Былы палітвязень: «Чым большы тэрмін — тым большы шнар на псіхіцы»

Артур Хацько працаваў кіроўцам у Мінску, расціў з жонкай маленькую дачку і да 2020 года не надта цікавіўся палітыкай. Але ў 2021-м мужчыну затрымалі, жорстка збілі і кінулі за краты на два гады.  

Артур Хацько

Артур Хацько


Былому палітзняволенаму Артуру Хацько 34 гады, ён жанаты і мае маленькую дачку. Мужчына выйшаў на волю сёлета 13 сакавіка і праз пагрозу далейшага пераследу амаль адразу з’ехаў з роднымі ў Польшчу. Артур шукае працу ў новай краіне, збіраецца вывучаць польскую мову і першы час працаваць кіроўцам таксі.

Да 2020 года ў Артура было спакойнае ўладкаванае жыццё. Раней мужчына працаваў у прыватнай фірме, займаўся медыцынскімі перавозкамі. Заняты працоўнымі і сямейнымі клопатамі, раней ён не паглыбляўся ў палітычную сітуацыю ў краіне, хаця і кажа, што ўлада гэтая ніколі яму не падабалася, але хутчэй з эканамічных прычынаў. Артур узгадвае, што прагаласаваў за Лукашэнку аднойчы ў жыцці — пад прымусам, падчас службы ў арміі.

Здаецца, гэта было ў 2010-м, — кажа мужчына. — У нас праходзіла датэрміновае галасаванне ў вайсковай частцы. Тады так і казалі — самі разумееце, за каго галасаваць, і пагражалі непрыемнасцямі ў выпадку, калі прагаласуем за іншага. Але ўсе мы ведаем, што ён сам сябе выбірае, таму паставіў бы я за яго ці супраць усіх — не істотна.

Тым не менш 9 жніўня 2020-га Артур Хацько на выбарчым участку ў Мінску пакінуў свой голас за Святлану Ціханоўскую і пайшоў у цэнтр горада, ахопленага пратэстам.

9 жніўня горад нагадваў арэну вайсковых дзеянняў, — кажа Артур. — Паўсюль нейкія выбухі, проста жах. Але нашмат больш страшна было 10-га, ля «Рыгі». Памятаю, толькі паварочваю галаву — і каля мяне выбухае светлашумавы пакет. Я быў на некаторы час аслеплены і аглушаны, добра што людзі, якія былі побач, дапамаглі. Тады мне яшчэ крыху зачапіла нагу, аскепкам у галаву прыляцела, але гэта ўжо пазней заўважыў, калі дадому прыйшоў.

Мужчына кажа, што састаяў у чаце «Кіроўцы 97» і праз яго дапамагаў эвакуяваць з пратэстаў людзей, якія хаваліся ад сілавікоў. А яшчэ перадаваў інфармацыю для кіроўцаў таго ж чату пра сітуацыю на мінскіх дарогах.

Артура Хацько затрымалі 10 чэрвеня 2021 года. Пазней яму выставілі абвінавачанне па «народным» артыкуле 342 («Арганізацыя альбо актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Таксама суд абвінаваціў мужчыну ў парушэнні працы грамадскага транспарта. «Неаднаразова з 31 жніўня 2020 года па 31 красавіка 2021 года Хацько размяшчаў у чатах «Кіроўцы 97», «Ваенны гарадок Уручча паведамленні з прапановамі аб блакіроўцы руху транспарту, арганізацыі масавых мерапрыемстваў», — запісана ў абвінавачанні. Матэрыяльны пазоў «Мінсктранса» склаў 237 099 руб. 99 кап. Пракурор запытаў для Артура Хацько два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля актыўнай фазы пратэстаў 2020-2021 Артур з сям’ёй заставаліся жыць у Мінску.

Была думка, што могуць затрымаць, але здавалася, што ёсць яшчэ час, — кажа ён. — Жонка павінна была давучыцца ва ўніверсітэце, яна была на апошнім курсе. Думаў, што з’едзем, калі яна атрымае дыплом. Але атрымалася ўзё інакш, не вельмі добра, — уздыхае мужчына.

