«Вечнае» далучэнне Фінляндыі да Расеі адбылося роўна 215 гадоў таму. Праз некалькі дзён Фінляндыя будзе ў NATO
У 1808 годзе, празь месяц пасьля пачатку адзінаццатай вайны за тры стагодзьдзі супраць Швэцыі, расейскі імпэратар Аляксандар І выдаў свой знакаміты маніфэст. Давайце разгледзім, наколькі вечным атрымалася гэтае далучэньне, узгадаем паўстаньні і войны і скончым вечным далучэньнем Фінляндыі да NATO.
З чаго ўсё пачалося?
На пазначаны вышэй 1808 год Расейская імпэрыя была верным хаўрусьнікам свайго сябра па зброі Напалеона Банапарта. Па выніках Тыльзіцкага міру, які сканчваў сабою ваенныя сутыкненьні пачатку ХІХ ст., Францыя і Расея дзейнічалі ў агульным фарватары. Парыж імкнуўся саслабіць свайго ворага Вялікую Брытанію. Хаўрусьнікам брытанцаў была Швэцыя, на якую і напала Расея. Няхітрымі параўнаньнямі можам заўважыць гістарычныя паралелі з тым, чым займаліся сталіністы з немцамі ў 1939 годзе.
Тэрыторыя сучаснай Фінляндыі ня мела дзяржаўнасьці і ўваходзіла ў склад Каралеўства Швэдзкага. Вельмі хутка пасьля пераходу мяжы тэрыторыя Фінляндыі была акупаваная расейскімі войскамі. Прыкладна за месяц армія заняла Гельсінгфорс (сучасныя Хельсінкі) і Тавастэхус, крэпасьць Свартхольм, умацаваны мыс Гангут і Аляндзкія выспы. Такім чынам, уся Паўднёвая і Сярэдняя Фінляндыя апынулася пад кантролем расейцаў. Пры гэтым насельніцтву раздаваліся праклямацыі, у якіх былі зьмешчаныя абяцаньні гарантаваць захаваньне ранейшых рэлігіі, законаў і прывілеяў.
Ужо 1 красавіка 1808 года расейскі кіраўнік Аляксандар выдаў маніфэст са словамі:
Гучыць як рэферэндум у акупаваным Крыму.
Расейскі кіраўнік на адмысловым троне ў Фінляндыі на скліканым сойме зачытваў свае ж словы па-французску фінам. У наступныя гады сойм не быў скліканы ні разу. Грашовай адзінкай уводзіўся расейскі рубель, расейскі генэрал-губэрнатар кіраваў новай правінцыяй. У 1810 годзе створанае так званае вялікае княства Фінляндыя ў складзе Расейскай імпэрыі.
Дасьледчык тык часоў Каці Катайіста піша пра антыпатыю і жах, якую адчувалі фіны да расейцаў. Ён кажа, аб «правядзеньні адрозьненьня ад барбарскай Расеі». Для нас можа апынуцца нечаканым, што Расею яшчэ ў пачатку ХІХ ст. лічылі «барбарскай» нават у колах швэдзкага шляхецтва. Як вынікае з кнігі Катайіста, шляхта бачыла ў Расеі недахоп свабоды і «азіяцкі» дэспатызм. У 1808 годзе шматлікія швэдзкія афіцэры лічылі за лепшае памерці, чым стаць расейцамі.
У другой палове ХІХ
ст. пачала энэргічна расьці і прасоўвацца ідэя аб незалежнасьці Фінляндыі. Яна выходзіла
з фінскамоўнай большасьці насельніцтва. У супрацьвагу ёй была прашвэдзкая
партыя, якая выступала за ранейшы гістарычны кантэкст, калі Фінляндыя была
часткай суседняй скандынаўскай краіны.
У працы Кары Кетола пераканаўча паказана, наколькі экзатычным было выправіцца ў Расею вучыцца расейскай мове і наколькі суровым было неўхваленьне і якое падазрэньне ў апартунізме гэта выклікала на працягу ўсяго пэрыяду аўтаноміі Фінляндыі. Гэта супярэчыць таму, што падаецца гісторыкамі з расейскага боку, якія вучаць аб тым, што перыяд Расейскай імпэрыі падараваў фінам свабоду і шанец на росквіт культуры, а самі жыхары Фінляндыі былі глыбока ўдзячныя расейскаму ўраду за вырываньне з лапаў швэдзкіх калянізатараў.
