Святлана Курс: «З Беларусі ўжо два гады даносіцца хруст касцей»
«З кожным годам на Акрэсціна вучыліся, як найлепей душыць, труціць, прыніжаць і марудна забіваць людзей. І цяпер дасягнулі майстэрства, блізкага да асвенцымскага», — разважае пісьменніца і кажа, што ведала: сілавікі будуць збіваць, будуць страляць, расчляняць, удушаць, трымаць у каробках нязгодных.
Беларуская пісьменніца Святлана Курс разважае пра вёску, жорсткасць сілавікоў і свабоду.
— Вёска — гэта месца, дзе вельмі шмат рамантызму і глыбокіх паталогій, знітаванае ў адно, — апісвае ментальнасць беларускіх сялян пісьменніца Святлана Курс на канале ТОК. — Гэты рамантызм паталогій — гэта цэласная з’ява. Раздзяліць гэта немагчыма.
З аднаго боку — рамантызм, з другога боку — паталогія, з аднаго боку — сентыментальнасць, з другога — проста свінячая жорсткасць, звярыная жорсткасць. І ўсё гэта злепленае ў адзін ком, і ты не разбярэш нічога. Трэба гэта ўспрымаць у комплексе.
Як вылечыць вёску ад гэтага? Трэба памяняць уклад беларускай вёскі, даць надзею людзям. Цяпер гэтыя людзі надзеі асабліва не маюць, яны прывыклі жыць так, як іх прывучылі: без асаблівай надзеі, з кароткай маладосцю, з кароткім сталым векам і з кароткай старасцю.
А нават той, хто і доўга жыве, ён настолькі замучаны пастаяннымі хваробамі ад цяжкай працы, кепскага харчавання, алкагалізму, абсалютна бяздарнай і беднай медыцыны, што якое там жыццё — круком скруцішся.
У адной са сваіх кніг я апісвала выпадак, які памятаю дагэтуль. Мужык малады, 50-55 гадоў, яму расперла ногі, едзе лячыцца ў бальніцу за 180 кіламетраў, бо за 30 кіламетраў спецыяліста няма. І ён едзе і хваліць «які маладзец Лукашэначка і ў якой мы цудоўнай краіне жывем».
Я кажу: «Дзядзька, калі мы жывем у такой цудоўнай краіне, то куды вы з такімі нагамі сам валачыцеся за 180 кіламетраў?». Адказвае: «А гэта зусім іншая справа».
Што можа стаць гэтай надзеяй для людзей? Толькі свабода і дэмакратыя. Гэта гучыць нібыта высакапарна і адарвана ад зямлі, але чалавек можа развівацца і заставацца гуманнай істотай толькі ва ўмовах свабоды, выбару і дэмакратыі. А ў тых людзей выбару няма.
***
Пісьменніца расказвае пра свае глыбокія перажыванні падчас падзей 2020 года ў Беларусі, за якімі яна сачыла з Польшчы.
— Я глядзела на ўсё гэта з Варшавы, не прыязджала. Мне было, з аднаго боку, радасна, а з другога — «крывёй і брудам нам станецца радасць і доўгачаканая воля». Нам было і радасна, і цяжка. Я так за іх баялася, за ўсіх.
І цяпер сапраўды з Беларусі ўжо два гады як даносіцца хруст касцей. Я ведала, што яны будуць збіваць, будуць страляць, будуць вешаць, расчляняць, удушаць, трымаць у каробках, таму што я сядзела на Акрэсціна трое сутак (у 1998 годзе), але мне хапіла, каб зразумець, як гэта і што гэта будзе.
І з кожным годам яны на Акрэсціна вучыліся, як найлепей душыць, труціць, прыніжаць і марудна забіваць людзей. І цяпер дасягнулі майстэрства, блізкага да асвенцымскага. З тых часоў, калі я сядзела, яны за 20 гадоў давялі да перфекцыянізму, — з болем назірае Святлана Курс.
***
Па-філасофску яна распавядае пра патрыятызм:
— Чалавек больш складаны, чым патрыятызм у ім. Чаму для нас цяпер такі важны патрыятызм і чаму мы так зацята ўчапіліся ў нашу радзіму? Таму што ў нас з рук яе рвуць, з сэрца яе вырываюць. Таму мы настолькі ў яе ўчэпленыя, ужытыя.
А ўявіце сабе, каб Беларусь была вольная, як у 90-я гады, каб яна была шчаслівая, то кожны бы жыў, дзе хацеў, і працаваў бы на карысць сусвету і гэтай самай Беларусі. І падарожнічаў бы, і шукаў бы краіну свайго сэрца, і вяртаўся назад, як гэта адбываецца ва ўсім нармальным свеце.
Нарадзіўся ты ў штаце Тэнесі і палюбіў Іспанію — пераедзеш у Іспанію і будзеш працаваць. А хочаш — вернешся, і гэтак далей, — прыводзіць прыклад пісьменніца.
Паводле gazetaby.com