Артур кажа, што само затрыманне было надзвычай жорсткім.

Раніцай я, як звычайна, збіраўся на працу. Выйшаў з дома, не дайшоў да машыны 10 метраў — ззаду наляцелі ўтраіх і пачалі дубасіць. Па галаве, па ўсім. Потым падляцеў бус, з яго выйшаў вялізны такі міліцыянт — і разам яны мяне ў гэты бус напаўжывога зацягнулі. Потым ужо я паглядзеў відэа, як яны мяне затрымлівалі – жорстка, канечне. Хаця на відэа яшчэ мяккая частка.

Калі пасадзілі мяне ў гэты бусік, апранулі наручнікі і пачалі выбіваць з мяне пароль ад тэлеграма. Тут хачу сказаць вялікі дзякуй нашым кіберпартызанам, бо загадзя, на ўсялякі выпадак усталяваў іх прыкладанне — «партызанскі» тэлеграм. У выніку я даў міліцыянтам няправільны пароль, яны яго ўвялі і з гэтага моманту тэлеграм ужо мне не належыў — і ў іх да яго доступу не было. А маім знаёмым адразу ж было разасланае паведамленне пра тое, што мяне схапілі.

У бусіку яны працягвалі біць мяне — націскалі на наручнікі нагой, білі нагамі ў жывот і грудзі. Потым на тым жа бусіку пад’ехалі да мойго дома і пайшлі рабіць вобшук. Вобшук цягнуўся недзе гадзіны 4. Жонка і дачка былі дома, маленькае дзіцё моцна спужалі, яна хавалася за канапай. У выніку сілавікі знайшлі маю страйкболаўскую экіпіроўку — было ў мяне даўняе хобі. Я там падчас вобшуку не прысутнічаў — увесь час быў у гэтым бусе. Яны здзекаваліся з мяне проста ад няма чаго рабіць. Білі, але так, каб па твары асабліва не было бачна. У выніку недзе больш за гадзіну я прастаяў у гэтым бусе на каленях. Не давалі ні ўстаць, ні сесці, ногі проста не слухаліся. А яшчэ пагражалі, маўляў, ну што, яшчэ пакатаемся па МКАДзе? Выбірай,  унутранае кола альбо знешняе — такія вось пытанні задавалі.

А потым яны прывезлі мяне ў ГУБАЗіК. Адзін з сілавікоў зняў з сябе аднаразовую маску і павесіў яе мне на твар. У мяне быў разбіты нос, кроў цякла. І на цішотцы была, але цішотка чорная, на ёй не бачна. З гэтай маскай я і даваў паказанні ў ГУБАЗіКу. Прымусілі мяне на відэа зачытаць ім «прызнанку». Зачытаў. Тэкст яны самі пішуць. У такім вялізным стрэсе не разумееш нічога. Калі мяне з таго буса дасталі — ледзь хадзіць здолеў. Не запісаць гэтае відэа немагчыма. Але і тады я разумеў, што галоўнае — неяк мінізаваць для сябе наступствы і, што яшчэ больш істотна, нікога не падставіць.

Прозвішчаў тых, хто з мяне здзекаваўся ў ГУБАЗіКу, я не запомніў, ды і не было тады такой думкі. Адзіная дэталь, якая кінулася ў вочы — у тумбачцы ў мянта быў кубак з надпісам НКУС.

Пасля ГУБАЗіКа мужчыну павезлі на Акрэсціна. Там ён пазнаёміўся з Анатолем Лябедзькам.

На Акрэсціна не білі, але ўмовы там былі проста жудасныя, — узгадвае мужчына. У камеры на 4 чалавекі было чалавек 15-17. Уначы быў страшэнны холад, акно было адчыненае. Зачынялі яго ўсялякімі падручнымі сродкамі.

Пасля 10 сутак на Акрэсціна Артура перавялі ў Баранавічы — яшчэ на некалькі сутак.

