Ці можна выйграць вайну, калі ў перамогу не верыць ніхто, нават уласная армія?

Украінскае контрнаступленне не пачалося, а ўжо мала хто сумняваецца ў тым, чым яно скончыцца, — піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

ahrana.jpg

Калі б букмекеры пачалі прымаць стаўкі на поспех украінскага контрнаступлення, то гэта стаўкі былі б, напэўна, прыкладна дзесяць да аднаго. Я — звяртаю ўвагу — не ацэньваю цяпер перспектывы самога наступу. Для таго, каб іх ацэньваць, я занадта слаба разбіраюся ў сучасных стратэгіях і тактыках. Я цяпер пра тое, як ацэньваюць гэтыя перспектывы іншыя назіральнікі.

Вось наступленне яшчэ не пачалося, а Расія ўжо перажывае яго непрыемныя наступствы. За мінулы тыдзень веліч Расіі саслізнула на яшчэ адзін геапалітычны ўзровень уніз. Уласна, на мінулым тыдні ўсё выглядала так, што ад былой геапалітычнай велічы ў Расіі застаўся толькі малодшы саюзнік і паслы асобных афрыканскіх дзяржаў.


  • Азербайджан прапанаваў Казахстану альтэрнатыўны расійскаму маршрут пастаўкі нафты ў Еўропу.
  • Арменія, якая паабяцала не арыштоўваць Пуціна, калі той заедзе ў госці, на ўсялякі выпадак наважылася ўзяць удзел у вучэннях NATO. Такія вось у Арменіі аказаліся паняцці аб калектыўнай бяспецы.
  • Балгарыя абвясціла, што закрые свае парты для ўсіх расійскіх караблёў, незалежна ад таго, пад якім сцягам гэтыя плаваюць.
  • Фінляндыя канчаткова ўступіла ў NATO.
  • Ірландыя задумалася наконт адмовы ад нейтральнага статусу.
  • Нават сяброўства з Кітаем аказалася бязмежным выключна ў рытарычным сэнсе гэтага слова.



    Я ўжо не кажу пра непаліткарэктныя развагі экс-кіраўніка ЦРУ Джэймса Олсана, які лічыць, што прэзідэнту Расіі нядоўга засталося таптаць гэтую зямлю і што яго прыбярэ яго ж уласнае асяроддзе. Усё ж такі, калі на тэму ліквідацыі прэзідэнта былой вялікай дзяржавы разважае былы экс-кіраўнік контрвыведкі ЦРУ, то такія развагі выглядаюць у лепшым выпадку як папярэджанне, а ў горшым — як інструкцыя да карыстання. Асабліва, улічваючы, што парады Олсана неадкладна сталі папулярным трэндам сярод былых высокапастаўленых заходніх вайскоўцаў.

    І вось я лічу, што ўсе гэтыя прыкметы новай перамены геапалітычнага статусу — прамое наступства ўкраінскага контрнаступлення, якое яшчэ нават не пачалося.

    Контрнаступленне не пачалося, а ўжо мала хто сумняваецца ў тым, чым яно скончыцца. Гэта значыць, існуюць некаторыя рознагалоссі адносна дробных дэталяў. Таго, дзе канкрэтна скончыцца наступленне. Але ў тым, чым яно скончыцца, па-мойму, наогул ужо ніхто не сумняваецца. Акрамя саюзнага тэлевізара, вядома.

    Таму што нават найбліжэйшы хаўруснік у сваім пасланні палохаў не перамогай Расіі, а наступствамі, якія будзе мець яе параза. Па-мойму, нават у расійскай арміі ёсць поўны кансэнсус адносна свайго лёсу. А вельмі цяжка выстаяць, калі ўсе загадзя выраклі цябе на паразу.