Што будзе, калі з Беларусі нанясуць удар па Украіне ядзернай зброяй?
Пуцін прыняў нейкае новае рашэнне наконт размяшчэння войска РФ у Беларусі, лічыць палітаглядальнік Арцём Шрайбман. Але кіраўнік РФ дае Лукашэнку час адыграць сваю частку спектакля, то-бок заявіць, што гэта ён папрасіў Расію пра дапамогу, а не наадварот.
Пуцін і Лукашэнка рыхтуюць новы ваенны план? Якіх наступстваў можна чакаць, калі з тэрыторыі Беларусі будзе нанесены ўдар па Украіне ядзернай зброяй, і навошта яна са стратэгічнага пункту гледжання Лукашэнкі?
Што стаіць за прапановай дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Вальфовіча адпраўляць студэнтаў у войска? Рэжым не баіцца суіцыду палітвязняў? На гэтыя і іншыя надзённыя пытанні палітычны аналітык Арцём Шрайбман разважае для «Люстэрка» ў новым выпуску праекта «Шрайбман адкажа».
— На мінулым тыдні Лукашэнка сустрэўся з Пуціным, на гэтым — з міністрам абароны Расіі Шайгу, да таго ў Мінск прылятаў кіраўнік разведкі РФ Нарышкін. Да чаго рыхтуюцца ўлады і што значаць словы Лукашэнкі пра тое, што «ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю»?
— Мяркуючы з заяваў Лукашэнкі ў другі дзень яго паездкі ў Маскву, яны з Пуціным тэт-а-тэт абмяркоўвалі пытанні бяспекі. Па ўсіх гэтых пытаннях яны дамовіліся, і хутка публіка пачуе пра нейкія рашэнні. І гэта ўжо стала практыкай іх шматгадзінных размоваў. Спачатку сустрэчы праходзяць без нейкага абвяшчэння вынікаў — а потым праз некалькі дзён ці тыдняў мы даведваемся пра новы фармат ваеннай інтэграцыі. Мяркуючы з усяго, прылёт Шайгу ў Мінск на наступны ж дзень пасля таго, як з Масквы вярнуўся Лукашэнка, — гэта працяг абмеркавання ўсё тых жа пытанняў.
На час размовы, 11 красавіка, складана адгадаць, што ў галаве ў Лукашэнкі і што канкрэтна яны абмяркоўвалі з Пуціным. Але, што нашмат важнейшае, я не ведаю, якія планы ў Крамля на беларускую тэрыторыю.
Але, мяркуючы з некалькіх ускосных прыкметаў, Лукашэнка і Пуцін рыхтуюць новы раўнд узмацнення расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Ці будзе гэта звязана з ядзернай зброяй, пакуль незразумела. Але словы Лукашэнкі пра тое, што ён патрабуе ў Расіі новых гарантый бяспекі, відавочна выглядаюць пралогам якраз да такога ўзмацнення вайсковай прысутнасці.
Акрамя таго, на сустрэчы з Шайгу Лукашэнка згадаў, што яны з Пуціным плануюць прыняць нейкі новы дакумент, прысвечаны якраз гарантыям бяспекі Беларусі з боку Расіі. А Шайгу між іншым заўважыў, што ён услед за Пуціным абмяркуе з Лукашэнкам «пашырэнне рамак» знаходжання расійскай вайсковай групоўкі ў Беларусі. Інакш кажучы, нас чакае больш расійскіх вайскоўцаў у нашай краіне. І, як і заўсёды, гэта пададуць пад соусам таго, што гэта Лукашэнка запрасіў іх у краіну, каб яны яго абаранялі.
Калі ўспомніць, то менавіта з такім абгрунтаваннем у Беларусь уводзілі шматтысячную групоўку расійскіх войскаў у пачатку 2022 года. Тую самую, якая потым уварвалася ва Украіну. А затым, восенню, менавіта для таго каб абараняць Беларусь і стварыць рэгіянальную групоўку войскаў, у нашую краіну накіравалі расійскіх мабілізаваных, якія, як цяпер высвятляецца, проста трэніруюцца на беларускіх палігонах. А потым, нібыта адклікаючыся на просьбу Лукашэнкі, Пуцін вырашыў размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.