Там у мяне суд праз ментаўскі айфон адбыўся, і далі яшчэ 10 сутак, — узгадвае былы палітвязень. — А пасля за мной прыехаў ГУБАЗіК — і зноў павезлі да іх, запісваць паказанні. Там мне далі падпісаць нейкую паперку — яўка з павінай ці штосьці такое, нават ужо і не памятаю. Казалі, што альбо падпішу, альбо будзе дрэнна. Як бывае дрэнна, я ўжо ведаў. Гэта ўсё, дарэчы, было прыблізна тады, калі ў Мінску пасадзілі самалёт Ryanair. Пра гэта я даведаўся, таму што ГУБАЗіКаўцы паміж сабой абмяркоўвалі, ганарыліся.

Пасля ГУБАЗіКа мужчыну павезлі да Валадарку. Артур узгадвае, што там, у СІЗА, адбылося іх першае кароткатэрміновае спатканне з жонкай пасля затрымання.

Гэтая першая сустрэча была вельмі эмацыйнай, — кажа былы палітвязень. — Памятаю, што там я адчуваў сябе вельмі добра яшчэ і таму, што побач проста не было ніякага губазікаўца. Канвойныя, якія працуюць на Валадарскага, такой небяспекі не нясуць. Гэта проста людзі, якія выконваюць каманды. Былі з іх, вядома, і фанацікі, але гэта хутчэй выключэнне.

Але ёсць і супрацоўнікі (ад лейтэнанта да маёра), якія таксама ненавідзяць гэтую ўладу, з імі цікава было перакінуцца парай слоў.



_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Артур Хацько кажа, што падчас яго зняволення сям’і было вельмі цяжка яшчэ і таму, што яна была пазбаўленная кармільца.

Добра, што дапамагалі фонды падтрымкі палітычных, — кажа мужчына.

Гэта, вядома, вельмі істотна, каб пра палітычных не забывалі. Вядома ж, яшчэ не ўсіх прызнаюць — увогуле не зразумелая сістэма. Ды і не кожны хоча, каб яго прызнавалі. Многія стараюцца пакінуць сабе такое «аварыйнае выйсце», маўляў, а можа яшчэ атрымаецца саскочыць з рэальнага тэрміну. Да суда жонка пыталася ў мяне, ці варта падаваць у спісы палітвязняў. Я сказаў тады — давай пачакаем, калі па-чалавечы з імі разыдземся, то-бок калі дадуць, скажам, «хатнюю хімію» — тады і ладна. Але калі ўжо далі мне тыя два гады – зразумеў, што я дакладна палітвязень. Бо так абсурдна толькі палітвязняў судзяць. Таму дзякуй вялікі фондам, што дапамагалі маёй сям’і як маглі — гэта было надзвычай істотна.

У Бабруйскай калоніі Артура неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

— ШІЗА уяўляе сабой пакойчык прыблізна 4 на 3. Там немагчыма халодна, спаць даводзіцца на метале. Калі трапляеш у ШІЗА ў міжсезонне — гэта проста жах. Тады трэба хаця б адціскацца ці бегчы на месцы, таму што сядзець немагчыма — становіцца люта халодна. Спалі людзі на падлозе — яна драўляная, там цяплей. Вентыляцыі там ніякай, калі сходзіш у туалет, знаходзіцца там далей ужо зусім цяжка. Асвятленне такое, што зрок садзіцца вельмі хутка.

У першы раз я ўвогуле не зразумеў, чаму мяне змяцілі ў ШІЗА. Казалі, нібыта нельга было птушак карміць. А бывае, застаецца крыху хлеба — не выкідваў, кідаў птушкам. А так, на лагеры заўжды ёсць «шасцёркі», якія ўсе дробязі дакладваюць аператыўнікам. Па сутнасці, яны могуць любога чалавека туды кінуць хоць і за проста так.

Часам кідалі ў ШІЗА і за тое, напрыклад, што нібы не захацеў прыбіраць у прыбіральні. Хаця ў лагерах жывуць па паняццях, згодна з якімі ўборка туалета азначае вельмі нізкі статус сярод сукамернікаў. Нізкі статус звычайна маюць тыя, хто гвалцяць дзяцей. Сапраўдныя злачынцы. Іх на зоне называюць пеўнямі. І тады выбірай — альбо нізкі статус, альбо ў ШІЗА. У асноўным людзі выбіраюць, вядома ж, ШІЗА. Інакш адносіны да сядзельца ад сукамернікаў будуць проста бесчалавечныя.

На Валадарцы я ў ШІЗА не трапляў, таму не магу сказаць, як там. А ў бабруйскай калоніі яшчэ быў аператыўнік — Калеснікаў Юры Аляксандравіч. Вельмі хітры чалавек. Не ведаю, робіць ён усё гэта па загаду ці па асабістым жаданні, але «шасцёркі» ўсё даносяць яму на людзей. Там паўсюль, ва ўсіх сценаў ёсць вушы. Паразмаўляць з кімсьці тэт-а-тэт амаль немагчыма, толькі калі схавацца недзе.

Дарэчы, хадзілі чуткі перад маім вызваленнем, што хутка ў атрадах будуць усталёўваць камеры назірання і тады парушэнні можна будзе кругласуткава штампаваць.

ШІЗА — гэта маленькі будынак, які заўсёды павінен быць напоўнены парушальнікамі. Калі парушальнікаў няма, значыць, не дапрацоўвае рэжымны аддзел.

Бабруйскую калонію Артур Хацько называе выключна лагерам.

Гэта па сутнасці ўнук савецкага лагера. Розніцы амаль ніякай па маіх адчуваннях, — кажа мужчына. — Жыццё у лагеры — гэта не жыццё, проста выжыванне. 6 месяцаў я правёў у СІЗА і год і 2 месяцы — у бабруйскім лагеры. У любым выпадку, чым большы тэрмін — тым большы шнар. Тым больш на псіхіцы чалавека застаецца такіх жудасных адбіткаў. Нехта не вытрымлівае, ламаецца псіхалагічна. Часам хочаш з чалавекам проста паразмаўляць, а ён ажно адштурхоўваецца, маўляў, «не трэба, не трэба, потым будуць праблемы».

Бабруйская калонія называецца папраўчай. Але не выпраўляе яна анічога, толькі калечыць людзей. Людзей, сапраўдных злачынцаў, ні ў чым не пераконваюць — іх проста пераследуюць і ні за што караюць. На зоне не працуе ніякі псіхолаг, хаця ён павінны працаваць, ведаць, што адбываецца на душы ў сядзельца. Таму ўся гэтая «папраўчая» палітыка не працуе абсалютна. Чалавек проста губляе там час, проста стараецца неяк выжыць.

Медыцына там проста ніякая. Калі звяртаешся з нейкай праблемай — лекара трэба чакаць месяц, а тое і больш. Са стаматалогіяй увогуле бяда — лекаванне залежыць ад тэрміна вязня. Калі, напрыклад, баліць зуб, але сядзець засталося паўгода, лекар кажа — ну, пацяпі, на волі палечыш. Вось і ўсё медыцына. У горшых выпадках могуць даць нешта ад болю, а калі зусім дрэнна — антыбіётыкі.

Артур выйшаў на волю 13 сакавіка, але мужчына кажа, што заўжды меў надзею на тое, каб выйсці раней.

— Сядзеў у СІЗА і думаў, ну, можа зараз народ ўздымецца, бо людзі ж разумеюць, што і па іх прыйдуць, трэба нешта рабіць. Але нічога такога не дачакаўся. Ну і маленькая надзея была, пакуль сядзеў на лагеры — раптам нешта такое адбудзецца, што нас усіх палітычных выпусцяць. Усе палітычныя там жывуць такой надзеяй. Без надзеі там вельмі складана.

Артур з’ехаў за мяжу амаль адразу пасля таго, як выйшаў на волю. Эвакуявацца мужчыне дапамог адзін з беларускіх фондаў, за што ён вельмі ўдзячны. За Артурам выехала яго жонка і чатырохгадовая дачка. Зараз сям’я ўладкоўвае новае жыццё ў польскай сталіцы, Артур спадзяецца як мага хутчэй знайсці працу і радуецца таму, што дачка нарэшце зноў пазнае ў ім тату.