ». «Гэта абсурд, што Расія, якая горш, чым ІДЗІЛ, старшынюе ў Радзе Бяспекі ААН. Расійскія тэрарысты павінны быць выгнаныя з Украіны і ААН і панесці адказнасць за свае злачынствы», — напісаў ён у твітары.

Нагадаем, у склад Рады Бяспекі ААН уваходзяць пяць пастаянных чальцоў ААН — а менавіта Расія, Вялікабрытанія, Францыя, ЗША і Кітай, якія маюць права вета, — а таксама 10 краін-чальцоў на ратацыйнай аснове. Расія з 1 красавіка на ратацыйнай аснове пачала старшынства ў Радзе Бяспекі ААН.



Прэзідэнт Украіны ў сувязі з гэтым заклікаў да рэформы Рады Бяспекі, «каб дзяржава-тэрарыст і любая іншая дзяржава, якая хоча быць тэрарыстам, не магла разбурыць мір». «Свет не павінен ігнараваць тое, як лёгка гэтыя звяры забіваюць», — сказаўЗяленскі.

— Гэтае відэа — забойства ўкраінскага ваеннапалоннага — свет павінен бачыць. Яно паказвае Расію. Што гэта за істоты? Для іх няма людзей — сын, брат, муж. Гэта відэа Расіі, якая імкнецца зрабіць нормаю знішчэнне жыцця. Гэта не выпадковасць, не эпізод. Так было раней, так было ў Бучы. Тысячы разоў...

Уладзімір Зяленскі таксама заклікаў сусветных лідараў адрэагаваць на публікацыю відэа і дапамагчы Кіеву супрацьстаяць Маскве: «Кожны павінен рэагаваць. Кожны лідар. Не чакаць, што гэта забудзецца, што пройдзе час. Мы нічога не збіраемся забываць. І дараваць забойцам. Законная адказнасць будзе за ўсё. Патрэбны пройгрыш тэрору. Ніхто не зразумее, калі лідары не адрэагуюць. Цяпер трэба дзейнічаць! І нам ва Украіне — максімальна засяродзіцца на фронце. Максімальна дапамагаць».

 

Рэакцыя РФ

У Крамлі ў адказ на просьбу пракаментаваць відэа заявілі, што спачатку трэба праверыць сапраўднасць гэтых кадраў, бо «мы жывем у свеце фэйкаў».

«Безумоўна, гэта жудасныя кадры, і спачатку трэба праверыць дакладнасць, а затым, вядома, гэта можа стаць падставай для таго, каб праверыць, ці так гэта ці не так, ці мела гэта месца. Калі мела, то дзе і з боку каго», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

У Мінабароны РФ відэа не каментавалі. Пры гэтым у некаторых прарасейскіх тэлеграм-каналах публікацыя роліка выклікала ўхвальную рэакцыю, адзначае агенцтва «Інтэрфакс».

* * *

За некалькі дзён да гэтага ў прарасійскіх тэлеграм-каналах было апублікавана яшчэ адно відэа з абезгалоўленымі вайскоўцамі.

Як звярнуў увагу тэлеканал СNN, 8 красавіка ў прарасійскіх каналах было апублікавана іншае відэа з абезгалоўленымі вайскоўцамі. Яго нібыта запісалі найміты ПВК «Вагнера» непадалёк ад Бахмута ў Данецкай вобласці, сцвярджалі аўтары пастоў. На тым запісе — два абезгалоўленыя целы, як мяркуецца, украінскіх вайскоўцаў; яны ляжаць на зямлі побач са знішчанай вайсковай машынай. Чалавек, які зняў відэа, гаворыць па-руску. Яго голас зменены, верагодна, каб яго нельга было ідэнтыфікаваць. Паводле яго, бронеаўтамабіль падарваўся на міне. Адзначаецца, што нехта з тых, хто ваюе супраць Украіны, ужо паспеў падысці, забіць людзей і адрэзаць галовы. Аўтар відэа гэта нібы ўхваляе, але моманту забойства сам не заспеў. Мяркуючы з запісу, адзначае СNN, у забітых таксама былі адрэзаныя рукі. Хто гэта зрабіў, невядома.

10 красавіка ўкраінскае выданне УНІАН таксама расказала пра фотаздымкі адрэзанай чалавечай галавы, якую насадзілі на металічны профіль. Днём раней здымак апублікаваў расійскі паблік, што падтрымлівае вайну, «Military Z», які заявіў: здымак зроблены ў Бахмуце, а на ім — галава байца УСУ. Сапраўднасць фатаграфіі не пацверджана незалежнымі крыніцамі.

Паводле Meduza, www.eurointegration.com.uakorrespondent.net