«Цішачкін сказаў: «А вы должны страдать». Наста Лойка расказала пра 30 сутак на Акрэсціна
Праваабаронца Наста Лойка распавяла, у якіх умовах яна правяла 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
«Учора
(06.10.2022) мяне выпусьцілі пасьля 30 сутак арышту, — пішаНаста Лойка. — Я прастуджаная і з
праблемамі са здароўем, але маральна цэлая. Мне вельмі пашанцавала — мяне ня
білі (два разы была на мяжы, як мне падавалася ў Фрунзенскім РУУСе) і ўсе суткі я
прасядзела ў непалітычнай камеры (то-бок сьвятло на ноч выключалі і пераклічку
па начах не рабілі).
І яшчэ з важнага — дома мяне чакала паперка з СК ад 05.09, што ў дачыненьні дла мяне спыненая
крыміналка. І забарону на выезд зьнялі. Прам кайф.
Трошкі распавяду
пра самыя папулярныя пытаньні)
1. Затрыманьне
Пасьля прысуду Марфе я прывяла Вадзіма ў пакой
у судзе, дзе аддаюць заявы на спатканьне (сектар крымінальных справаў на першым
паверсе). Пры мне супрацоўнік РУУСа ў штацкім стаў затрымліваць цётку Сашы
Францкевіча. У мяне спрацавала прафдэфармацыя, і я спытала «хто вы і куды яе
вядзеце», на што атрымала адказ «пошли всё покажу». Так нас затрымалі, 15
чалавек. У тым ліку дзвюх мам абвінавачаных па справе, аднаго тату, адну прадстаўніцу
Эўракамісіі.
2. У РУУСе ў мяне была размова з замаскіраваным
супрацоўнікам ГУБАЗіКа ў масцы. Ён завёў мяне ў пакой і адразу паглядзеў па
кутах, ці няма там камер. Стала стромна. Я доўга не давала пароль ад тэлефона,
але мяне хапіла толькі на 15 хвілін. Ён мяне абражаў і гучна стукнуў далоньню
па стале каля мяне. Раней я ўяўляла, што вытрымаю нават зьбіцьцё, але
рэальнасьць апынулася іншай. Ён паглядзеў галерэю з фота, «інсту» (сторысы ў
архіве). Нічога не знайшоў.
3. Праз чатыры гадзіны ўсіх выпусьцілі, акрамя Дзяніса зь Берасьця, у якога знайшлі спасылку на сайт «Вясны» ў перапісцы год таму, і мяне. На мяне супрацоўнік ГУБАЗіКа сказаў руусаўскім скласьці два пратаколы. Доўга думалі, што мне напісаць, па выніку «я крычала і раскідвала паперы са стала».
4. Я шмат разоў была затрыманая і шмат у якіх месцах бывала. Але пакуль што Фрунзенскі РУУС для мяне — філіял пекла ў Менску. На жаль, я не магу пакуль пісаць падрабязна — супрацоўнікі вельмі прасілі ў інтэрвію пра іх не казаць, бо «начальства прачытае і прад’явіць ім што-небудзь». Агучу потым, проста гэта непрыемнае месца, дзе я правяла першыя паўтара сутак і яшчэ паўтара пры перазатрыманьні 21-22 верасьня. Добра, што я жыву ў іншым раёне.
5. Я была затрыманая перад днём гораду, калі
ГУУС прыдумаў прыўкрасную «спецаперацыю БОМЖ» (як жа я ненавіджу гэта слова, лічу
некарэктнай лексікай і ўсё такое, таплю за слова «бяздомныя»). Пра гэта я б напісала доўга і асобна, але паміж раёнамі зрабілі спаборніцтва — людзей
забіралі цьвярозых з дома (калі былі прывады раней), падпітых ці неакуратнага
выгляду на вуліцах, проста каб зрабіць статыстыку. Пратаколы пад капірку — яшчэ
горш, чым з палітычнымі, карацей. Фрунзенскі як заўжды зрабіў добрыя лічбы, а я
злавіла перанаселенасьць на ЦІПе.
6. Па дарозе ў ЦІП я баўтала з маім «падзельнікам» і яшчэ адным «палітычным» Міхаілам, якога перазатрымлівалі за
рэпосты ўжо трэці раз (больш за 40 сутак ужо адседзеў). Міхаіл распавядаў, як
кепска ў «палітычных» камерах, у там ліку жаночай нумар 15: мала месца і шмат
людзей, сьвятло не выключаюць на ноч, у 2 і 4 ночы пераклічка, кепскае
стаўленьне, часам няма гарачай вады і зламаныя ракавіны, падкідваюць самых
недагледжаных людзей для праформы. Я ўжо дыхала глыбей.
