«Цэнтралізаванай дапамогі няма». Як змяняецца жыццё палітвязняў пасля турмы?

Свет мяняецца карэнным чынам для людзей, якія выходзяць на волю. Іншы горад, іншыя кантакты, пошук дапамогі і працы... Ці ёсць на каго разлічваць сёння тым, хто адсядзеў «за нашу і вашу свабоду»?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Паводле звестак праваабарончага цэнтра «В*сна», некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць кожны месяц на волю з месцаў зняволення пасля заканчэння тэрміну, пасля суда да накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (ПУАТ) альбо да пачатку адбыцця «хатняй хіміі». У сакавіку, паводле звестак праваабаронцаў, цалкам адбылі свае тэрміны як мінімум 12 чалавек.

Як жывуць былыя вязні, з якімі праблемамі сутыкаюцца, хто ім дапамагае, чаму з'язджаюць ці застаюцца ў Беларусі? Тры гісторыі на «Нямецкай хвалі».

«Дапамогі і падтрымкі заўсёды было вельмі шмат»

«Ні разу — ні падчас зняволення, ні пасля вызвалення — я не засталася без якой-небудзь дапамогі з боку дэмакратычных актывістаў, звычайных беларусаў. Дапамогі і падтрымкі заўсёды было вельмі шмат», — расказвае актывістка і журналістка Вольга Класкоўская.

Яна выйшла на волю ў снежні 2022 года пасля 26 месяцаў у зняволенні. У лютым Вольга экстранна выехала з Беларусі. «Ціск сілавікоў быў настолькі моцным, я адчувала сябе ў такой небяспецы, што прыняла рашэнне аб эвакуацыі», — кажа дзяўчына.

Суразмоўніца прызнаецца, што пасля вызвалення, як і многія палітвязні, сутыкнулася з посттраўматычным сіндромам, які суправаджаецца бессанню і пастаянным пачуццём трывогі. «Даходзіць да таго, што ты проста з дома не хочаш выходзіць. Вельмі складана мець зносіны нават з блізкімі людзьмі. Ты знясілены, дэзарыентаваны», — дзеліцца Вольга.

«Ты даверышся, а заўтра на цябе данос ляжа»

Яна адзначае, што дэмакратычныя арганізацыі, фонды пастаянна прапануюць дапамогу псіхолагаў, але часам гэтага недастаткова: псіхолаг не можа дыстанцыйна выпісаць рэцэпт. Звяртацца да спецыялістаў-псіхатэрапеўтаў у Беларусі былыя палітвязні асцерагаюцца.


«Ты прыйдзеш, даверышся, а заўтра на цябе данос ляжа або праз твой візіт пацерпіць лекар» (месяц таму ў Беларусі масава затрымлівалі псіхатэрапеўтаў, патрабуючы расказваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў. Да таго ж уступілі ў сілу змены ў законе «Аб псіхалагічнай дапамозе», і сілавікам стала прасцей атрымаць інфармацыю, якая складае прафесійную таямніцу. — Заўв. рэд.), — тлумачыць Вольга.

Некаторыя палітвязні таксама баяцца звяртацца па фінансавую дапамогу ў фонды, хоць у B*SOL ёсць праграма падтрымкі для былых вязняў. «Многія не ведаюць, многія баяцца, хтосьці саромеецца, з маіх сяброў-палітвязняў дзесьці палова звярнуліся па гэту дапамогу, хоць маюць патрэбу ўсе», — адзначае Вольга.

Былым палітвязням складана ўладкавацца на працу, асабліва калі яны, як і сама Вольга, унесены ў так званы «спіс экстрэмістаў»: «Нават людзі, якія спачуваюць, не хочуць мець справу, таму што баяцца, што ў іх узнікнуць потым праблемы з сілавікамі. А міліцыя патрабуе працы. Замкнёнае кола».

«Выжываем дзякуючы жонцы»

«Выжываем дзякуючы жонцы, у яе даход больш-менш, а я хаджу на працу дзеля працы, для міліцыі», — прызнаецца былы палітвязень Андрэй (імя зменена). У 2020 годзе яго па абвінавачанні ў «парушэнні грамадскага парадку» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) прысудзілі да двух з паловай гадоў калоніі. Мужчына цалкам адбыў пакаранне некалькі месяцаў таму.

