Хронікі рэпрэсій за 12 красавіка
Галоўныя весткі з палёў рэпрэсій за сённяшні дзень.
Менеджара культурных праектаў Сяргея Макарэвіча выпусцілі пасля пяці месяцаў за кратамі. Інфармацыі пра яго справу амаль няма. Макарэвіча затрымалі 4 лістапада пасля ператрусу ў яго дома. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў гродзенскай турме №1. Ёсць інфармацыя, што ён быў вызвалены пад паручыцельства. Праваабаронцы прызналі Макарэвіча палітвязнем.
Стала вядома пра затрыманне Ірыны Зімневай, дырэктаркі Цэнтра славянскіх моў і культур «Славцентр», які ў тым ліку навучае польскай мове для атрымання карты паляка і паступлення ў ВНУ Польшчы. За што менавіта затрымана Зімнева, не паведамляецца. Вядома, што Ірына — маці дваіх непаўналетніх дзяцей.
Расійскі консул сустрэўся з Соф'яй Сапега, якая выказала згоду на экстрадыцыю ў Расію. Як паведамляюць СМІ, «падчас сустрэчы з асуджанай грамадзянкай Расіі ад яе была атрымана згода на экстрадыцыю ў Расію для магчымага адбыцця далейшага пакарання ўжо на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі». Тэхнічнымі дэталямі працэдуры экстрадыцыі будуць займацца беларускія і расійскія сілавікі.
Як стала вядома праваабаронцам, 11 красавіка Гомельскі абласны суд прысудзіў Мікалая Давыдава да крымінальнай адказнасці паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч.1 арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Справу разглядаў суддзя Аляксей Лысянкоў. Суд прысудзіў былому інжынеру «Гомсельмаша» два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Маладзечанская «Рэгіянальная газета» трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яе інфармацыйныя прадукты былі прызнаны судом Партызанскага раёна Мінска «экстрэмісцкімі», а раней, 15 сакавіка, у доме 64-гадовага рэдактара газеты Аляксандра Манцэвіча прайшоў ператрус. Сілавікі затрымалі яго разам з жонкай Нінай Манцэвіч. Пазней яе адпусцілі. 27 сакавіка Манцэвіча перавялі ў СІЗА ў Жодзіне. Ён з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы па «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». Праваабаронцы прызналі Манцэвіча палітвязнем.
Сына палітыка Анатоля Лябедзькі Арцёма не вызвалілі пасля адміністрацыйнага арышту, а адправілі яшчэ на 15 сутак. Арцём быў затрыманы сілавікамі 28 сакавіка. 29 сакавіка адбыўся суд, яго пакаралі 15 суткамі арышту — за «дробнае хуліганства»: нібыта «стаяў каля міліцыі і нецэнзурна лаяўся».
У Мінску затрымалі майстра татуіровак Іллю Акішава. Сілавікі сцвярджаюць, што атрымалі спіс яго кліентаў. Хлопца вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і нанясенні татуіровак «пратэснага характару».
Сёння стала вядома, што намесніка кіраўніка асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь» Сяргея Заслаўскага адправілі адбываць адміністрацыйны арышт на Акрэсціна. Яго абвінавацілі паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі») і пакаралі 15 суткамі арышту. Заслаўскага затрымлівалі тыя самыя амапаўцы, для якіх ён вядзе семінары па сілавой падрыхтоўцы. Імаверная прычына затрымання — допіс у сацсетках: Заслаўскі быццам бы перадрукаваў артыкул пра свае спартыўныя дасягненні з рэсурса, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне прызнаны палітвязнямі 1483 чалавекі. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1753 чалавекі. Сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.