7. Я была на ЦІПе ў 2008 годзе яшчэ да рамонту, трое сутак. Знаёмства з новым ЦІПам пачалося
з прагулачнага дворыку каля 18 гадзін вечара, а ў камеру патрапіла за 10 хвілін
да адбою (21:50). Да гэтага мяне цалкам распранулі, прысяданьне, прашчупалі
вопратку. Супрацоўніца спытала: «А вы за што?» — адразу зразумела, што я «кантрольная бчб». З парога камеры 9 я зразумела, што мне пашанцавала — гэта
так званая «працоўная камера», адкуль людзі езьдзяць працаваць на звалку, а
значыць, ёсьць шанец быць апранутай пацяплей у нейкай перспектыве і не чакаць
начных пераклічак. Мяне добра сустрэлі, хаця на 4 месцы я была 15-я. Матрасаў не
было ад учора там. Спаць мне прапанавалі на стале — я наліла ў 1,5 літровую
бутэльку яшчэ з РУУСа цёплай вады і ў абдымку спрабавала спаць.
8. Адна ёга-трэнерка любіла паўтараць, што трэба
заўжды сядзець на цьвёрдых паверхнях. Марыя, я 30 сутак была толькі на
такіх! Адзінае, што на металічных нарах прамавугольныя насьцілы, спаць і
холадна і балюча, але што рабіць. Большую частку сутак я праспала зь кімсьці на другім паверсе нараў («пальма») — так было цяплей.
9. На сёмыя суткі мне прывезьлі са звалкі зімовую
куртку — на той момант я ўжо з тэмпературай і кашлем не даю спаць па начах.
10. 14 верасня нам у камеры павесілі паперку прыблізна наступнага зьместу:
Утверждено
начальником ЦИП
ГУВД Мингорисполкома
Майром милиции Е.
А. Шапетько
14.09.2022
подпись
РАСПОРЯДОК ДНЯ
для лиц,
содержащихся в Центре изоляции правонарушителей ГУВД Мингорисполкома
1. Подъём 6.00-6.10
2. Утренний туалет, уборка камер, уборка
территории 6.10-8.00
3. Завтрак 7.45-9:00
4. Медицинский осмотр 8.00-11.00
5. Вывод лиц на физические работы 9.00-10.00
6. Встречи з защитниками и адвокатами 9.00-17.00
7. Физические работы 9.00-18:00
8. Санитарная обработка, принятие душа 11:00-13:30
9. Ежедневные прогулки согласно графику
10. Обед 13:20-15:30
11. Санитарная обработка, принятие душа 16:30-17:00
12. Ужин 17:20-18:30
13. Кормление лиц, прибывших с физических
работ 15:00-18:30
14. Проверка 20.00-21.00
15. Отдых 22.00-06.00.
Три раза
в день надо производить санитарную обработку коридоров (в 10, 13 и 16) и что
ответственный дежурный.
Правила могут
меняться, исходя из складывающейся ситуации по согласованию с начальником ЦИПа.
Курение в камерах
строго запрещено.
Курение разрешено
только во время прогулки.
Зам начальника
А. А. Сазанович подпись
Як жа мяне бясіла
гэтая паперка! Канечне, ніякіх прагулак і вываду ў душ у нас не было. Навошта
так зьдзекавацца?