Цяпер мы бачым усе прыкметы таго, што Пуцін прыняў нейкае новае рашэнне ў гэтым кірунку. Але ён дае Лукашэнку час адыграць сваю частку спектакля, то-бок заявіць, што гэта ён папрасіў Расію пра дапамогу, а не наадварот.
— Мы ўсё часцей чуем пра спробы суіцыду палітвязняў у калоніях. Чаму так адбываецца? Рэжым не баіцца, што кагосьці ў выніку не ўдасца выратаваць і гэта можа выклікаць велізарны рэзананс? Ці ўладам ужо ўсё роўна?
— Мяркуючы з аповедаў былых палітвязняў, напрыклад Аляксандра Кабанава, спробы суіцыду ў калоніі — гэта не заўсёды сапраўды спроба забіць сябе. Вельмі часта гэта такая форма барацьбы за свае правы. Гэты метад абсалютна жахлівы, але здаецца, што часта толькі ён даступны шматлікім зняволеным. І гэта ў першую чаргу сімптом знішчэння любых звычайных законных працэдур абароны правоў зняволеных, асабліва калі яны сядзяць за палітыку.
Скаргі, адвакаты, спробы выклікаць рэзананс за межамі калоніі — усё гэта ўжо альбо не працуе, альбо адміністрацыя актыўна перашкаджае таму, каб зняволеныя гэтым займаліся. Застаецца крайні метад, які ўладзе ўсё яшчэ цяжка ігнараваць. Здаецца, што, калі зняволены сапраўды заб’е сябе, гэта выкліча нейкія бюракратычныя праблемы для адміністрацыі калоніі або адказных асобаў. За гэта, мабыць, усё яшчэ могуць пакараць. Але незразумела, ці будзе так заўсёды і ці не прыйдзем мы ў сітуацыю, у якой адміністрацыям калоній будзе напляваць і на сапраўдныя суіцыды сваіх зняволеных.
Чаму так адбываецца? Прычына, на жаль, трывіяльная. І гэтай сцежкай ішло не толькі беларускае грамадства. Адбылася дэгуманізацыя палітычных праціўнікаў — «бэчэбэшнікаў і змагароў», як іх называюць улады. Для многіх чыноўнікаў у пенітэнцыярнай сістэме і не толькі ў ёй стала абсалютна прымальным, нармальным ставіцца да гэтых людзей як да людзей ніжэйшай касты.
Такая атмасфера стварае вельмі небяспечныя стымулы. Садыстам на месцах нашмат прасцей задавальняць свой садызм на палітычных. А ўсё яшчэ гуманным людзям становіцца ўсё больш і больш небяспечна праяўляць сваю чалавечнасць да палітвязняў. А раптам падумаюць, што ты ім сімпатызуеш.
Плюс да гэтага многія абмежаванні санкцыянуюцца не на месцах, а цэнтралізавана. Гэта датычыць і рэпрэсій супраць адвакатаў, і абмежавання перапіскі, і абмежавання зносін для самых вядомых палітвязняў накшталт Марыі Калеснікавай або Віктара Бабарыкі з астатнімі зняволенымі. То-бок стварэнне вакол іх такога поўнага сацыяльнага вакууму. З такой дыскрымінацыяй немагчыма змагацца на месцах, бо загад на гэта ў калоніі прыйшоў з Мінска.
Як расказваюць некаторыя палітвязні, што вызваліліся зусім нядаўна, сітуацыя яшчэ не чорна-белая. У розных калоніях і ізалятарах усё яшчэ застаюцца людзі, схільныя выконваць закон ці нават неяк спрабаваць змякчыць умовы знаходжання некаторых сядзельцаў. Але чым даўжэй будзе цягнуцца гэтая дэгуманізацыя палітвязняў і поўная беспакаранасць садыстаў на месцах, тым больш прымальным і нармальным самім чыноўнікам будзе здавацца сегрэгацыя зняволеных на звычайных, «нармальных», зэкаў і «ворагаў», у дачыненні да якіх дазволена ўсё.