«Складана было прывыкнуць, што я дома. Потым пошук працы, калі больш за 700-1000 рублёў (блізу 250-360 еўра) ніхто не прапануе», — кажа Андрэй. Яму, можна сказаць, пашанцавала ўладкавацца на працу з заробкам 1200 рублёў (430 еўра). Паводле слоў былога палітвязня, на больш аплатную працу з яго артыкулам браць не хочуць, а на дзяржпрадпрыемствы — «па змаўчанні не».

Дадатковыя праблемы стварае пастаноўка на ўлік у міліцыі, дзе трэба адзначацца раз на тры дні, праходзіць праверкі, наведваць «лекцыі» і іншыя прафілактычныя мерапрыемствы.

Што тычыцца дапамогі ад дабрачынных фондаў, то Андрэй лічыць, што яны «не вельмі дапамагаюць» або экс-палітвязні не ведаюць, як з імі звязацца. «Рэальнымі крокамі было б, калі б яны больш актыўна дапамагалі, аказвалі дапамогу ў працаўладкаванні, давалі гарантыі жылля і працы ў выпадку пераезду», — лічыць суразмоўца.

Сам ён пакуль застаецца ў Беларусі, таму што тут ёсць кватэра. Акрамя таго, яго дзіцяці патрэбна аперацыя.

«Пад каўпаком страху, што цябе праслухоўваюць, сочаць»

«Свет, у які ты выходзіш, моцна адрозніваецца ад таго, якім ты яго сабе ўяўляў, калі сядзеў», — дзеліцца Ігар (імя зменена). Мужчыну таксама асудзілі па «народным» 342-м артыкуле. Яму далі паўтара года калоніі, ён выйшаў на волю мінулай восенню.


Некалькі месяцаў таму мужчына вырашыў з'ехаць з Беларусі. «Ты павінен сам запаўняць дакументы, шукаць выхады на тых, хто можа дапамагчы з візай, і ўсё гэта пад каўпаком страху, што цябе праслухоўваюць, сочаць за тваімі тэлефонамі і сацсеткамі», — расказвае Ігар.

Ён таксама звяртае ўвагу, што былыя палітвязні пасля вызвалення аказваюцца ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы. Падчас зняволення шмат грошай сыходзіць на адвакатаў і перадачы. Да таго ж сілавікі, як правіла, канфіскуюць усю тэхніку, у тым ліку тэлефоны.

«Цэнтралізаванай дапамогі няма. Усім, каго я ведаю, грошы збіралі сябры і родныя. Людзі купляюць рэчы, тэхніку, робяць візы і з'язджаюць», — кажа Ігар.

«Патрэбны трэк па сацыялізацыі палітвязняў»

Сам ён да арышту быў праграмістам і пасля пераезду хутка знайшоў працу. Але так, паводле яго слоў, шанцуе не ўсім. Большасць яго знаёмых не змаглі знайсці нейкую пастаянную працу са стабільным прыбыткам. У той жа час Ігар адзначае, што неабходную медыцынскую дапамогу экс-палітвязням гатовы аплаціць беларускія фонды салідарнасці.

Суразмоўца перакананы: для таго, каб палегчыць жыццё людзям, якія вызваліліся з турмы, дэмакратычныя сілы і дабрачынныя фонды могуць распрацаваць «трэк, па якім кожнаму, хто выходзіць, можна будзе дапамагчы сацыялізавацца». На думку Ігара, гэта павінна быць кансультацыя юрыста, «каб чалавек адразу не трапіў у якую-небудзь гісторыю», абавязковая псіхалагічная падтрымка, кансультаванне па пытаннях віз, выездаў і магчымай фінансавай дапамогі.


На яго думку, таксама важна даць людзям, уцекачам з Беларусі, жыллё на першыя пару месяцаў, каб яны маглі агледзецца ў новай краіне. «Неяк дапамагчы знайсці сябе як прафесіянала, можа, прапаноўваць нейкія курсы, вакансіі, фінансавую падтрымку на першы час», — прапануе суразмоўца «Нямецкай хвалі».