Уладзімір Зяленскі: Расійскае права вета ў Радзе Бяспекі ААН азначае права забіваць

Падчас відэавыступу на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, украінскі прэзідэнт пералічыў жахлівыя злачынствы Расіі ва Украіне. Генсакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў да незалежнага расследавання злачынстваў у Бучы.

Рада Бяспекі ААН падчас пасяджэння, прысвечанага сітуацыі ва Украіне, Нью-Ёрк, ЗША, 5 красавіка 2022 год. PAP/EPA/PETER FOLEY

Рада Бяспекі ААН падчас пасяджэння, прысвечанага сітуацыі ва Украіне, Нью-Ёрк, ЗША, 5 красавіка 2022 год. PAP/EPA/PETER FOLEY

Падчас пасяджэння Рады Бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацый у аўторак генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў да незалежнага расследавання злачынстваў у Бучы. Ён дадаў, што быў шакаваны паказаннямі сведкаў аб забойствах і гвалце. Сустрэча Рады Бяспекі была скліканая Вялікабрытаніяй у адказ на жахлівыя доказы зверства Расіі, выяўленыя пад Кіевам.

Краіна, якая здзяйсняе ваенныя злачынствы, не можа быць чальцом Рады Бяспекі ААН, заявіў прэзідэнт Украіны падчас пазачарговага пасяджэння Рады ў аўторак.

Уладзімір Зяленскі праінфармаваў Раду Бяспекі ААН аб злачынствах, здзейсненых расійскай арміяй у гарадах пад Кіевам, у тым ліку ў такіх, як Буча, Ірпень і Гастомель, Барадзянка, Макарава і іншыя. Падчас відэавыступу кіраўнік Украіны пералічыў шэраг злачынстваў, учыненых расіянамі ва Украіне:

Забівалі цэлыя сем’і — дарослых і дзяцей. Спальвалі іх целы. Забівалі стрэлам у патыліцу. Катавалі. Расстрэльвалі на вуліцах. Кідалі целы ў калодзежы. Забівалі людзей у кватэрах, кідаючы туды гранаты. Яны пераязджалі танкамі людзей у легкавых аўтамабілях. Адразалі канечнасці. Пераразалі горла. Гвалцілі на вачах дзяцей.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што злачынствы ва Украіне здзяйсняе Расія, якая з'яўляецца пастаянным чальцом Рады Бяспекі ААН:

Яна (Расія. — Рэд.) свядома пачынае войны. Вядзе іх так, каб забіваць як мага больш мірных жыхароў, каб знішчыць гарады. Яна вядзе войны, каб засталіся толькі руіны і брацкія магілы. Яна падтрымлівае і распальвае нянавісць на масавым узроўні і спрабуе экспартаваць яе ў іншыя краіны пры дапамозе сваёй прапаганды і палітычнай карупцыі.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што перад абліччам злачынстваў Расіі неабходны суд, падобны да Нюрнбергскага, і новая сістэма міжнароднай бяспекі. Як ён падкрэсліў, што расійскія лідары павінны быць пакараныя:

— Як гэта зрабіць? Неадкладна прыцягнуць расійскіх вайскоўцаў і тых, хто даваў ім загады, да адказнасці за ваенныя злачынствы ва Украіне перад судом, падобным да Нюрнбергскага.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Арганізацыя Абʼяднаных Нацый павінна выключыць Расію з Рады Бяспекі:

Сістэма ААН павінна быць рэфармаваная без прамаруджвання, каб права вета не было законам смерці. Каб усе рэгіёны свету былі прадстаўлены ў Радзе Бяспекі. Неабходна неадкладна прымусіць агрэсара да міру. Неабходная рашучасць.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што мэты, дзеля якіх была створана ААН, не дасягнутыя, таму неабходна грунтоўная рэформа арганізацыі. Калі гэтага не адбудзецца і ААН не выпрацуе механізмаў падтрымання міру ў свеце, то, на думку ўкраінскага прэзідэнта, Рада Бяспекі ААН павінна быць распушчаная. Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што неабходна ўводзіць далейшыя санкцыі, якія дэстабілізуюць расійскую эканоміку:

Пасля таго, што свет убачыў у Бучы, санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, павінны мець такую ж вагу, як і ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі акупантамі супраць украінцаў. Калі, нягледзячы на гэта, расійскія банкі змогуць нармальна функцыянаваць, калі транспарціроўка тавараў у Расію працягнецца, і калі краіны Еўрасаюза пасля нечага падобнага будуць плаціць Расіі за энерганосбіты, да іх лідараў не будуць ставіцца, як раней.