—
Са стратэгічнага пункту гледжання, навошта Лукашэнку ядзерная зброя?
— Вашае пытанне мае на ўвазе, што Лукашэнка прымаў гэтае рашэнне зыходзячы з нейкіх уласных стратэгічных інтарэсаў. На маю ж думку, ядзерная зброя ў Беларусі з’явіцца ці не з’явіцца не таму, што так вырашыла беларуская ўлада, а таму, што гэта будзе трэба ці не трэба Крамлю. Але тое, што цэнтр прыняцця гэтага рашэння знаходзіцца ў Маскве, не значыць, што Лукашэнка не можа знайсці ў ім нейкіх выгадаў для сябе.
Першая і галоўная з іх — гэта магчымасць патрабаваць ад Расіі вялікіх эканамічных саступак, большай падтрымкі за такую важную форму садзейнічання ў вайне. І тут не трэба ілюзій. Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, калі яно адбудзецца, будзе часткай гэтай вайны. Таму што Уладзімір Пуцін хоча такім чынам напалохаць Захад, прымусіць яго не падтрымліваць Украіну ў ранейшых аб’ёмах — для таго каб Расія магла дамагчыся поспехаў на полі бою. І паколькі Мінск аказвае гэтую важную паслугу, яна мусіць адэкватна аплачвацца.
Па-другое, у Аляксандра Лукашэнкі ўжо шмат гадоў была фіксацыя на ядзернай зброі як на нейкім амулеце — абароне ад ціску, санкцый, спробаў зрынуць яго рэжым. Ён шмат разоў паўтараў, што Беларусі не трэба было адмаўляцца ад ядзернай зброі ў 90-я. Калі б тагачасная ўлада не зрабіла гэтай памылкі, то ніхто б не наважыўся ціснуць на сённяшнюю беларускую ўладу, у якой былі б ядзерныя ракеты. Гэта не зусім так. Паўночнай Карэі не ўдалося абараніцца ад сусветнай ізаляцыі, у тым ліку і на ўзроўні Савета Бяспекі ААН, сваёй ядзернай зброяй. Хутчэй, наадварот — гэта ядзерная зброя стала прычынай для большасці санкцый. Але пра сілавое зрынанне паўночнакарэйскага рэжыму сапраўды ніхто не думае.
Калі глядзець на сітуацыю вачыма Лукашэнкі, то ўсе вялікія пратэсты ў Беларусі былі спробамі Захаду зрынуць яго. І, адпаведна, калі ў Захаду не атрымалася некалькі разоў, то — паводле гэтай логікі — Захад абавязкова паспрабуе зрабіць з ім тое, што ён зрабіў з Кадафі, з Мілошавічам або з Хусэйнам.
Ядзерная зброя, калі б яна была ў руках Лукашэнкі, сапраўды магла б застрахаваць яго ад такога сцэнару. Але ў гэтых развагах ёсць два «але».
Па-першае, ніхто з сур’ёзных гульцоў не збіраецца зрынаць беларускі рэжым сілай, пакуль ён знаходзіцца ў альянсе з ядзернай дзяржавай, з Расіяй. А па-другое, ніхто ў рукі Лукашэнкі гэтую ядзерную зброю даваць не збіраецца. Ім карыстаюцца як плацдармам. І ў гэтым сэнсе з пункту гледжання абароненасці Лукашэнкі ад знешніх пагроз ад наяўнасці ядзернай зброі нічога не мяняецца. Ён як быў пад дахам Крамля, так там і застаецца. Калі гэты дах нейкім чынам знікне — напрыклад, праз змену ўлады ў Маскве, — то разам з ім знікне і ядзерная зброя, і ўсе астатнія гарантыі для Лукашэнкі.
— Якіх наступстваў можна чакаць, калі з тэрыторыі Беларусі будзе нанесены ўдар па Украіне ядзернай зброяй?
— Сумленным адказам будзе: мы не ведаем, бо мы яшчэ ніколі не былі ў такой сітуацыі. Ядзерную зброю ў баі выкарысталі ў гісторыі ўсяго адзін раз — у канцы Другой сусветнай вайны супраць Японіі. У чалавецтва проста няма практыкі рэагавання на такое. Але відавочна, што першае выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі ў гэтай вайне стала б рубіконам, пасля якога многія стрымліванні і абмежавальнікі, што працавалі да гэтага, працаваць перастануць.
Па-першае, гэта рэзка павысіць імавернасць удараў па Беларусі з Украіны, якая пакуль ад гэтага ўстрымліваецца. Натуральна, што першай мэтай для такіх удараў стануць месцы і сістэмы пуску ядзерных ракет. Але пакуль не відавочна, што ва УСУ будуць на гэта сродкі. У тым сэнсе, што мы не ведаем, якія заходнія ракеты будуць пастаўленыя ва Украіну на момант ядзерных удараў з Беларусі. І мы не ведаем, колькі ва Украіны застанецца дальнабойных дронаў, якімі яна сёння наносіць удары па тэрыторыі Расіі.
Але ў любым выпадку пад прыцэлам будуць вайсковыя аб’екты, інфраструктура, аэрадромы ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Да многіх з іх Украіна можа сёння дастаць ужо сваімі «Хаймарсамі», якіх у яе дастаткова.
Але, па-другое, і гэта самае важнае, — свой ход у адказ будуць павінныя зрабіць краіны NATO. Таму што для іх дазволіць беспакарана выкарыстоўваць ядзерную зброю ў захопніцкай вайне — значыць легітымізаваць такі метад вядзення вайны. Даць астатнім уладальнікам ядзернай зброі карт-бланш на тое, каб выкарыстоўваць яе ў будучыні. Гэта заахвоціць многія меншыя краіны развіваць сваю ядзерную праграму, каб абараніцца ад патэнцыйнага выкарыстання такой зброі сваімі буйнейшымі суседзямі.
Увесь свет, такім чынам, можа занурыцца ў гонку ядзерных узбраенняў. І ясна, што Захад паспрабуе спыніць гэта ў зародку. Узмацненне жорсткасці санкцый супраць Беларусі ці Расіі будзе занадта млявым і несувымерным адказам. Ні Масква, ні Мінск не зробяць з гэтага ніякіх правільных высноваў. А значыць, з высокай доляй імавернасці нас будзе чакаць ваенны адказ NATO.
Заходнія эксперты з ліку былых вайсковых кіраўнікоў і кіраўнікоў разведкі ЗША ў якасці прыкладаў прыводзілі некалькі сцэнараў. Напрыклад, NATO можа ўвесці беспалётную зону над тэрыторыяй Украіны. Такім чынам, Альянс будзе збіваць усе ракеты і самалёты, якія на яе залятаюць без дазволу ўкраінскіх уладаў. Акрамя таго, сярод мераў называлася знішчэнне Чарнаморскага флоту Расіі ці расійскай сухапутнай групоўкі на акупаваных тэрыторыях Украіны. Высокадакладная зброя ў Захаду для такіх мераў ёсць, што паказвалі ўдары апошніх гадоў па Сірыі або Іраку.
Але калі ядзерная зброя, запуск якой і справакуе такі адказ NATO, будзе выкарыстаная з тэрыторыі Беларусі, то гэта паставіць вайсковыя аб’екты Расіі на тэрыторыі нашай краіны ў лік першых цэляў для ўдару ў адказ. Бо растлумачыць знішчэнне беларускага «Іскандэра» або вайсковага аэрадрома, з якога вылецелі самалёты, што ўдарылі ядзернай зброяй па Украіне, будзе нашмат прасцей, чым спрабаваць тлумачыць, навошта было тапіць дзясяткі расійскіх ваенных караблёў з тысячамі ахвяр, якія не мелі да гэтага ядзернага ўдару непасрэднага дачынення.
І ўлада ў Мінску, якая спадзяецца на стрымлівальны эфект ад ядзернай зброі, мусіць разумець, што стрымліванне працуе толькі да таго моманту, пакуль зброя не выкарыстоўваецца. А калі гэта ўжо зроблена, праціўніку няма чаго вас баяцца.
— Навошта дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Вальфовіч прапанаваў вярнуцца да практыкі прызыву студэнтаў у войска? Што з гэтага можа атрымацца?
— Тут праяўляюцца два трэнды апошніх гадоў, якімі прасякнутая ўся палітыка ўладаў. Гэта мілітарызацыя і вяртанне да савецкіх практык у розных сферах жыцця.
Мілітарызацыя праяўляе сябе ў пашырэнні колькасці людзей, якія павінныя будуць стаць пад ружжо ў выпадку вайны ў Беларусі. Улада ўжо раздала зброю ў МНС і леснікам, спрабуе ствараць народнае апалчэнне, праводзіць пастаянныя зборы і вучэнні рэзервістаў.
Але немалаважна і тое, што Лукашэнка, Швед, Качанава і Вальфовіч — гэта людзі аднаго пакалення, якія сфармаваліся ў савецкія гады. І калі ў краіне і вакол яе відавочны крызіс, іх першая рэакцыя — вярнуцца да практык, якія працавалі ў іх юнацтве, да зразумелых савецкім механізмаў кантролю грамадства.
Армія для ўсіх маладых мужчын — гэта не толькі спосаб папоўніць вайсковыя рэзервы ў Беларусі і павялічыць іх у некалькі разоў. Гэта яшчэ і механізм ідэалагічнага кантролю, устаўлянне мазгоў пакаленню Ціктока і Інстаграма. Калі можна на год вырваць маладога чалавека з жыцця і заняцца тым, што ўлада лічыць патрыятычным выхаваннем, то чаму гэтага не зрабіць? Бо раней усё выдатна працавала, і ніхто ў савецкія гады супраць такога не пратэставаў.
Тым больш Лукашэнка вядомы сваёй фетышызацыяй вайсковай службы: «не нюхаў пораху — не мужык», «не служыў — ды якая жанчына на цябе паглядзіць». І ў гэтым сэнсе Вальфовіч нічым не рызыкуе. Нават калі яго ідэю не рэалізуюць, ён разумее, што яна спадабаецца яго начальніку.
Але калі гэтую меру ўсё ж прымуць, то яе наступствы прадказаць няцяжка. Бяднейшыя сем'і будуць спрабаваць «адкасіць» па здароўі або адкупіцца ад войска. Багацейшыя будуць ужо са старэйшай школы глядзець, у якую краіну адправіць сваіх сыноў. У выніку мы ўбачым рост карупцыі і паскарэнне ўцечкі мазгоў — працэсаў, якія ўжо пачаліся пасля 2020 года.
Урэшце, паміж сённяшняй Беларуссю і СССР пры ўсіх падабенствах ёсць адно важнае адрозненне — усё яшчэ адкрытая мяжа. Таму рызыка недалічыцца тысяч абітурыентаў з самых плацежаздольных сем’яў цалкам рэальная, і яна можа прымусіць улады як мінімум адкласці такія меры, каб не ставіць беларускія ВНУ ў шокавы фінансавы стан.
— Здаецца, што Беларусь накрывае жалезная заслона: самалёты ў ЕС не лётаюць, Польшча пакінула адзін пераход, дзейнічаюць візавыя абмежаванні. Якая логіка ў краін, якія ўводзяць такія абмежаванні? Якая мэта?
— Логіка ўсіх гэтых крокаў розная, але яна з відавочна зрушаным прыярытэтам — у бок уласных інтарэсаў, а не інтарэсаў беларусаў.
Частка праблем з выдачай віз выкліканая проста банальным недахопам рук. Беларусь яшчэ ў 2020 годзе рэзка скараціла штаты як польскага, так і літоўскага пасольстваў. А менавіта консулы гэтых краін выдавалі пераважную большасць шэнгенскіх віз. А ў іншых пасольствах таксама не хапае людзей, бо ў іх ніколі не было столькі свабодных консулаў, каб узяць на сябе ўвесь гэты паток.
Як вядома, беларусы заўсёды былі ў лідарах у свеце з пункту гледжання заявак на шэнгенскія візы на душу насельніцтва. Нейкія меры прымаліся ў адказ на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у сярэдзіне 2021 года. І тут Захаду прынцыпова важна было паказаць недапушчальнасць такіх паводзінаў, не стварыць такі прэцэдэнт, які дазволіў бы ўсім астатнім аўтакратам у розных частках свету саджаць самалёты, якія пралятаюць праз іх неба, каб арыштаваць нейкага палітычнага праціўніка. Важна было даць жорсткі і хуткі адказ. Пра інтарэсы беларусаў-падарожнікаў тады дакладна ніхто не думаў.
Тая самая логіка спрацавала праз некалькі месяцаў, калі ў адказ на міграцыйны крызіс польскія ўлады таксама закрылі некаторыя памежныя пераходы. Ідэя была стварыць максімальны стрэс для беларускай транзітнай эканомікі — каб улада хацела вырашыць гэтую праблему і перастала перапраўляць мігрантаў да мяжы.
А з пачаткам вайны ў візавай палітыцы ў дачыненні як да расіян, так і да беларусаў пачалі дзейнічаць аргументы пра бяспеку, але ўжо еўрапейскіх краін. Логіка такая: раз гэтыя дзве краіны пачалі агрэсіўную вайну ў цэнтры Еўропы, нам, еўрапейцам, варта баяцца таго, што разам з турыстамі да нас закінуць агентаў беларускіх або расійскіх спецслужбаў. Хірургічнага вырашэння гэтай праблемы не знайшлі і вырашылі проста агулам абмежаваць выдачу ўсіх гэтых візаў.
У некаторых краінах барацьба з беларусамі і расіянамі пад выглядам клопату пра ўласную бяспеку стала проста полем для папулізму мясцовых палітыкаў. Раптам стала вельмі модна і палітычна запатрабавана дэманстраваць сваю прынцыповасць у барацьбе з Пуціным і з Лукашэнкам. І многія палітыкі вырашылі, што няма нічога прасцейшага, чым абмежаваць правы беларусаў і расіян — у тым ліку тых, хто даўно жыве на Захадзе.
А калі ўрад нейкай еўрапейскай краіны з нейкіх меркаванняў гэтага не робіць, то апазіцыя заўсёды можа пачаць крытыкаваць яго за гэта і набіраць на гэтым палітычныя балы — маўляў, ва ўладзе нейкія русафілы. У выніку ўсе стымулы пачынаюць працаваць у бок узмацнення жорсткасці візавых і міграцыйных працэдураў, а не ў бок большай адкрытасці беларускім і расійскім грамадзянам.
Вайна спісвае нават самыя дурныя рашэнні, а закрыццё памежнага пераходу ў адказ на 8-гадовы прысуд Андрэю Пачобуту мы ўжо разбіралі ў мінулым выпуску. Варшава не лічыла, што яна можа проста праігнараваць гэтае рашэнне, але іншых адчувальных метадаў уздзеяння на Мінск у арсенале проста не заставалася.
Іншымі словамі, тут ёсць вялікі набор з абсалютна розных матываў: ад глабальных да мясцовых, ад аб’ектыўных да кан’юнктурных. Але ўсе яны аб’яднаныя тым, што беларуская і расійская ўлада сёння перавялі сябе ў такую лігу, калі ў дачыненні да іх жаданне пакараць — нашмат большы прыярытэт, чым жаданне ўлічваць інтарэсы іх грамадзян.