Святлана Курс: Права на маўчанне — гэта таксама права, часам не меншае за права гаварыць
Пісьменіца Святлана Курс за словам у кішэню не лезе — гэта дакладна не той чалавек, які маўчыць. Таму нечакана, што менавіта яна выступіла адкаватам маўчання беларусаў — і напісала кранальную калонку для K*ky.org аб тым, чаму мы ўсе можам сабе дазволіць права на сацыяльную цішыню.
Маўчаньне — не заўжды сінонім абыякавасьці
«Бойцеся абыякавых — яны не забіваюць і не здраджваюць, але толькі з іх маўклівай згоды існуе на зямлі здрада і забойства», — пісаў антыфашыст Бруна Ясенскі.
У 2022 годзе ў беларусаў адабралі апошняе — добрае імя.
Рэжым упусьціў у краіну акупацыйныя расейскія войскі, якія з нашай зямлі — і
нібыта з нашай маўклівай згоды — рынуліся ва Ўкраіну. Расейскія войскі, якія
стаялі ў Беларусі, здзейсьнілі акты генацыду ў Бучы, Ірпені, Барадзянцы, у
сотнях гарадоў і вёсак Украіны. Украінцы нам гэтага не даруюць, вінавацяць нас
у маўчаньні.
Так, маўчаньне спрадвеку трактавалася як знак згоды,
пачынаючы ад Сафокла: «Хіба ты не разумееш, што маўчаньнем ты згаджаешся з
абвінаваўцам?» Папа Рымскі Баніфацый VIII у XIII
стагоддзі пацьвердзіў: Silentium videtur confessio
[маўчаньне — знак згоды].
Але вялікай памылкай пры ацэнцы чалавека з’яўляецца
неразуменьне іншай прыроды маўчаньня. Маўчаньне не заўжды сінонім абыякавасьці.
Cum tacent,
clamant — маўклівы крык
Выратавальнікі на водах пацьвердзяць вам, што тонучы чалавек
маўчыць, таму што ўсе яго сілы скіраваны на тое, каб трымаць рот і нос над
вадой. Маўчаць і тыя, у каго зашыты рот, у каго адрэзаны язык — у тым ліку
«язык-мова» як сыгнальная сістэма.
Беларусам імкнуцца яго адрэзаць ды ўшыць пратэз. У краіне
знішчаная сістэма адукацыі на беларускай мове — пачынаючы ад дзіцячых ясляў і
заканчваючы ўніверсітэтам, кнігавыдавецтвы рэпрэсаваныя, медыя прызнаныя
«экстрэмісцкімі», за кратамі больш за 30 журналістаў. Улада працягвае разумна і
мэтаскіравана біць па найважнейшых знаках. Дэмантаваны помнік Ларысе Геніюш,
якая не маўчала нават перад Сталіным. Беларуская лацінка ў тапаграфічных назвах
змяняецца на няўцямную транскрыпцыю, якую да таго дазволена рабіць з расейскай
мовы.
«Абрыдлі вы са сваёй мовай!» — скажа нехта. Хіба гэта мае
значэньне? От жа мае, таму што самі расейцы ўсе свае войны ўсчынаюць з мэтай
этнацыду і павольнага зьнішчэньня любой іншай ідэнтычнасьці. Чамусьці ж для іх
выдуманае «уничтожение русского языка на Донбассе» паслужыла як casus belli [ваенны інцыдэнт].
Ёсьць легенда, што апошні прускі бард сьпяваў свае
вызвольныя песьні на роднай балцкай мове, але людзі яго не разумелі, абыякава
міналі, і толькі два п’яныя наёмнікі са сьмехам шпурнулі яму ў шапку жменю
арэхавых шкарлупінаў.
Людзі маўчаць, бо баяцца за блізкіх. Улады даюць сталінскія
тэрміны ды штрафы тым, хто спрабуе бараніць сябе і людзей.
Другая прычына маўчаньня — паралюш
Неабыякавы чалавек рэагуе на такі ўзровень гвалту і несправядлівасьці паралюшом, нават калі ён свабодны і бясьпечны. Калі я напісала ў фэйсбуку: «Беларусы, я ведаю, чаму вы маўчыце», — атрымала мноства водгукаў. Самы папулярны – такі: «Я не магу цяпер казаць пра ўсе гэтыя зверствы. Няма рэсурсу і расказваць пра сябе. Некаторыя ўспрымаюць гэта як ігнор. Але мне пакуль няма чым, няма як гаварыць».
Гэты фэномэн дакладна апісаў Максім Багдановіч яшчэ ў
1900-х.
Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі, —
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды,
Ўвесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны «Ратуйце!»
І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
Беларусы маўчаць, таму што яны ў адчаі, але яшчэ і таму, што
накопліваюць сілы
Таму што мы ўжо 229 год марым вырвацца з-пад імперыі, якая вядзе супраць нас ціхі этнацыд. «Перамога Ўкраіны ў поўнамаштабнай вайне патрэбная не толькі Кіеву, але і цывілізаванаму свету», — піша Снайдэр. Яна патрэбная і беларусам. Такі зваротны бок нашага маўчаньня, які агледзеў Колас у 1906-м:
Я — мужык, і гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Што тычыцца словаў Бруна Ясенскага з пачатку тэксту — дык гэта аўтаэпіграф да антыфашысцкага рамана «Змова абыякавых», які пісьменьнік пісаў у 1935-1937 гадах, жывучы ў Савецкім Саюзе (ды так і ня скончыў). Месца і час напісання дэзавуююць тэзіс, нібыта маўчанне — знак згоды. Часта — цалкам наадварот, таму ўлады ўсяляк змушаюць ад крыкаў падтрымкі, як змушалі Янку Купалу ў 1930-х, праз што той спрабаваў забіць сябе, але ўрэшце скарыўся і пачаў пісаць «дрындушкі» заміж вершаў:
Паўстаў народ мой беларускі гераічны,
Дзяды, унукі, ўнучкі — усе паўсталі
На вечавы кліч, кліч бадзёры і вялічны,
Які нам кінуў правадыр наш родны Сталін.
Як змушаюць людзей да пакаяльных відэа, пазбаўляючы іх нават
права на маўчаньне — гэта таксама права, часам ня меншае за права гаварыць.