Нагадваем, кіраўнік Кіеўскай абласной паліцыі Андрэй Нябітаў паведаміў, што пакуль толькі з часткі вобласці ў сталіцу былі дастаўленыя 410 целаў мірных жыхароў. Аднак Буча — гэта не адзінае месца жахлівых злачынстваў расійскіх жаўнераў. Украінская паліцыя вядзе іх падрабязны падлік. Матэрыял будзе перададзеныя ў пракуратуру, якая падрыхтуе на гэтай падставе абвінаваўчы акт.

Самае шакавальнае, што правесці пасяджэнне Рады Бяспекі па Бучы запатрабавала таксама Расія, якая абвінаваціла Украіну ў інсцэніроўцы жахлівых сцэн і прасоўванні іх у свеце. Расія выступіла з такімі заявамі, нягледзячы на доказы — у тым ліку спадарожнікавыя фатаграфіі і відэа, якія паказваюць, што мірныя жыхары загінулі там падчас расійскай акупацыі.

Сцэны масавых пахаванняў і расстрэлаў у Бучы нагадваюць Катынь, заявіў амбасадар Польшчы ў ААН Кшыштаф Шчэрскі ў заяве, дасланай на пасяджанне Рады Бяспекі ААН у аўторак. Ён дадаў, што нельга дазваляць вінаватым пазбегнуць адказнасці і адмаўляць сваю віну, як гэта адбылося ў выпадку разні тысячаў палякаў Катыні.

«Інфармацыя, якая паступае да нас з Бучы і іншых месцаў, уздымае сурʼёзныя і трывожныя пытанні аб магчымых ваенных злачынствах, а таксама аб сурʼёзных парушэннях міжнароднага гуманітарнага права і сурʼёзных парушэннях правоў чалавека», — напісала ў заяве Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачалет (Michelle Bachelet). Яна дадала, што неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб забяспечыць незалежнае і эфектыўнае расследаванне таго, што адбылося ў Бучы, якое гарантавала б праўду, справядлівасць і пакаранне вінаватых, а таксама кампенсацыю ахвярам і іх семʼям.

Вашынгтон звернецца да Генасамблеі ААН з патрабаваннем прыпыніць сяброўства Расіі ў Радзе па правах чалавека ААН — заявіла амбасадар ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд (Linda Thomas-Greenfield). «Сяброўства Расіі ў Радзе па правах чалавека — гэта фарс (...). І гэта няправільна, таму мы лічым, што настаў момант, калі Генеральная Асамблея ААН павінна прагаласаваць за яго зняцце», — сказала Лінда Томас-Грынфілд. Яна дадала, што запатрабуе галасавання па гэтым пытанні найпазней на гэтым тыдні. Згаданую прапанову падтрымала кіраўніца дыпламатыі Вялікабрытаніі Элізабет Трас (Liz Truss).

Ад пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны (24 лютага) да апошняга панядзелка (4 красавіка) ў выніку ваенных дзеянняў ва Украіне загінулі 1 480 мірных жыхароў і 2 195 атрымалі раненні, паведамляе Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Рэальная колькасць мірных ахвяр, верагодна, значна вышэйшая за прыведзеныя лічбы, чытаем у заяве. ААН пакуль не атрымала інфармацыі з некаторых рэгіёнаў, дзе пастаянна ідуць цяжкія баі. Статыстыка не ўключае, між іншым, поўных справаздачаў з такіх гарадоў, як Марыупаль, Валнаваха, Ізюм, Папасная і Барадзянка, паведамляе УВКПЧ.

У сваю чаргу, Упраўленне ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў абвясціла, што Украіна ў цяперашні час зʼяўляецца адной з найбольш замініраваных краін у свеце.

Паводле даных упраўлення, у многіх рэгіёнах Украіны, дзе ідуць жорсткія баі, расіяне размясцілі міны каля дамоў, бальніц і ўздоўж дарог. У выніку мірныя жыхары аказаліся ў пастцы — і яны не могуць пакінуць зону ваенных дзеянняў. Міны таксама перашкаджаюць гуманітарным арганізацыям пастаўляць патрэбную дапамогу.

 Паводле Польскае радыё