Рэальны
распарадак дня выглядаў такім чынам:
1. Пад’ём 6:00
2. Вывад на прыборку калідораў 6:30-7:00 (толькі
не «кантрольных», і за прыборку дзяўчынам давалі па пару цыгарэт у прагулачным
дворыку)
3. Чаканьне сьняданку 7:00-8:00
4. Сьняданак 8:00-8:30
5. Шмон і просьбы да фельчаркі на таблеткі й
мазі (яна не любіла прыходзіць асобна) 8:30-9:00
6. Перасьменка прадольных і вывад на працы «абавязаных» і каго бралі проста таму, што І. У. Цішачкін захацеў 8:00-9:00
7. Чаканьне абеду 9:00-14:00
8. Абед 14:00-15:30 (прашу зьвярнуць увагу на
перапынак са сьняданкам, на які давалі пару лыжак кашы і гарбату — каля 6
гадзін, голад быў мінімум 3 гадзіны)
9. Чаканьне вячэры
10. Вячэра 17:30-18:30
11. Чаканьне і кармленьне людзей
пасьля працы 18:00-20:00
12. Чаканьне вынасу сьмецьця
18:00-21:30
13. Вынас сьмецьця і чаканьне адбою
21:30-22:00 (ужо рубіць, бо заўжды былі нявыспаныя праз кепскія ўмовы, а ўдзень
часьцей за ўсё не дазвалялі прылегчы)
14. Доўгачаканы адбой 22:00-6:00
Паміж гэтым было
яшчэ:
Сьцірка ў вядры
Абмываньне ў прыбіральні ці ракавіне
Прагулкі каля «тармазоў» (дзьверы)
Зрэдку фізічныя практыкаваньні (я пад канец толькі трошкі рабіла, калі моцна апухлі ногі, больш гуляла)
Кнігі! Спачатку іх было дзве. Потым больш — за першыя 15 сутак я прачытала 9 кніг
Выпрошваньне паперы ў прыбіральню, мыла ці
хлоркі (штодзень)
Скаргі на болі ад матрасаў і што за ежу
за суткі трэба плаціць 16 рублёў
Прапановы Цішачкіна аплаціць суткі праз
родных і атрымаць матрац
15. Аднойчы я спытала ў Цішачкіна,
ці можна мне аплату і матрац. На што ён сказаў: «А вы должны страдать». З
гэтага моманту мне падалося, што над уваходам у ЦІП з дворыка вясіць вялікі
надпіс «чтобы страдали» — так я тлумачыла ўсім любое «а чаму тут…».
16. У камеры было шмат прусакоў,
клапоў, і часта жанчыны прыносілі з волі вошы (перажываю за дрэды дагэтуль). Па
загружанасьці — першы тыдзень нас было да 19 чалавек на чатыры месцы, потым перавялі
частку на ІЧУ і ў Магілёў, але ў сярэднім у камеры заўжды было 7-8 чалавек.
Часам вельмі напружных.
17. Самая непрыемная частка дня — шмон. Усіх выводзяць у калідор, мы становімся ўздоўж сьцяны пяткамі да чырвонай
рысы на падлозе, а рукі вышэй галавы на сьцяне далонямі да твару. Калі на
зьмене ёсьць жанчына — яна нас лапае, праводзіць ручным металашукальнікам,
потым загадвае разувацца і правярае металашукальнікам абутак. Потым дазваляюць
вярнуцца ў камеру, дзе нашыя рэчы раскіданыя па падлозе й кутах. Злосьць й
зьняважлівыя камэнтары не магла стрымаць нават я.
18. Асноўная выснова маіх сутак у
тым, што ў Беларусі пакутуюць ня толькі «палітычныя», а тысячы і тысячы іншых.
Схема такая: дзяржава прадае алкаголь і зарабляе на гэтым шмат грошай.
Спажыўцоў міліцыя ловіць і саджае на суткі. Потым забірае дзяцей і па Дэкрэце
прэзідэнта 18 робіць іх «абавязанымі асобамі», якія павінныя працаваць, каб
дзяржава забірала частку грошай на ўтрыманьне іх дзяцей. Потым за прагулы працы
іх саджаюць на «суткі». Потым саджаюць па крыміналцы. Потым за тры пратаколы за
алкаголь вязуць на ЛТП. А яшчэ за прагулы ім маюць права даць «суткі» інспектары!
Без суду! І часта даюць, калі яны ўжо на «сутках» — пад канец прыносяць так званыя «ДП». А зараз можна і да 45. Без судовага рашэньня!
19. Я чула аповеды пра гомельскую калонію,
рэчыцкую для рэцыдывістак, але ўсе яны казалі, што на ЛТП горш па стаўленьні і
бессэнсоўнасьці. Зараз на ЛТП даюць адразу на два гады.
20. Я спрабавала апісваць ім
кругаварот іх эксплуатацыі, але яны мяне не разумелі. Там былі ВІЧ-інфікаваныя
дзяўчыны (тры), дзяўчыны з унукамі ўжо у 32 ці 36 гадоў. Мне падаецца, я бачыла
ўсё.
21. Боль ад гэтай несправядлівасьці
да ўсіх трымае.
22. На 23-я суткі да нас у камеру
закінулі першую маю «палітычную» — на жаль, я яе ведала. Тут мы маглі ўжо шмат
пра што пагаварыць, бо раней размовы былі толькі пра калоніі, звалкі, мужыкоў і
як несправядліва затрымалі.
23. Ад яе расповедаў я канчаткова пераканалася, як мне пашанцавала, што мяне ня білі і не была ў 15-й камеры».