Напрыканцы ХІХ ст. распачалася палітыка русіфікацыі. Як знаёма гэта гучыць беларускаму вуху. Расейская мова была ўведзеная як абавязковая ў справаводзтве і ў школах. У 1899 годзе кіраўнік Расеі падпісаў маніфэст, па якім нават умоўнае зацьвярджэньне законаў у фінскім сойме больш не патрабавалася. Вялікае княства Фінляндзкае па сутнасьці станавілася звычайным расейскім рэгіёнам. Распачаўся магутны рух супраціву фінаў. Апагеем было забойства ў 1904 годзе расейскага генэрал-губэрнатара Бобрыкава.
З пачаткам расейска-японскай вайны была спроба японцаў падтрымаць фінансава і зброяй фінскіх нацыянальных дзеячаў дзеля пачатку паўстаньня і абвяшчэньня незалежнасьці. Аднак карабель з усім патрэбным затануў, і пытаньне адклалася на некаторы час. Але разам з тым пасьля цяжкай паразы ў вайне расейцы вымушаныя былі зьмякчыць палітыку ў адносінах да Фінляндыі і нават дазволілі абраць парлямэнт замест старога сойма, заснаванага на саслоўях. У наўпроставых выбарах бралі ўдзел усе жыхары Фінляндыі, і больш за тое — першымі ў Эўропе выбарчым правам былі надзеленыя кабеты. Ва ўсім сьвеце падобнае адбылося раней толькі ў Новай Зэляндыі.
Нягледзячы на тое, што і гэтыя правы праз пару гадоў былі зноў рэзка абрэзаныя расейцамі на чале зь іх прэм’ерам Сталыпіным, працэс поўнага адыходу ад Расеі працаваў напоўніцу.
У 1917 годзе ў сувязі з вырокам ад улады расейскага кіраўніка, фіны выкарысталі старажытны закон аб асабістай вуніі, што фармальна злучала княства і імпэрыю. Па законе неабходна было знайсьці новы кіроўны каралеўскі дом, пры вакантным троне. У Расеі гэтае пытаньне не было вырашанае, і таму фіны з чыстым сэрцам і сумленьнем 6 сьнежня 1917 года (на чатыры месяцы раней за БНР) абвесьцілі незалежнасьць Фінляндыі. Дзякаваць Богу, чырвоная зараза не пасьпела атрымаць распаўсюду на фінскіх землях, і ўладу атрымаў правы ўрад пад кіраўніцтвам Манэргейма.
Напярэдадні вайны 1940 года, калі СССР напаў на Фінляндыю, якую зьбіраўся за кароткі час (узгадаем узяць Кіеў за тры дні) акупаваць і саветазаваць, каб далучыць да сваёй чырвонай імпэрыі зла, як гэта здарылася з краінамі Балтыі ў тым жа 1940 годзе, у Карэліі былі зьнішчаныя тысячы фінаў і карэлаў. Масавыя рэпрэсіі вынішчылі эліту народа, які імкнуўся злучыцца з Фінляндыяй. Камуністы забаранілі выкарыстаньне фінскай мовы на тэрыторыях, якія знаходзіліся пад іх панаваньнем.
Пра зімовую вайну, якая скончылася ганебным чынам для (другой арміі сьвету?), мы падрыхтуем асобны матэрыял. Адзначым, аднак, што гераічны фінскі народ здолеў не даць захапіць Фінляндыю і пакінуў яе незалежнай. А ў так званай «вайне працягу», якая ахоплівала 1941-1944 гады, фіны здолелі захапіць Карэлію, якую потым усё адно прыйшлося аддаць у камуністычны рай.
Такім чынам, тое, што пачыналася 1 красавіка 1808 года з «Краіну гэтую, зброяй Нашай заваяваную, Мы далучаем з гэтага часу назаўжды да Расейскай Імпэрыі», скончылася далучэннем Фінляндыі да паўночна-атлянтычнага альянсу NATO, што мы ўбачым у самыя бліжэйшыя дні, як сказаў генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг.