Яўген Магда: Лукашэнка страціў усё, што мог, яго словы, што «каханую не аддаюць», былі пустышкай
Лукашэнка фактычна ператварыў Беларусь у закладніцу расійскага ядзернага прэвентыўнага ўдару, і гэта не самая прыемная перспектыва для грамадзян Беларусі. Пра гэта дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда распавёў «СНплюс».
Настаў час выразна сказаць: у афіцыйнага Кіева больш ніколі не будзе добрых даверных адносін з Лукашэнкам, затое ёсць магчымасць пачаць дыялог з шырокім спектрам дэмакратычных сіл, якія супрацьстаяць яму.
12 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, калі знаходзіўся з рабочым візітам у Венгрыі, высунуў новую мірную ініцыятыву — абвясціць перамір'е: «Беларусь, як і Венгрыя, на баку міру. Перамір'е павінна быць абвешчана без права перамяшчэння, перагрупоўкі войскаў з абодвух бакоў, без права перакідання зброі, боепрыпасаў, жывой сілы і тэхнікі», — сказаў Сяргей Алейнік. Што адказаў на беларускую ініцыятыву афіцыйны Кіеў? Чаму Лукашэнку з усіх бакоў абходжваюць ганцы з Крамля? Супраць каго накіраваная тактычная ядзерная зброя ў Беларусі? І ці баяцца ў Кіеве расійскай тактычнай ядзернай зброі?
«СНплюс» пагаварыла з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам (Кіеў, Украіна).
Лукашэнку абходжваюць з усіх бакоў ганцы з Крамля, як ахвяру махлярства
— 5-6 красавіка Лукашэнка быў у Маскве на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы. Але напярэдадні Мінск наведаў кіраўнік СВР РФ спадар Нарышкін, а пасля візіту Лукашэнкі ў Беларусі пабываў міністр абароны РФ Шайгу. Пра што сведчыць пастаяннае «суправаджэнне» Лукашэнкі расійскімі чыноўнікамі?
— Няма нічога дзіўна ні ў першым, ні ў другім выпадках. Ведаеце, калі ашуканцы пракручваюць аферу, то яны абходжваюць сваю ахвяру з усіх бакоў. Сітуацыя вакол Лукашэнкі склалася менавіта такая: у мяне няма сумневу, што спадар Нарышкін прывозіў у Мінск версію пра польскае імкненне захапіць Беларусь і паказваў там нейкія «дакументы»; не маю ні найменшага сумневу, што Лукашэнка і Шайгу казалі пра тактычную ядзерную зброю. Зразумела, беларускі кіраўнік абяцае ўсё што заўгодна: ён ужо знаходзіцца не проста на кароткім ланцужку Крамля, гэты ланцужок па чарзе трымаюць розныя расійскія віпы.
— Перамовы з Пуціным — абавязковы пункцік кожнага візіту з Мінска. Публічна гаварылася пра поспехі «саюзнага будаўніцтва», але галоўнай тэмай дэбатаў, як мяркуецца, стала размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. А ваша версія тэмы чарговай сустрэчы?
— Думаю, візіт у Маскву насіў рытуальны характар: бо дэлегацыя паляцела туды пасля працяглага звароту да беларускага народа і парламента, у якім была пагроза кіраваць ядзернай зброяй разам з Крамлём. Але гэта абсалютная хлусня, таму што, па-першае, сістэма дублявання абсалютна нявыгадная Расіі, ніхто не збіраецца даваць Мінску дадатковыя інструменты ўплыву, якія дазваляюць вырвацца з-пад расійскай апекі, або паспрабаваць распачаць уласную гульню. А па-другое, узмацненне Лукашэнкі не ўваходзіць у пералік аператыўных задач Масквы: навошта ёй моцны Лукашэнка? Ёй патрэбны толькі слабы.
Дыпламатычны статус беларуска-ўкраінскіх адносін варта было б панізіць
— Як расійская тактычная ядзерная зброя ў Беларусі паўплывае на вайну ва Украіне і на стасункі з Украінай?
— Яшчэ ў верасні мінулага года ўкраінскія генералы Залужны і Забродскі апублікавалі свой сцэнар баявых дзеянняў у 2023 годзе. Яны акцэнтавалі ўвагу на тым, што нават тактычны ядзерны ўдар не зменіць волю Украіны ў яе імкненні аднаўляць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. На самай справе тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі накіравана перш за ўсё супраць Польшчы, Літвы і Латвіі — краін НАТА, якія адпаведным чынам павінны рэагаваць на падобную актыўнасць. Я думаю, Польшча актывізуе размову аб размяшчэнні на сваёй тэрыторыі амерыканскай тактычнай ядзернай зброі, тым больш напярэдадні парламенцкіх выбараў. Іншая справа, што адміністрацыя Байдэна можа на гэта не пайсці.
Але адносіны з Украінай усё гэта дакладна не палепшыць. Пакуль не бачу гатоўнасці Кіева разарваць дыпламатычныя стасункі з Мінскам, я ўжо неаднаразова называў прычыны, з якіх украінскі амбасадар дагэтуль знаходзіцца там. Але панізіць статус двухбаковых адносін мела б сэнс, тым больш, беларускай амбасады ў Кіеве няма ўжо год.
Украіна павінна рэагаваць на збліжэнне Беларусі і Расіі на ядзернай глебе абсалютна асіметрычна, праз запуск механізмаў Люблінскага трохкутніка (Польшча, Літва, Украіна), які ствараўся ў 2020 годзе, каб даваць адказы на выклікі рэгіянальнай бяспекі. Другі напрамак — дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі: мяркую, настаў час дакладна сказаць, што з Лукашэнкам у афіцыйнага Кіева больш ніколі не будзе добрых даверлівых адносін, варта весці дыялог з шырокім спектрам тых сіл, якія знаходзяцца ў апазіцыі да Лукашэнкі.
У Мінска не засталося магчымасці ўхіліцца ад стварэння ядзернай «Саюзнай дзяржавы»
— Расія бярэ Беларусь пад свой ядзерны парасон, беларуская ўлада ўцягвае краіну ў паўнавартасную вайну. Наколькі рэалістычным вам уяўляецца такі «бартэр»?
— Не веру ў яго. Я бачу, хутчэй, іншы варыянт: Лукашэнка будзе размяшчаць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, але пры гэтым беларускія хлопцы не пачнуць ваяваць ва Украіне. Толькі такі варыянт ён зможа прадаць беларускаму народу нават ва ўмовах магутнага паліцэйскага рэжыму. Мне здаецца, магчымасцяў для манеўру ў беларускага кіраўніка вельмі мала. Ён апынуўся ў такой сітуацыі, калі не засталося магчымасцяў пазбегнуць стварэння ядзернай Саюзнай дзяржавы — без яе рашэння, без манеўраў і палітычнага галасавання. Лукашэнка ў гэтым плане страціў усё, што мог, а ягоныя словы пра тое, што «каханую не аддаюць», былі пустышкай: ён фактычна ператварыў Беларусь у закладніцу ў адказ або прэвентыўнага ўдару, і гэта не самая прыемная перспектыва для грамадзян Беларусі.
— Кіраўнік беларускага МЗС у Венгрыі прапанаваў абвясціць аб спыненні агню ва Украіне. Ваша рэакцыя?
— Беларусь не першы раз аказваецца ў кільватэры расійскай замежнай палітыкі. Ініцыятыва спынення агню з'яўляецца працягам так званага «паслання» — нічога новага ў тым няма. Думаю, і беларускае МЗС нічога новага не пачуе ў адказ: гэтая ініцыятыва будзе праігнараваная Кіевам з абсалютна відавочных прычын.
Пераклад «НЧ»